18 красавiка 2024, Чацвер, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы свята верым - ты памятаеш смак перамог!»

«Мы свята верым - ты памятаеш смак перамог!»

Памяці самага тытулаванага дынамаўца ў гісторыі клуба Уладзіміра Жураўля.

Уладзімір Журавель - для менскага «Дынама» гэтае прозвішча значыць вельмі шмат. Вельмі... Не па гадах развіты хлапчук з Мазыра, але які нарадзіўся ў далёкім Казахстане, прыстойна вылучаўся на фоне ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак з мясцовай ДЮСШ. За савецкім часам у таленавітых беларускіх юнакоў у футболе быў толькі адзін шлях - сталічны РВАР, таму пераезд у Менск быў толькі справай часу. Пад кіраўніцтвам Юрыя Пышніка Журавель працягнуў паказваць свае выдатныя здольнасці і ў РВАР, і ўжо ў 1989 годзе 17-гадовы Уладзімір стаў раскрываць свой талент на дарослым узроўні, гуляючы за дынамаўскі дубль на палях Савецкага Саюза, піша «Трибуна».

Чакаць дэбюту за галоўную каманду БССР доўга не давялося - ужо ў першым туры чэмпіянату 1990 года Журавель на 81-й хвіліне матчу ў Адэсе замяніў Гоманава. Менчукі саступілі з лікам 1:3. У дэбютным сезоне паўабаронца з Мазыра гуляў зусім няшмат: справы ў каманды адкрыта не ладзіліся і моладзі давяралі мала. Той год наогул запомніцца многім заўзятарам са стажам: жудасны сезон, барацьба за выжыванне і цудоўнае выратаванне ў хатнім матчы з «Памірам» у заключным туры чэмпіянату...

А вось у наступным годзе малады і перспектыўны апорнік ужо стаў жалезным гульцом асновы і панеслася. У Менску ён выступаў да 1997 года, з невялікім перапынкам у 1995-м годзе, калі Уладзімір Іванавіч падаўся на легіянерскі хлеб у ізраільскі «Хапаэль» з Іерусаліма. Будучы футбалістам менскага «Дынама», ён стаў шасціразовым чэмпіёнам краіны і яшчэ двойчы станавіўся ўладальнікам кубка Беларусі - ніводны з футбалістаў бела-сініх не можа пахваліцца большай калекцыяй узнагарод, здабытых разам з нашым клубам!

Амаль за дзевяць гадоў у складзе «Дынама» Уладзімір Іванавіч правёў 210 матчаў, у якіх вызначыўся 24 разы - нядрэнная статыстыка для апорнага паўабаронцы, ці не так? Больш за яго ў сучаснай гісторыі клуба за бела-сініх сыграў толькі Віталь Валадэнкаў.

У 2014 годзе адбылося вяртанне Жураўля ў родны клуб, але ўжо ў якасці галоўнага трэнера. «Будучы дзейным гульцом, самыя лепшыя ўспаміны, натуральна, звязаныя з гэтай камандай. Вядома, душа належыць гэтай камандзе. Я шмат дзе працаваў, шмат дзе гуляў і спадзяюся, што я вярнуўся дадому» - самае першае інтэрв'ю новаспечанага трэнера было ўпрыгожанае менавіта гэтымі словамі...

Заўзятары і фанаты клуба сустрэлі вяртанне Уладзіміра Іванавіча ў каманду з натхненнем і надзеяй. На адным з матчаў на фанацкім сектары дынамаўцаў з'явіўся вялікі банер з выявай трэнера і словамі «Мы свята верым, ты памятаеш смак перамог». Знакавы момант, бо раней ніводнаму трэнеру актыўныя заўзятары не аказвалі такіх ушанаванняў.

Заўзятары любілі свайго трэнера і ён адказваў узаемнасцю. Каманда набрала вельмі прыстойны ход, штампуючы адну перамогу за другой, паказваючы яркі футбол. Першае кола дынамаўцы скончылі на першым месцы, а ў еўракубках Журавелю ўдалося зрабіць тое, чаго яшчэ не рабіў ніхто - вывесці каманду ў групавы этап Лігі Еўропы УЕФА. І не скажаш жа, што шлях у каманды быў лёгкім: «Клуж» і «Нас’ёнал» - дужыя еўрапейскія каманды, якія маюць прыстойны досвед выступаў на міжнароднай арэне. Але Уладзімір Іванавіч здолеў згуртаваць баяздольны калектыў з моцных футбалістаў, якія маглі развязаць пастаўленыя задачы.

Барацьба за залатыя медалі чэмпіянату вялася практычна да апошняга тура, але здабыць запаветнае золата ў настаўніка так і не атрымалася - каманда фінішавала на другім месцы, а ў групавым этапе Лігі Еўропы дынамаўцы перамаглі толькі аднойчы, але зрабілі гэта ярка і феерычна. У заключным матчы сезону бела-сінім наканавана сыграць на выездзе супраць грознай «Фіярэнціны». Шанцаў нават на нічыю было вельмі мала і гэта многія разумелі, бо ў складзе італьянскай каманды гулялі сапраўды зоркі еўрапейскага футбола, ды і дзесяцідзённая паўза ў чэмпіянаце была зусiм не на руку нашым гульцам... Але, насуперак усяму дынамаўцы выйшлі на заключны бой заўзята і дзякуючы самаадданай барацьбе і згуртаванасці калектыву змаглі стаць аўтарамі сапраўды гучнай сенсацыі, падолеўшы «фіялак» з лікам 2:1.

Імя Уладзіміра Іванавіча Жураўля назаўжды будзе ўпісанае ў гісторыю нашага клуба залатымі літарамі. Выдатны футбаліст і трэнер, прыстойны і інтэлігентны чалавек. Шырокая душа і вялізнае сэрца, якое неймаверна моцна любіла справу ўсяго яго жыцця...

Вечная памяць!

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках