Аперацыя M&M's у дзеянні: у Маскве масава адмяняюць рэйсы
8- 3.09.2026, 17:06
- 3,794
Сталіцу РФ атаквалі 548 дронаў.
У маскоўскіх аэрапортах з-за масіраванай атакі беспілотнікаў затрымалі як мінімум 59 рэйсаў. Паводле дадзеных анлайн-табло, якія вывучыла The Moscow Times, на 12:50 па Мінску 3 верасня з Внукава не змаглі вылецець 29 самалётаў, з Дамадзедава — 23, з Шарамецьева — 7.
Увечары ў сераду і раніцай у чацвер Расавіяцыя неаднаразова абмяжоўвала працу гэтых аэрапортаў з-за паветранай пагрозы. Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў апоўдні, што за суткі Узброеныя сілы Украіны запусцілі на сталіцу 548 дронаў: 143 з іх былі знішчаныя на падлёце, астатнія — на далёкіх рубяжах.
Збоі ў раскладзе маскоўскіх аэрапортаў пачаліся пасля 1 верасня, калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў, што расійскае неба становіцца «цалкам небяспечным» для грамадзянскай авіяцыі, і перавозчыкам давядзецца ўлічваць прысутнасць беспілотнікаў ЗСУ. Толькі ўначы 2 верасня, паводле Flightradar24, у Шарамецьеве быў адменены 21 рэйс і затрымана 235, а ў Внукаве — 22 і 94 адпаведна. У ноч на 3 верасня маскоўскі авіявузел ізноў апынуўся паралізаваным.
Пасля заявы Зяленскага Украіна паведаміла Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) пра небяспеку паветранай прасторы Расіі з-за «ўзмацнення вайсковай актыўнасці». Яна ў адказ заклікала свае краіны-члены «абароняць самалёты ад рызык у зонах канфлікту». Са свайго боку Расавіяцыя паведаміла авіякампаніям, што заявы Украіны пра «небяспеку» неба над Расіяй не маюць юрыдычнай сілы.
Тым часам найбуйнейшы прыватны перавозчык Турцыі Pegasus у ноч на 2 верасня разгарнуў некалькі самалётаў, што накіроўваліся ў Маскву, і адмяніў дзясяткі рэйсаў паміж рэспублікай і Расіяй, аднак пазней патлумачыў гэта «тэхнічнымі і аперацыйнымі прычынамі». Некалькі рэйсаў адмяніла таксама Turkish Airlines.
Крыніца The Atlantic у Кіеве паведаміла ў чацвер, што Украіна прыступіла да аперацыі па блакаванні аэрапортаў Масквы з дапамогай масіраваных атак беспілотнікаў. Раней паведамлялася, што аперацыя атрымала назву M&M's.
План, які распрацоўваўся як мінімум з пачатку 2026 года, прадугледжвае штодзённы запуск па авіявузле да 1 тыс. дронаў з штучным інтэлектам (ШІ). Такім чынам у Кіеве разлічваюць прымусіць замежныя авіякампаніі адмовіцца ад палётаў у Расію і прымусіць Уладзіміра Пуціна вярнуцца да перамоваў аб заканчэнні вайны.