24 красавiка 2024, Серада, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самыя скандальныя цытаты мітрапаліта Паўла

58
Самыя скандальныя цытаты мітрапаліта Паўла
ФОТА: «НАША НІВА»

Кіраўнік БПЦ з Разані адзначыўся новым «перлам».

Мітрапаліт Павел адзначыўся новым эмацыйным выказваннем: ён заклікаў браць прыклад з мусульман, паведамляе «Салiдарнасць».

У адным з выданняў праграмы «Гутаркі з уладыкам Паўлам» патрыяршы экзарх Беларусі заявіў (цытуецца паводле Нашай Нівы):

- Я б хацеў звярнуць увагу на мусульман - як яны захоўваюць веру, як яны вызнаюць яе, як яны моляцца. Калі надышоў час здзяйсняць намаз, то ўсё: няхай хоць танкі страляюць, хай хоць з аўтаматамі на іх ідуць, страляюць іх... Мусульманін разгарнуў свой дыванок, зрабіў абмыванне, здзейсніў малітву, ты яго хоць забі, а ён будзе рабіць... А мы як, праваслаўныя? Свечку паставіў і ўцёк. Мы стрыжня ўжо не маем, мы страцілі стрыжань.

Праз месяц споўніцца роўна пяць гадоў як мітрапаліт Павел змяніў на чале БПЦ мітрапаліта Філарэта. У сувязі з гэтым надумалі ўспомніць ягоныя яскравыя заявы за гэты час.

Адкруцім ядзерны кранік

«Тое, што адбываецца і ў нас у Расеі - усе гэтыя сходы, пратэстоўцы, у мяне гэта выклікае пачуццё шкадавання. Я думаю, гэта ўсё робіцца не без удзелу заходніх спецслужбаў. Карыстаючыся магчымасцю, я хацеў бы сказаць тым, хто робіць аранжавыя, ружовыя ды іншыя рэвалюцыі: Расея вам не Грузія і не Украіна! Гэта вам не Егіпет і не Лібія. Расея мае вялікую колькасць сродкаў масавага знішчэння - і атамная, і бактэрыялагічная зброя. І я мушу сказаць, што для шмат каго з нашых людзей, адрозна ад амэрыканцаў, жыццё гарэлага шэлега не вартае. Будуць нас даймаць, наш народ у адчайным стане, калі яго загнаць у кут, нам нічога не застанецца, як адкруціць Чарнобыльскі кранік... накшталт такога. У гэтым выпадку пацерпяць усе, і амэрыканцы, і еўрапейцы заможныя».

«Хто якім нарадзіўся - не выправіш. Але я не трываю слімакоў»

Меркаванне пра пераможцу «Еўравізіі-2014» Канчыту Вурст у мітрапаліта было такое:

- Не ведаю, як назваць - яго, яе. «Яно» - самае пэўнае... Хто якім нарадзіўся - не выправіш. Але з нагоды гэтага выпадку я кажу: я не трываю слімакоў, слізкае, калі чалавек ператварыўся ў яно.

«Да старасці будуць мамчынымі сынкамі»

Выпускнікоў семінарый можна адпраўляць на тэрміновую службу ў войска, заявіў некалькі гадоў таму мітрапаліт Павел.

- Вельмі дрэнна, што нашы студэнты не праходзяць вайсковую службу. Яны да старасці будуць мамчынымі сынкамі. Можа, пасля семінарыі, каб не парушаць працэс навучання, трэба адпраўляць іх у войска.

Пазней аналагічнае меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы гэтага святара будзем адпраўляць у калгас»

На адной з сустрэч кіраўнік БПЦ прыстрашыў:

- Калі святар адмовіцца здзяйсняць набажэнства (задарма), адразу пішыце япіскупу ці мне. Тады мы гэтага святара будзем адпраўляць у калгас.

«Прабачце, у нас не адзін бог, сябры мае»

На Гомельшчыне праваслаўныя Бярозаўкі не маюць сваёй царквы і ходзяць на службы ў касцёл. Мітрапаліт Павел ацаніў сітуацыю так:

- Адзін будынак выкарыстоўваюць і праваслаўныя, і каталікі. Але гэта ні ў якім разе не з'яўляецца нейкай уніяй. Задача уніятаў - сказаць, што мы маем адзінага Бога. Выбачайце, дык у нас не адзін бог, сябры мае. У вас свой бог, бо вы па-іншаму ў бога верыце. Вы па-іншаму яго вызнаяце. Бог сапраўды адзін, але ў карпарацыі свой бог, у нейкі сэктанцкай арганізацыі - свой. Яны да нашага агульнага Творцы і Госпада ніякага дачынення не маюць.

«Дзіця ведае толькі, дзе лядоўня, прыбіральня і кампутар»

Цікавае меркаванне мае мітрапаліт Павел пра інтэрнэт:

- Інтэрнэт, вядома, - вельмі важны і цікавы сродак камунікацыі. Але, на жаль, сёння гэта сродак камунікацыі для шмат каго становіцца велізарнай спакусай. Часам мамы да мяне прыходзілі і скардзіліся, што дзеці з дому не выходзяць. Дзіця ведае толькі, дзе лядоўня, прыбіральня і кампутар. Я ў Разані атрымліваў шмат прашэнняў ад бацькоў здзейсніць завочныя адпяванні: дзеці канчаюць жыццё самагубствам...

На жаль, шмат яшчэ ў сацыяльных сетках адбываецца дзіўнага: вядуць дзённікі. Я разумею, што для нас важна было даведацца пра ўнутраныя настроі святога Яна Кранштацкага... А вось раптам я схадзіў у краму, убачыў таго і сяго, усё расказвае ў сацыяльных сетках, выкладвае - і ўвесь свет яго абмяркоўвае. У людзей знікла пачуццё цнатлівасці, няма патаемнасці ў чалавека.

«Сёння мы паглумімся з Мікалая ІІ, а заўтра будзем лаяць Леніна»

Сёлета беларускі мітрапаліт абрынуўся з крытыкай на фільм «Матыльда»:

- Сёння паглумімся з Мікалая Другога - імператара, заўтра будуць паказваць, чым займаўся Уладзімір Ільіч Ленін у намёце, чым ён займаўся ў Парыжы... Паслязаўтра іншага кіраўніка будуць бэсціць і ганьбіць.

«Ты памыліўся ... А чалавек у турме»

Надоечы мітрапаліту Паўлу давялося выступаць на судзе над былым кіраўніком выдавецтва Беларускага Экзархата. Кіраўнік БПЦ заявіў, што вельмі шкадуе, што ініцыяваў распачынанне крымінальнай справы ў дачыненні да Грозава.

- Сёння я ўсё гэта ацэньваю зусім па-іншаму... сёння я разумею, што ўсе, хто супраць яго пісаў, гэта былі зайздроснікі — сказаў мітрапаліт Павел. - Я падумаў: "Ты памыліўся проста так... а чалавек сядзіць у турме..." Я прыняў пастанову звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з просьбай спыніць крымінальную справу.

Заступніцтва мітрапаліта абвінавачанаму не дапамагло.

"На 65 гадоў мне падарылі "Майбах”

Там жа ў судзе мітрапаліт мімалётам прызнаўся, што за апошнія 15 гадоў яму неаднаразова дарылі новыя аўтамабілі.

- Вось на 65 гадоў мне падарылі "Майбах".

Паводле ягоных слоў, шмат самаходаў перадавалася манастырам і прыходам.

Мітрапаліт Разанскі і Міхайлаўскі Павел нарадзіўся 19 лютага 1952 года ў Карагандзе ў сям'і рабочых. Адслужыў у войску, трохі папрацаваў слесарам . У 1973-1976 гадах вучыўся ў Маскоўскай духоўнай семінарыі. У 1980 годзе скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках