Бензінавы крызіс паразіў Маскву
2- 14.08.2026, 9:59
- 3,818
Вадзіцелі пакідаюць машыны проста ў чэргах.
У Маскве і Маскоўскай вобласці абвастрылася сітуацыя з палівам. Чаргі за бензінам перарастаюць у сутычкі паміж вадзіцелямі, частка АЗС прадае толькі дызель па завышаных коштах. З-за чэргаў за бензінам увялі абмежаванні ў двух рэгіёнах.
Як піша расійскі тэлеграм-канал Astra, у ноч на 14 жніўня адзін з аўтамабілістаў зняў відэа на федэральнай трасе М-8 «Халмагоры» па дарозе з Сяргіева Пасада ў Маскву. Частка аўтазаправачных станцый уздоўж дарогі закрытая, а частка адпускае толькі дызель.

На частцы заправак уздоўж трасы ўтварыліся чаргі да тых АЗС, што яшчэ працуюць, а кошты на паліва там істотна адрозніваюцца ад звыклых.
«Толькі дызель, няма бензіну. А тут конскія кошты: за 95-ы хочуць 100 рублёў», — распавядаюць відавочцы пра сітуацыю на трасе М-8.
Канфлікты ў чэргах
Сітуацыя на заправках усё больш нагадвае паніку. Паводле відавочцаў, вадзіцелі, якія гадзінамі стаяць у чарзе, часам проста адмаўляюцца ад спробаў запраўіцца.
«Людзі ўжо ад безвыходнасці пакідаюць машыны [у чэргах], ну, няма бензіну. Нідзе ў горадзе», — распавёў відавочца, які зняў відэа ўначы 14 жніўня каля Савёлаўскага вакзала ў Маскве.
Нервовасць сярод вадзіцеляў вылілася і ў прамыя сутычкі проста на запраўках.
«Усе як мінімум гадзіну стаялі ўздоўж дарогі. А ён заехаў да калонкі з адваротнага боку, разгарнуўся і стаў другім!» — абураецца адзін з маскоўскіх аўтамабілістаў на кадрах, знятых той жа ноччу.
Крызіс ахоплівае дзясяткі рэгіёнаў
Праблемы з палівам у Маскве і вобласці — не адзінкавы выпадак. Паводле дадзеных Astra, чаргі і абмежаванні продажу бензіну пасля новай хвалі атак украінскіх БПЛА на нафтаперапрацоўчыя заводы зафіксаваныя як мінімум у 12 рэгіёнах Расіі, уключаючы Краснадарскі і Прыморскі краі, а таксама Варонежскую, Растоўскую, Разанскую і Саратаўскую вобласці.

У двух рэгіёнах улады ўжо ўвялі прамыя абмежаванні на запраўку. У Арынбургскай і Ліпецкай абласцях з 13 жніўня дзейнічае сістэма «цот-няцот»: аўтамабілі з няцотнай першай лічбай нумара запраўляюцца ў адзін дзень, з цотнай — у другі.
Найдаўжэйшыя чаргі фіксуюць у Сочы, дзе дэфіцыт паліва цягнецца ўжо чацвёртыя суткі. Мэрыя горада накіравала на аўтазаправачныя станцыі валанцёраў, а ў чэргах з’явіліся перакупшчыкі, якія прадаюць месца бліжэй да калонкі.