Жыхар Берасця ў касцюме ліса: У дзяцей забралі ляльку, якая раздавала ім балонікі
5- 12.11.2018, 21:44
- 13,267
Як цяпер у Беларусі выходзіць на вуліцу Дзядам Марозам, Снягуркам, зайцам?
Затрыманага амапаўцамі ў Берасці Канстанціна Астапука - чалавека ў касцюме ліса, вызвалілі з РАУС. Актывіст распавёў журналістам «Белсату» пра пагрозы з боку сілавікоў.
Астапук кажа, што 11 лістапада ён у касцюме ліса збіраўся ўжо пакідаць плошчу, як яго машыну заблакаваў амапаўскі бус, сілавікі зацягнулі яго ў сваё аўто.

Фото: «Белсат»
«Пагрозы пачаліся яшчэ па дарозе ў РАУС. Адзін з АМАПаўцаў сказаў, што мяне абвінавачваюць у крымінальным злачынстве, вось толькі ў якім – не ўдакладніў. Але я мяркую гэта – пагроза», – распавёў Канстанцін Астапук.
«Запалохванні працягнуліся і ў самім РАУСе. Тут са мною вёў «размову» намеснік начальніка РАУС Мікалай Самасюк. Спачатку міліцыянт спытаў у мяне як справы, а потым раптам пачаў задаваць пытанні кшталту, як я стаўлюся да халоднай вады, да абліванняў, сказаў, што мяркуе нібыта я апынуся ў рацэ Мухавец, і што цяпер вада там вельмі халодная, і каб я збіраўся туды», – распавёў Астапук.
Канстацін мяркуе, што сітуацыя з затрыманнем і запалохваннем перакрочыла межы абсурду.
«У дзяцей забралі ляльку, якая гулялі з імі, і раздавала ім балонікі. Людзі пытаюцца ў мяне, як цяпер рыхтавацца да Новага году: як цяпер выходзіць на вуліцу дзядам Марозам, Снягуркам, зайцам? Самасюк усіх будзе хапаць?» – задаецца пытаннем Канстанцін Астапук.
У Берасці пасля сканчэння акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу 11 лістапада АМАП жорстка затрымаў чалавека ў касцюме ліса. Затрыманым аказаўся Канстанцін Астапук, ён правёў ноч і ІЧУ. 12 лістапада Канстанціна адпусцілі без складання пратаколу, але ўручылі позву ў РАУС на наступную нядзелю і забралі касцюм ліса.