26 красавiка 2024, Пятніца, 7:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры прыклады, калі «кітайскі вектар» вылез беларускім уладам бокам

39
Тры прыклады, калі «кітайскі вектар» вылез беларускім уладам бокам

Часцяком супрацоўніцтва з Паднябеснай прыносіць толькі страты.

Свежыя звесткі забілі апошні аптымізм з нагоды трох буйных заводаў. У Лукашэнкі, відавочна, ужо нават няма сіл абурацца, піша udf.by.

ФОТА: SVETLIK.BY

Нявызначанасць з Добрушскай папяровай фабрыкай

У аўторак 13 лістапада Лукашэнка пацікавіўся ў былога кіраўніка Добрушскага раёна Юрыя Дзяркачава, прызначанага старшынём Чачэрскага райвыканкама:

«З вашага пункту гледжання, што за праблема з Добрушам з будаўніцтвам (завода мелаваных і немелаваных відаў кардону ў філіяле «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы»)?»

ФОТА: TUT.BY

Юрый Дзяркачоў адкараскаўся агульнымі фразамі:

«Пабудаваны інтэрнаты, усё гатова да таго, каб прыняць рабочыя кадры, рэсурсы. Праблема невялікая з абсталяваннем па ўводу - наладка. Пытанне развязваецца на ўзроўні міністэрства. Падшукваецца арганізацыя, якая вырабіць наладку гэтага абсталявання».

Чыноўнік відавочна падхарашыў сітуацыю, і Лукашэнка не мог быць не ў курсе справы. «Невялікая» праблема на самай справе з'яўляецца велічэзнай.

Новы завод будавалі кітайцы за кітайскі ж крэдыт (блізу 350 млн даляраў). Першы скандал быў у 2015 годзе, калі некалькі сотняў кітайскіх рабочых у знак пратэсту супраць затрымкі выплаты заробкаў адправіліся пешшу з Добруша ў Гомель. У той год новы аб'ект насуперак планам так і не здалі.

Вясной гэтага года былы прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў прызнаў недарэчны пралік уладаў:

«Працу пачыналі ў 2012 годзе з кітайскай карпарацыяй «Сюань Юань», якая не мела доседу рэалізацыі такіх буйных праектаў. Вытворчасць дагэтуль не ўведзеная ў эксплуатацыю. Дамоўныя стасункі з кампаніяй спыненыя».

Урад прапанаваў дарабіць завод вядомай кітайскай карпарацыі CITIC Group. Пасля гэтага - цішыня. Як вынікае са слоў Юрыя Дзяркачава, што рабіць з аб'ектам, дакладна не ведаюць дагэтуль. А ўжо тры гады прайшло, як завод павінны былі здаць у эксплуатацыю.

Хаос на Светлагорскім ЦКК

13 лістапада таксама стала вядома, што вытворчасць на заводзе беленай цэлюлозы ў Светлагорску прыпыненая ў сувязі з неабходнасцю тэхнічных дапрацовак.

Дагэтуль мясцовыя жыхары абураліся смуродам з новага прадпрыемства.

У канцэрне «Беллеспаперапрам» распавялі, што на Светлагорскім ЦКК усталююць спецыяльнае амерыканскае абсталяванне, з дапамогай якога правядуць дэталёвы аналіз і кантроль стану атмасфернага паветра на прадпрыемстве і ў яго ваколіцах.

У той жа час ананімная крыніца паведаміла сайту Naviny.by:

«У пачатку лістапада кітайцы з'ехалі. А хто не з'ехаў - таго нядаўна выгналі. Прадпрыемства пачалі ахоўваць супрацоўнікі Дэпартамента аховы. А ахоўнікаў, якіх нанялі кітайцы раней, звольнілі. Кітайцы запатрабавалі грошы, з матывіроўкай, што завод выйшаў на 75% магутнасці. Нашы адмовіліся плаціць, таму што шмат недапрацовак, і зноў жа - смурод, шкодныя выкіды. Што далей - невядома».

Завод будавала кітайская карпарацыя САМСЕ за кітайскі крэдыт на 650 млн даляраў. Як і Добрушскае прадпрыемства, яго абяцалі запусціць яшчэ тры гады таму. Але замест гэтага выбухнуў канфлікт праз кабель, які кітайцы паклалі не паводле інструкцыі. Ужо пасля гэтага паўстаў скандал са смуродам, які не могуць уладзіць дагэтуль.

Нявызначанасць з «Краснасельскбудматэрыялам»

У сераду 14 лістапада абвясцілі аб тым, што акцыі ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» бязвыплатна перадалі Беларускай цэментнай кампаніі. І гэта таксама можна лічыць працягам «кітайскай гісторыі».

«Краснасельскбудматэрыялы» і іншыя цэментавыя заводы мадэрнізавалі кітайцы (называлася агульная лічба ў мільярд даляраў). Прадпрыемства ўрачыста запусцілі ў 2012 годзе з удзелам Лукашэнкі. Пазней сталі раздавацца скаргі, што абсталяванне кітайцы паставілі не самае сучаснае. Замест таго, каб прыносіць валюту, «Краснасельскбудматэрыялы» сталі выжываць за кошт бюджэтнай падтрымкі.

Нядаўна прадпрыемства хацелі прадаць ірландскаму канцэрну CRH, але, відавочна, не змаглі дамовіцца аб кошце. Цяпер прадпрыемства чакае туманная будучыня.

Цікава, што, нягледзячы на правалы ў супрацоўніцтве з кітайцамі, Лукашэнка па-ранейшаму пазбягае крытыкаваць іх...

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках