24 сакавiка 2019, Нядзеля, 8:53
Выклік для кожнага
Рубрыкі

Мы, абаронцы правоў чалавека, застаёмся на перадавой

6
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: «Радыё Свабода»

Гомельскаму праваабаронцу ўручылі ў Парыжы прэмію «Свабода-Роўнасць-Братэрства».

Сёння ў Парыжы гамяльчук Леанід Судаленка першым з беларускіх праваабаронцаў атрымаў праваабарончую прэмію «Свабода - Роўнасць - Братэрства» Французскай Рэспублікі. Прэмія штогод прысуджаецца за ўклад у абарону правоў чалавека.

Тэкст выступлення на прэміі праваабаронца выслаў сайту Charter97.org. Публікуем яго цалкам:

- Для мяне вялікі гонар прысутнічаць тут і атрымаць узнагароду паводле правоў чалавека Французскай Рэспублікі!

У сваёй краіне я разам з калегамі ў складзе няўрадавай асацыяцыі вяду сістэматычную працу ў абароне правоў грамадзян як на нацыянальным, так і міжнародным узроўні. Я супрацоўнічаю з нацыянальным праваабарончым цэнтрам «Вясна», які з'яўляецца сябрам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека, якая знаходзіцца ў Парыжы.

На вялікі жаль, сітуацыя з правамі чалавека ў маёй краіне доўгі час не мяняецца да лепшага. Я таксама вымушаны канстатаваць, што мая краіна застаецца адзінай у Еўропе, якая прымяняе смяротнае пакаранне.

З вялікім шкадаваннем канстатую, што мая краіна таксама застаецца адзінай у Еўропе, грамадзяне якой пазбаўленыя магчымасці абараняць свае правы ў Еўрапейскім Судзе правоў чалавека.

Аанаўская сістэма абароны правоў чалавека паўнавартасна ў маёй краіне не працуе - беларускі ўрад не прызнае і не выконвае пастановы паводле скаргаў беларускіх грамадзян, што прымаюцца тут.

Сёння ў маёй краіне працягваюцца крымінальныя рэпрэсіі ў дачыненні да лідараў незалежнага прафзвязу РЭП, журналісты, якія працуюць на замежныя СМІ, увесь час пераследуюцца буйнымі адміністрацыйнымі санкцыямі, каля паўмільёна людзей, якія страцілі працу ўрад абкладаў падаткам і плануе налета спаганяць з іх грошы праз аплату камунальных паслуг. Усё пералічанае ўжо прыводзіла і можа прывесці зноў да масавых акцыяў пратэсту!

Мы, абаронцы правоў чалавека, застаёмся на перадавой гэтых падзей. Мы плануем і далей працягваць барацьбу ў сваёй краіне за права кожнага на выказванне меркавання і мірныя сходы, якія з'яўляюцца краевугольным каменем любой дэмакратычнай краіны.

Абарона правоў іншых людзей для мяне і маіх калегаў стала самым важным, самым насычаным сэнсам і справай нашага жыцця. Сёння ў юбілей УДПЧ, я заяўляю, што мы маем намер працягваць гэтую працу і далей, працуючы над рэфармаваннем сваёй дзяржавы. Дзякуй!

Нагадаем, што Леанід Судаленка стаў лаўрэатам прэміі «Хартыі-97» за 2017 год у намінацыі «За асабістую мужнасць».