У Крамлі распавялі пра варыянты прызначэння новага генеральнага сакратара АДКБ
3- 7.11.2018, 19:21
- 9,529
ФОТА: BELTA.BY
Адзін з кандыдатаў на пасаду - Станіслаў Зась.
Лідары краін АДКБ абмяркуюць пытанне зацвярджэння новага генеральнага сакратара арганізацыі 8 лістапада ў Астане. Адбывацца гэта будзе ў закрытым для прэсы рэжыме. Пра гэта журналістам распавёў памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў, паведамляе РБК.
Абранне новага генеральнага сакратара - пытанне далікатнае, працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, разглядаюцца тры варыянты дзеянняў, сказаў Ушакоў. Першы - да траўня 2020 года выконваць абавязкі будзе цяперашні в.а. генеральнага сакратара Валерый Семерыкоў, прадстаўнік Расеі. Другі - абранне генеральным сакратаром беларускага прадстаўніка. Трэці - абранне да траўня 2020 года прадстаўніка Арменіі. Гэтага варыянту намагае Ерэван, сказаў Ушакоў. «Якую пастанову прымуць лідары, прадказаць складана», - адзначыў ён.
Раней пра тое, што генеральным сакратаром можа стаць сакратар Рады бяспекі Беларусі Станіслаў Зась, пісаў «Коммерсант». 54-гадовы генерал-лейтэнант Зась з 4 лістапада 2015 года ўзначальвае беларускую Раду бяспекі і добра знаёмы з працай АДКБ: ён паводле пасады ўваходзіць у Камітэт сакратароў рад бяспекі (КСРБ) альянсу.
Аднак старшынства ў АДКБ да 2020 года належыць Арменіі, таму ў Ерэване спадзяюцца, што на пасаду генеральнага сакратара будзе абраны яе прадстаўнік.
Нагадаем, вакансія ўтварылася пасля таго, як Арменія датэрмінова адклікала свайго прадстаўніка Юрыя Хачатурава, які адпрацаваў на гэтай пазіцыі толькі паўтара года з прадугледжаных статутам трох гадоў. Працэдуры адклікання Хачатурава, якога на радзіме абвінавачваюць ва ўзурпацыі ўлады, былі закончаныя 2 лістапада. У гэты ж дзень в.а. генеральнага сакратара стаў расейскі прадстаўнік Валерый Семерыкоў, які раней працаваў намеснікам генеральнага сакратара.
Пасяджэнне Рады калектыўнай бяспекі АДКБ пройдзе 8 лістапада ў Астане. Удзел у ім ужо пацвердзілі Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жаанбекаў, прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, Арменію будзе прадстаўляць выканаўца абавязкаў прэм'ера Нікол Пашынян. Як анансаваў Ушакоў, лідары абмяркуюць развіццё вайсковага супрацоўніцтва, супрацьдзеянне тэрарызму, сітуацыю ў Сірыі і Афганістане. Па сустрэчы будзе прынятая палітычная дэкларацыя.