18 лiпеня 2019, Чацвер, 4:43
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Рада БНК: Мы будзем змагацца за скасаванне прысуду паводле «справы прафзвязаў»

2

Лідары РЭП маюць патрэбу ў салідарнасці беларусаў і міжнароднай супольнасці.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу зрабіла заяву ў сувязі з тым, што менскі суд пакінуў незаконны прысуд лідарам прафзвязу РЭП Генадзя Фядынічу і Ігару Комліку ў дзеянні:

- Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу канстатуе, што рэжым, які кіруе ў Беларусі, прадаўжае і пашырае палітыку ціску на грамадства. Пры ўсіх размовах аб лібералізацыі, ціск не аслабляецца, а наадварот. Адбываецца не абяцаная Захаду дэмакратызацыя, не эканамічныя і палітычныя рэформы, а мадэрнізацыя рэпрэсій.

Іх аб'ектамі, акрамя актывістаў палітычных партый, дэмакратычных арганізацый, цяпер становяцца яшчэ і журналісты, праваабаронцы, блогеры, эколагі, абаронцы месцаў масавых сталінскіх расстрэлаў у Курапатах, незалежныя прафзвязы.

Рада БНК выказвае абурэнне адмовай Менскага гарадскога «суда» ў касацыйнай скарзе на крымінальны прысуд лідарам прафзвязу РЭП Генадзя Фядынічу і Ігару Комліку. Згодна з гэтым прысудам нашы таварышы павінны чатыры гады жыць пад жорсткім кантролем міліцыі. З уласнага жылля яны могуць выходзіць толькі на працу, іх пазбавілі права займаць усе кіроўныя пасады, у тым ліку і ў прафзвязе.

Прысуд, вынесены цалкам залежным ад улады «cудом», паводле цалкам прыдуманых абвінавачванняў, з'яўляецца помстай рэжыму прафсаюзным лідарам за іх прынцыповую і паслядоўную дзейнасць у абароне правоў працоўных.

Рада заяўляе пра цвёрды намер змагацца за скасаванне несправядлівага прысуду Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, за спыненне рэпрэсій супраць незалежнага грамадства нашай краіны.

Рада БНК заклікае грамадзян Беларусі і міжнародную супольнасць да салідарнасці з тымі, каго рэжым незаконна пераследуе за грамадзянскую пазіцыю і дзейнасць у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека.

Улада - народу!

Жыве Беларусь!