AP: Большасць амерыканцаў незадаволеныя працай Трампа на пасадзе прэзідэнта
- 21.12.2018, 19:54
- 8,350
Сярод дэмакратаў працай Трампа задаволены толькі адзін з дзесяці апытаных.
Большасць амерыканцаў (58 адсоткаў) мяркуюць, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп спрабаваў перашкодзіць расследаванню справы аб меркаваных сувязях яго перадвыбарчага штаба з Расеяй, аднак сярод рэспандэнтаў адсутнічае адзінства з нагоды таго, ці варта праз гэта падвергнуць Трампа імпічменту. Пра гэта сведчаць апублікаваныя ў пятніцу, 21 снежня, вынікі апытання, праведзенага агенцтвам AP.
Паводле апублікаваных звестак, 51 працэнт амерыканцаў уважаюць, што Трамп павінен быць зняты з пасады прэзідэнта ЗША, калі спецпракурор па Расеі Роберт Мюлер усталюе, што прэзідэнт спрабаваў перашкодзіць працы ФБР, хоць асабіста сам не меў ганебных кантактаў з Крамлём. 46 адсоткаў апытаных мяркуюць, што ў гэтым выпадку Трамп не заслугоўвае імпічменту, паведамляе DW.
Агулам, 56 адсоткаў амерыканцаў незадаволеныя працай Дональда Трампа на пасадзе прэзідэнта, тады як 42 працэнты ўхваляюць дзеянні кіраўніка дзяржавы. Пры гэтым асабліва шырокай падтрымкай Трамп карыстаецца сярод рэспандэнтаў-рэспубліканцаў (8 з 10). Сярод дэмакратаў працай Трампа задаволены толькі адзін з дзесяці апытаных.