23 лiпеня 2019, aўторак, 19:35
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

На пенсію бізнэс-класам

45
Ірына Халіп

Хутка на менскіх вуліцах стане не чыста, а стэрыльна.

Працоўны стаж маёй свекрыві – 64 гады. Хопіць на два чалавечыя жыцці, але яна па-ранейшаму працуе. Нядаўна я спытала, колькі ж складае яе пенсія. Легкадумна меркавала: ці мала, раптам за двайную працоўную біяграфію даюць падвойную пенсію? І пенсіянерамі, якія прадаўжаюць працаваць, рухае проста прага нажывы?

Нічога такога, высветлілася, і нават больш за тое: свякроў дакладна не ведае, якую пенсію ёй ад шчадротаў сваіх адшкадавала дзяржава, таму што яна выплачвае зусім не ўсё: частку пакідае сабе, роднай, за тое, што свякроў прадаўжае працаваць. Беручы пад увагу, што, паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі кожны чацвёрты пенсіянер прадаўжае працаваць, чыноўнікам вельмі прыстойная капеечка эканоміцца, якую потым можна выдатна «асвоіць» у выглядзе надбавак і прэмій за бездакорную службу.

А на днях да нас у госці прыязджалі сваякі – таксама пенсіянеры, толькі ізраільскія. Гісторыю пра нявыплату часткі пенсій тым, хто прадаўжае працаваць, яны слухалі з такім недаверлівым выглядам, быццам расейскае тэлебачанне глядзяць. Акуратна пыталіся: ты, напэўна, што-небудзь пераблытала, чагосьці не зразумела?.. Пенсія ж, казалі, – велічыня нязменная. Калі дажыў да пенсійнага ўзросту – атрымай і распішыся. А будзеш ты працаваць далей ці надумаеш атрымаць асалоду ад адпачынку – твая асабістая справа і твой асабісты выбар, дзяржава сюды не ўмешваецца.

Мае сваякі з'ехалі ў Ізраіль 28 гадоў таму, у 1990 годзе. Звычайная савецкая сям'я – інжынер і настаўніца – стала такой самай звычайнай ізраільскай сям'ёй. Шмат і цяжка працавалі (зразумела, адпрацаваўшы і больш за чвэрць стагоддзя ў СССР), нялёгка спачатку жылі, бізнэсам не займаліся – увесь час працавалі праз найм. Цяпер яны – звычайныя ізраільскія вандроўныя пенсіянеры. Растлумачылі: у іх у Ізраілі таксама ёсць сацыяльныя пенсіі, якія прызначаюцца ўсім грамадзянам, якія дасягнулі пенсійнага веку.

Але, акрамя таго, ёсць ашчаджальная пенсійная праграма – адлічэнні ад заробкаў у тамтэйшы страхавы фонд. І калі ў Беларусі чалавек з нейкіх прычынаў трапіў у пенсійную пастку і не назапасіў патрэбны страхавы стаж, то ён можа спадзявацца толькі на саракадаляравую сацыяльную пенсію пасля 60 гадоў, а калі назапасіў – то на працоўную пенсію. А ў іх, у маленькай дзяржаве з няпростым жыццём, адно з адным не маюць ніякага дачынення. Працоўную пенсію ты забяспечваеш сабе працай, а сацыяльную табе будзе выплачваць дзяржава проста таму, што ты яе грамадзянін, а ва ўсякай нармальнай дзяржавы ёсць абавязкі перад сваімі грамадзянамі. І адзін з галоўных – забеспячэнне годнай старасці.

У Менск мае сваякі прыляцелі бізнэс-класам – самі разумееце, узрост, ужо хочацца трохі больш камфорту падчас пералётаў. А я, натуральна, на хвіліну ўявіла іх не ізраільскімі, а беларускімі пенсіянерамі – інжынерам і настаўніцай. Вось нават не на хвіліну, а на секунду ўявіла, як беларуская настаўніца набывае на сваю пенсію білет бізнэс-класу са словамі «ну, гады ўжо не тыя, спіна пабольвае, хочацца ў самалёце сесці ямчэй». Такое сапраўды можа быць хіба што секунднай фантазіяй, таму што ўжо на другой секундзе рэчаіснасць нагадае пра сябе і спытае «ты што, забылася, дзе жывеш?». Не-не, дзякуй, я памятаю. Такое не забываецца. Выбачайце за фантазіі.

Дарэчы, можна і ўвогуле без фантазій. Мінпрацы сцвярджае, што ў мінулым годзе ў пенсійную пастку трапілі 3600 беларусаў – тыя, каму не хапіла страхавога стажу і якія апынуліся ў бязважкасці: пенсійны ўзрост наступіў, а да сацыяльнай пенсіі яшчэ жыць і жыць. А паводле звестак Еўрастата, у тым самым мінулым годзе 50 тысячаў беларусаў атрымалі від на жыхарства ў краінах Еўразвязу. Якая сувязь? Ды наўпростая. На кожнага не атрымалага пенсію беларуса прыходзіцца 14, якія з'ехалі з краіны. І гэта толькі ў Еўропу. Калі дадаць сюды Амерыку, Ізраіль, Украіну, Расею і мноства іншых краінаў, дойдзем да пяцідзесяці, калі не да сотні, не сумнявайцеся.

Усе гэтыя людзі ўсяго толькі з'ехалі ад дзяржавы, якая, лежачы на аксамітных падушках, мяркуе, быццам усе яны ёй павінны, і гатова махляваць, хлусіць, падступнічаць, толькі б не даць свайму грамадзяніну пражыць жыццё годна. Так што з'ехалых грамадзянаў цяпер назад ніякім бізнэс-класам не прывабіш. Затое на менскіх вуліцах хутка стане не чыста, а стэрыльна. Таму што нават адзіны на тры вуліцы фанцік будзе няма каму выкінуць.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org