26 красавiка 2024, Пятніца, 7:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналістка зрабіла фота, як яе мужу ўручаюць позву ў міліцыю, і атрымала за гэта штраф $300

6
Журналістка зрабіла фота, як яе мужу ўручаюць позву ў міліцыю, і атрымала за гэта штраф $300
ЖУРНАЛІСТЫ МІЛАНА ХАРЫТОНАВА І АЛЕСЬ ЛЯЎЧУК

Улады Берасця прадаўжаюць пераслед незалежных журналістаў.

Так, фрылансерка Мілана Харытонава была аштрафаваная на 612,5 рублёў (25 базавых адзінак) суддзёй Раісай Лабачэўскай з суда Маскоўскага раёна Берасця, паведамляе «Белсат».

Судовы працэс адбыўся 14 лістапада. Мілана Харытонава не брала ў ім удзелу, бо не хоча ўдзельнічаць у судовым фарсе беларускіх уладаў.

З чаго ўсё пачалося? 4 кастрычніка міліцыя арганізавала засаду ў пад'ездзе, дзе жывуць журналісты Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук. Супрацоўнік Маскоўскага РАУС Берасця Эдуард Уласюк уручыў журналістам позвы ў міліцыю. У выніку Мілану Харытонаву абвінавацілі ў супрацоўніцтве з «Белсатам» без акрэдытацыі на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП і аштрафавалі на 25 базавых адзінак.

Галоўны аргумент абвінавачання - паказанні супрацоўніка міліцыі Эдуарда Уласюка. Ён заявіў, што Харытонава трымала ў руках тэлефон, які быў накіраваны на супрацоўнікаў міліцыі, а пазней у інтэрнэце з'явілася фатаграфія. Суддзя Лабачэўская палічыла гэтыя паказанні дастатковымі для таго, каб прысудзіць журналістцы штраф. Раіса Лабачэўская не першы раз судзіць незалежных журналістаў. У 2015 годзе яна прысудзіла 30 базавых (735 рублёў) Іне Хоміч, а ў траўні гэтага - 25 базавых (612,5 рублёў) Алесю Леўчуку.

«Штрафаваць за такое - поўны абсурд. Міліцыя ў Беларусі часта парушае закон. Таму іх дзеянні я фіксую і размяшчаю гэтую інфармацыю ў розных крыніцах, у тым ліку ў сацсетках, адкуль яе могуць браць розныя СМІ. У гэтым выпадку мяне судзяць за інфармацыю за пераслед і ціск на журналістаў», - распавяла Мілана Харытонава.

Сёлета Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука судзілі ўжо па 6 разоў, а іх агульны штраф - больш за 5 тысяч даляраў. Толькі за гэты год суды Беларусі прысудзілі журналістам за супрацоўніцтва з «Белсатам» больш, чым 74 тысячы даляраў ЗША.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках