27 красавiка 2024, Субота, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У насельнікаў Драздоў заўсёды было кепска з матэматыкай і пачуццём рэальнасці»

3
«У насельнікаў Драздоў заўсёды было кепска з матэматыкай і пачуццём рэальнасці»
АРХІЎНЫЯ ФОТА ONLINER.BY

Ды і экс-кіраўнік КДБ мала паходзіць на эстэта.

У рамках праекта «Дуэль» два аўтары «Cалiдарнасцi» з розных пазіцый ацэньваюць «элітны катэдж», які здае экс-кіраўнік КДБ.

Ганна Снежкіна: «Не магу адкараскацца ад паралеляў»

Гартаю альбом са здымкамі інтэр'ераў дома ў Драздах, які здае Сцяпан Сухарэнка, і аж перакручвае. Уся гэтая мэбля за тры капейкі, шпалеры-шторы-дываны - усё шэра-бура-малінавае, усе гэтыя карціны «з тыграмі» На сценах, і агулам, кожны пакой, як быццам «я цябе зляпіла з таго што было». Здавалася б, знешне чысценька, сімпатычна, па-еўрапейску, а ўнутры - калгас калгасам, хоць і з прыстаўкай «элітны». І весь гэты цуд за 3,5 тысячы даляраў на месяц.

Гляджу на дом, а думаю пра краіну. І не магу адкараскацца ад паралеляў.

Калега, абмяркоўваючы гэтую тэму ў Facebook, дзеліцца парай спасылак на дамы, якія здаюцца ў Францыі. Проста пакіну іх тут, для параўнання.

Віла ў цэнтры Нанта. 3650 еўраў на месяц, плошча дома 310 кв. метраў:

Віла ў Люзаршэ. 2995 еўраў за месяц, плошча дома 408 квадратных метраў. Здаецца без мэблі:

Вераніка Бялова: «Дык і экс-кіраўнік КДБ мала паходзіць на эстэта»

Пасыл пра тое, што інтэр'ер чыноўніка ў Драздах выглядае танна, выклікае некаторае здзіўленне. А вы як хацелі? Каб унутры былі дызайнерскія ўнітазы і карціны імпрэсіяністаў?

Як па мне, такая аскетычнасць інтэр'еру наадварот, яна павінна выклікаць павагу да чыноўніка, які не дазваляе сабе асабліва раскашаваць на грошы падаткааплатнікаў. Узгадайце, які шум падняўся, калі ў СМІ патрапілі фатаграфіі новабудоўлі будынка Вярхоўнага суда? Усе толькі і абмяркоўвалі крыштальную люстру за 90 тысяч даляраў і творы мастацтва, больш чым за 800 тысяч даляраў.

На гэтым фоне кандэлябры Сухарэнкі глядзяцца проста бліскуча з пункту гледжання сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Ну а тое, што густу ў інтэр'еры ягонага дома замала, дык і экс-кіраўнік КДБ мала паходзіць на эстэта і тонкага знатака прыгажосці. Як, зрэшты, і большасць дзеячаў, якія знаходзяцца сёння ля стырна.

Вядома, складана паверыць, што чалавек, які пабудаваў сабе такі дом з прэтэнзіяй (напэўна з прыцягненнем спецыялістаў), не захоча абставіць яго належным чынам, звярнуўшыся да дызайнера ці хаця б самастойна паспрабаваўшы забяспечыць яго «разыначкай» на ўласнае разуменне. Аднак ён нават не даў разгуляцца сваёй (і нашай) фантазіі. І ў гэтым нагадаў мне гісторыю аднаго знаёмага службоўца.

Калі да таго ў дом прыйшлі праваахоўнікі канфіскоўваць маёмасць, ягоны інтэр'ер выглядаў роўна так, як на фота з дому Сухарэнкі. Усё самае каштоўнае і дарагое было перавезенае ў катэдж, запісаны на дачку. Люстры замянілі на самыя танныя з рынку, набылі пару тумбачак, замест італійскай скураной канапы - беларускі гарнітур.

Наўрад ці сям'я Сцяпана Сухарэнкі чакае візіту людзей у пагонах. Але вельмі падобна на тое, што ўнутраная аздабленне дома першапачаткова рабілася ў эканом-варыянце «пад здачу» і ў сям'і экс-кіраўніка КДБ ёсць больш утульны куток «для жыцця».

Ну а тое, што ўся гэта «пышнасць» у Драздах здаецца за 3,5 тысячы даляраў - тут як раз нічога дзіўнага няма. У насельнікаў гэтага раёна заўсёды было кепска з матэматыкай і пачуццём рэальнасці.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках