4 верасня 2026, Пятніца, 0:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасці суд спыніў справу ў дачыненні да праваабаронцы Рамана Кісляка

1
У Берасці суд спыніў справу ў дачыненні да праваабаронцы Рамана Кісляка
РАМАН КІСЛЯК

Аднак Кісляка не задавальняе фармулёўка, з якой спыненая справа.

Суддзя суда Ленінскага раёна г. Берасця Дзмітрый Шурын пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу ў дачыненні да праваабаронцы Рамана Кісляка ў сувязі са сканчэннем тэрміну накладання адміністрацыйнага спагнання. Пра гэта «Брестской газете» паведаміў сам праваабаронца.

Згодна з КаАП Рэспублікі Беларусь, тэрміны накладання адміністрацыйнага спагнання за ўчыненае правапарушэнне на падставе артыкула 23.34 складаюць не больш за два месяцы. Як вынікае з матэрыялаў справы, правапарушэнне Раман Кісляк учыніў 14 кастрычніка, калі ўдзельнічаў у незаконным пікетаванні супраць акумулятарнага завода на плошчы Леніна.

Нагадаем, суд над праваабаронцам адбыўся 24 кастрычніка. На пасяджэнні Кісляк заявіў, што ўсё, што ёсць у матэрыялах справы, ніяк не сведчыць пра тое, што было ўчыненае правапарушэнне. Ён пацвердзіў, што сапраўды знаходзіўся ў гэты дзень на плошчы ў сувязі са сваёй працай.

«Мая задача - весці відэаназіранне, пры неабходнасці рабіць фота- і відэаздымкі падзей. Я не ўдзельнічаю ў самой акцыі», - сказаў тады праваабаронца.

У выніку суддзя Дзмітрый Шурын пастанавіў вярнуць справу на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС у сувязі з парушэннямі, дапушчанымі пры складанні пратаколу. А 19 снежня падпісаў пастанову аб спыненні справы.

«Такі зыход гэтай гісторыі чакаўся мной, бо справа ў абвінавачванні мяне развалілася проста ў судзе. Калі не здолелі асудзіць мяне за кампанію з іншымі затрыманымі 14 кастрычніка, у міліцыі самі пастанавілі зацягнуць справу, каб выйшлі тэрміны прыцягнення да адказнасці. Я маю намер азнаёміцца з матэрыяламі новай справы, бо міліцыя склала новы пратакол, не папярэдзіўшы мяне аб гэтым. Не выключаю абскарджання пастановы суда, бо справа спыненая не на тых паставах, якія мяне рэабілітуюць. І, безумоўна, будзе абскарджанне дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, якія спрабавалі сфабрыкаваць адміністрацыйную справу супраць мяне, каб падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню», - у каментары «БГ» сказаў Кісляк.

Як ужо паведамлялася, удзень 14 кастрычніка на плошчы Леніна ў Берасці прайшло традыцыйнае нядзельная кармленне галубоў у знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Тады на плошчы Леніна ўпершыню разгарнулі расцяжку з надпісам супраць завода. На яе фоне выступілі Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Мікалай Статкевіч і іншыя. Прысутныя на плошчы людзі віталі іх воплескамі. У гэты дзень на плошчы сабралася амаль 130 чалавек. Пасля заканчэння не маўклівай акцыі прайшлі затрыманні актывістаў. Сярод іншых затрымалі і на дзень адправілі ў ІЧУ і Рамана Кісляка.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках