26 красавiка 2024, Пятніца, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскія рынкі пайшлі ў рост пасля ўгоды Трампа і Сі Цзіньпіна

Амерыканскія рынкі пайшлі ў рост пасля ўгоды Трампа і Сі Цзіньпіна
ДОНАЛЬД ТРАМП І СІ ЦЗІНЬПІН
Фота: EPA/UPG

Прыпыненне гандлёвай вайны паміж Кітаем і ЗША прывяло да імклівага росту амерыканскіх біржавых паказчыкаў.

Пасля адкрыцця амерыканскіх біржаў 3 снежня асноўныя паказчыкі накіраваліся ўверх, вынікае са звестак таргоў. Індэксы паказалі рост больш за 1% на фоне паспяховай дамоўленасці Вашынгтона і Пекіна аб прыпыненні гандлёвай вайны, паведамляе РБК.

Так, індэкс S&P500 пайшоў угору на 1,2%, дасягнуўшы паказчыка ў 2791 пункт. Індэкс высокатэхналагічных кампаній Nasdaq 100 паказаў рост у 1,33%, DJIA дадаў 1,29%.

«Большасць з нас спадзяваліся, што абмеркаванні [гандлёвай вайны] завершацца без якіх-небудзь новых тарыфаў і затрымак, і ў канчатковым выніку гэта мы і атрымалі», - пракаментаваў Investing.com паказчыкі рынку віцэ-прэзідэнт брокерскай кампаніі Charles Schwab Рэндзі Фрэдэрык.

Дамоўленасць аб замарозцы гандлёвай вайны паміж ЗША і КНР была складзеная Дональдам Трампам і Сі Цзіньпінам паводле вынікаў перамоў на саміце G20 у Буэнас-Айрэсе. Дамоўленасць прадугледжвае трохмесячны тэрмін, у які бакі павінны дасягнуць пагаднення аб поўным урэгуляванні ўзаемных прэтэнзій. На працягу гэтых 90 дзён Кітай і ЗША не будуць уводзіць новыя тарыфныя абмежаванні. Гэта азначае, што Вашынгтон, нягледзячы на першапачатковыя планы, не будзе з 1 студзеня ўводзіць мыты ў 25% на кітайскія тавары на агульную суму блізу $200 млрд. Сам амерыканскі прэзідэнт вызначыў дасягнутую дамоўленасць як саступку з боку Кітая і паведаміў, што Пекін пагадзіўся знізіць і адмяніць ўвазныя мыты на аўто з ЗША.

Рознагалоссі паміж Вашынгтонам і Пекінам зацягнулі працэс прыняцця выніковага камюніке саміту G20. Як распавялі агенцтву Reuters крыніцы ў еўрапейскіх дэлегацыях, дасведчаныя пра ход перамоў, у выніку з камюніке прыйшлося выключыць шэраг фармулёвак. Суразмоўцы агенцтва назвалі іх словамі-табу. Так, Вашынгтон настойваў на выключэнні з тэксту заявы слоў аб барацьбе з пратэкцыянізмам, а Пекін быў незадаволены фармулёўкамі, звязанымі з вядзеннем «справядлівых гандлёвых практык».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках