26 красавiка 2024, Пятніца, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка - вайсковаму злачынцу: Дзякую за другое радовішча здабычы золата

20
Лукашэнка - вайсковаму злачынцу: Дзякую за другое радовішча здабычы золата

Раней дыктатар Судана дазволіў здабываць золата расейскім кампаніям, звязаным з ПВК.

Судан даў Беларусі другое радовішча для здабычы золата. Пра гэта Лукашэнка заявіў 10 снежня на сустрэчы з прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахметам аль-Башырам, паведамляе tut.by.

«З мэтай паляпшэння ўзаемных разлікаў у гандлі мы дамовіліся, што беларускія кампаніі будуць здабываць золата на вашай тэрыторыі, вашы нетры вельмі багатыя гэтым металам. Я вам удзячны за тое, што вы прынялі пастанову аб выдачы нам другога радовішча здабычы золата», - цытуе прэс-служба Лукашэнкі ягоныя словы, звернутыя да прэзідэнта Судана.

Другі надзел размешчаны недалёка ад ракі Ніл, паведаміў журналістам міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.

Цяпер у Судане ўжо зарэгістраваная кампанія з беларускім прыватным капіталам. Ёй быў выдзелены для распрацоўкі адзін надзел.

Плануецца, што геолага-выведвальныя работы будуць адначасова весціся на двух надзелах, сказаў Андрэй Худык.

Кажучы пра перспектывы, як можна будзе распараджацца здабытым золатам, міністр растлумачыў, што цяпер старанна вывучаецца заканадаўства Судана. Паводле папярэдняй інфармацыі, пры выплаце ўнёску 20% астатняе можна будзе атрымаць ва ўласнасць. «На сённяшні дзень пакуль рана гаварыць аб канкрэтных умовах», - дадаў ён.

Паводле інфармацыі tut.by, займаецца праектам у Судане SOHRA Mining. Яна звязаная з беларускім бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым (памежныя лагістычныя цэнтры «Брэміна Груп», пастаўкі беларускай тэхнікі ў краіны Персідскай затокі, футбольны клуб «Дынама-Брэст»). Асноўная дзейнасць - правядзенне геалагічных і горназдабывальных работ, у тым ліку выкананне сэрвісных паслуг; гандаль напаўкаштоўнымі і каштоўнымі мінераламі, каштоўнымі металамі. Акрамя Судана кампанія плануе займацца здабычай і апрацоўкай золата ў Гане, вынікае з прэзентацыі для інвестараў.

«Гэта вельмі складаны праект. Магчыма, сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Судана надасць яму імпульс», - сказала інфармаваная крыніца, але ад іншых каментароў адмовілася.

На 2016 год Судан займаў трэцяе месца паводле здабычы золата ў Афрыцы з аб'ёмам вытворчасці звыш 90 тон на год. Са звестак кітайскага агенцтва «Сіньхуа», у мінулым годзе здабыча ў Судане перавысіла 100 тон.

Варта сказаць, што некалькі расейскіх кампаній маюць намер здабываць золата ў Афрыцы. Улетку The Bell паведаміў, што кампанія, звязаная з так званым поварам Пуціна, занялася здабычай каштоўных металаў у Судане. Гаворка ідзе пра бізнэсоўца Яўгена Прыгожына, якога называюць блізкім сябрам прэзідэнта Расеі. Звязаная з ім кампанія «М Інвест» прыступіла да распрацоўкі радовішчаў золата ў Судане. Выданне спасылаецца на ананімныя крыніцы, якія былі на перамовах Уладзіміра Пуціна і кіраўніка ўрада Расеі Дзмітрыя Мядзведзева з прэзідэнтам Судана Амарам аль-Башырам.

Гэтыя перамовы прайшлі ў лістападзе 2017 года. Менавіта падчас сустрэчы Мядзведзева з аль-Башырам было падпісанае пагадненне на выведку і здабычу золата ў Судане. На сустрэчы з Пуціным суданскі лідар, які абвінавачваецца Міжнародным крымінальным судом у вайсковых злачынствах, прасіў абароны ад «агрэсіўных дзеянняў ЗША».

На думку журналістаў Bloomberg, Яўген Прыгожын выкарыстоўвае звязаную з ім прыватную вайсковую кампанію Вагнера для ўзмацнення ўплыву Расеі ў Афрыцы. Рэстаратар прапануе ўраду афрыканскіх краін узброеную падтрымку ў абмен на права на здабычу выкапняў і іншыя бонусы.

Масква ў сваім імкненні ўмацаваць геапалітычную моц абапіраецца на лідараў нестабільных, але патэнцыйна багатых дзяржаў, якія «маюць патрэбу ў расейскай зброі».

Прыгожын ужо разгарнуў сваю дзейнасць у 10 краінах, з якімі супрацоўнічаюць вайскоўцы РФ: Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Судан, Лібія, Мадагаскар, Ангола, Гвінея, Гвінея-Бісаў, Мазамбік, Зімбабвэ і Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка. Асабліва вайсковыя структуры, звязаныя з «поварам Пуціна», актывізаваліся напярэдадні саміту Расея - Афрыка, на які у 2019 годзе прыбудуць лідары больш за 50 краін.

Пасля распаду СССР уплыў РФ у Афрыцы значна знізіўся. Цяпер рэгіён з'яўляецца цэнтрам намаганняў Крамля ў аднаўленні свайго геапалітычнага статусу. Акрамя таго, кантынент стаў новым рынкам для расейскіх кампаній, якія трапілі пад санкцыі.

Нагадаем, што 12 ліпеня 2010 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Амара аль-Башыра, выставіўшы яму абвінавачванні ў арганізацыі і правядзенні генацыду фор, масалітаў і загава, трох этнічных груп у складзе насельніцтва cуданскага Дарфура.

Нягледзячы на гэта, дыктатар праводзіць сустрэчы з лідарамі некаторых краін. У 2017 годзе ён прыбыў у Сочы, дзе сустрэўся з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным.

Са звестак амерыканскага часопіса «Parade», на 2005 год ён займаў першае месца ў дзясятцы самых горшых дыктатараў сучаснасці.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках