26 красавiка 2024, Пятніца, 16:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РФ прыстрашылі стварыць расейска-кітайскія сацыяльныя сеткі і мэсэнджары

5
У РФ прыстрашылі стварыць расейска-кітайскія сацыяльныя сеткі і мэсэнджары

Расейскія ўлады занепакоеныя, што іх прапагандзе стала складаней пранікаць у сусветныя сацыяльныя сеткі.

Расейскія і кітайскія СМІ сутыкаюцца з нядобрасумленнай канкурэнцыяй і абмежаваннямі на распаўсюд інфармацыі, таму Масква і Пекін павінны быць гатовыя да стварэння альтэрнатыўных сацсетак і мэсэнджараў. Пра гэта на палях IV форуму СМІ дзвюх краін у Шанхаі заявіў намеснік міністра лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Аляксей Волін, паведамляе РБК са спасылкай на ТАСС.

«Расейскія і кітайскія СМІ сёння, стаўшы уплывовымі гульцамі на сусветным медыярынку, немінуча пачалі сутыкацца з нядобрасумленнай канкурэнцыяй, якая выяўляецца, між іншым, у тым, што праўдзівасць той палітыкі, якую яны праводзяць, ставіцца пад сумнеў ці ўзнікаюць прамыя абмежаванні на распаўсюд інфармацыі», - сказаў Волін.

«Калі Twitter, YouTube або Facebook будуць ісці па шляху выкідвання расейскіх і кітайскіх СМІ са свайго асяроддзя, то нам не застанецца нічога іншага, як ствараць новыя каналы распаўсюджвання, як думаць аб альтэрнатыўных сацыяльных сетках і мэсэнджарах», - падкрэсліў чыноўнік.

З ягоных слоў, Расеі і Кітаю трэба «шукаць агульныя падыходы» і «распрацоўваць крокі ў адказ», каб мець магчымасць даносіць свой пункт гледжання да іншых людзей.

Раней, 1 лістапада, Волін заявіў, што ў будучыні уладам давядзецца адмовіцца ад спроб блакавання інфармацыі ў інтэрнэце. Паводле яго слоў, такі метад барацьбы з распаўсюджваннем інфармацыі паказаў сваю неэфектыўнасць, бо людзі хутка вучацца іх абыходзіць, «нават не заўважаючы, што яны маюць справу з тэхналогіямі, якія дазваляюць абыходзіць блакаваны кантэнт».

Волін удакладніў, што нават «у Кітаі працуюць і Telegram, і WhatsApp, якія тут афіцыйна заблакаваныя».

У жніўні чыноўнік прызнаў, што поўная блакіроўка мэсэнджара Telegram у Расеі немагчымая. «Калі той, каго вы блакуеце, мае дастатковую колькасць інтэлектуальных, матэрыяльных і ІТ-рэсурсаў, то буйны гулец у стане блакавання пазбегнуць. Гэта тая дадзенасць, з якой трэба жыць», - сказаў тады Волін.

У 2017 годзе Федэральная служба бяспекі запатрабавала ў Telegram ключы шыфравання для доступу да перапіскі карыстальнікаў. Кіраўніцтва мэсэнджара адмовілася гэта рабіць, спаслаўшыся на тое, што выканаць такія патрабаванні тэхнічна немагчыма, бо гісторыя паведамленняў шыфруецца толькі на прыладах карыстальнікаў і не захоўваецца на серверах кампаніі. У красавіку 2018 года Таганскі суд Масквы пастанавіў заблакаваць Telegram на тэрыторыі Расеі.

У жніўні Кітай запусціў платформу для зняпраўджвання пагалосак Piyao, якая ўключае мабільны дадатак і ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках Weibo і WeChat. Яна працуе пад кантролем 27 дзяржаўных ведамстваў, у тым ліку Цэнтральнай партыйнай школы.

Праз свае каналы Piyao транслюе «сапраўдныя» навіны. Да гэтага, у ліпені, кітайскія інтэрнэт-рэгулятары атрымалі блізу 6,7 млн паведамленняў пра незаконную або ілжывую інфармацыю.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках