Новы год у Беларусі будзе без снегу?
5- 28.11.2018, 18:45
- 21,684
Доўгатэрміновыя прагнозы сіноптыкаў супадаюць з народнымі прыкметамі.
У канцы лістапада надвор'е прымусіла нас апрануцца па-зімоваму: прыйшоў час даставаць з шафаў цёплыя пухавікі і боты. Ці чакаць у найбліжэйшы час моцных маразоў і ці ўбачым мы снежныя гурбы на Новы год?
- У апошнія дні лістапада ў Беларусі чакаецца марознае надвор'е без істотных ападкаў, - распавялі kp.by ў Белгідрамеце. - У сераду ўдзень, 28 лістапада -1... -7 градусаў, у ноч на чацвер -8... -15, месцамі да -18. Максімальная тэмпература ўдзень у чацвер, 29 лістапада, -2... -9. У пятніцу ўдзень - максімум -2... -8.
Якой будзе надыходзячая зіма паводле народных прыметаў, мы даведаліся ў этнолага Алены Доўнар-Запольскай:
- Ёсць некалькі дат, па якіх вызначаюць надвор'е на зіму, - кажа Алена Міхайлаўна. - Напрыклад, 4 лістапада быў дзень пакланення іконе Казанскай Божай Маці. У народзе кажуць: «Што Казанская пакажа, тое і зіма скажа». Мяркуючы з таго, што ў гэты дзень было суха, амаль без снегу і блізу нуля, зіма, хутчэй за ўсё, не будзе вельмі марознай і снежнай. Звярніце ўвагу на тое, што ў гэтым годзе было мала рабіны, а гэта таксама кажа пра тое, што моцных маразоў чакаць не варта.
Птушкі сёлета паляцелі позна, а на вярбе лісце дагэтуль зялёнае - усё гэта таксама ўказвае на тое, што траскучых маразоў у найбліжэйшы час не будзе. А надвор'е на Новы год у народзе вызначалі па Дзмітрыеву дню 8 лістапада.
- Так як у гэты дзень ападкаў не было, значыць, на Новы год са снегам будзе напружана, - кажа этнолаг.
А яшчэ Алена Міхайлаўна раіць звярнуць увагу на надвор'е 1 снежня. Першая палова дня пакажа, якім будзе пачатак зімы, абед - сярэдзіну, а вечар - якое надвор'е чакаць ў канцы зімы.
Цікава, што доўгатэрміновы прагноз на сайце accuweather.com таксама не абяцае нам моцных маразоў і снежных гурбаў у навагоднюю ноч. Чакаецца невялікі снег і лёгкі мінус: днём 30 снежня ў Менску -2 градусы, уначы -4, 1 студзеня -2. Але трэба ўлічваць, што гэта доўгатэрміновы прагноз, які не адрозніваецца высокай дакладнасцю і яшчэ можа змяніцца. Дарэчы, калі паглядзець папярэдні прагноз на гэтым сайце на ўсе зімовыя месяцы, то можна зрабіць выснову: беларусаў чакае еўразіма, а цёплыя футры і футравыя боты нам наўрад ці спатрэбяцца.