26 красавiка 2024, Пятніца, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канфіскаваны ў расейскага інвестара даўгабуд на Рэвалюцыйнай выставілі на аўкцыён

3
Канфіскаваны ў расейскага інвестара даўгабуд на Рэвалюцыйнай выставілі на аўкцыён
ФОТА: МАЯ КАХНО, TUT.BY

Аб'ект неўстаноўленага прызначэння выстаўлены на таргі з пачатковым коштам блізу 1,8 мільёна даляраў.

У Менску выставілі на аўкцыён даўгабуд на Рэвалюцыйнай, 24а, дзе планавалі ўзвесці шасціпавярховы апарт-гатэль. Пасля таго як улады канфіскавалі ў забудоўшчыка аб'ект, для яго шукаюць новага інвестара. Аб аўкцыёне паведамляецца на сайце Менгарвыканкама.

Забудоўшчыкам гатэля быў ТАА «Тэкстур» з расейскім капіталам. На Рэвалюцыйнай, 24а, інвестар планаваў рэканструяваць будынак і пабудаваць гатэль на шэсць паверхаў з кавярняй-барам. Здаць аб'ект планавалі яшчэ ў 2015 годзе.

Але планы так і не былі рэалізаваныя, а ў 2017 годзе стала вядома, што Менгарвыканкам забраў у забудоўшчыка гэты аб'ект. У чэрвені 2018 г. будоўля была закансерваваная, а цяпер абвешчаны аўкцыён продажу даўгабуда.

Гэты аб'ект неўстаноўленага прызначэння выстаўлены на таргі з пачатковым коштам блізу 3,87 млн рублёў, або прыкладна 1,8 мільёна даляраў. За такія грошы прапануецца выкупіць недабудаваны будынак і права арэнды зямельнага ўчастка на пяць гадоў для яго абслугоўвання.

ТАК ВЫГЛЯДАЛА БУДОЎЛЯ Ў 2015 ГОДЗЕ, КАЛІ ПАДЫХОДЗІЎ ДА КАНЦА ТЭРМІН ЗДАЧЫ
ФОТА: СЯРГЕЙ БАЛАЙ, TUT.BY

Агульная плошча аб'екта - 2574 кв.м. Цагляны будынак без даху складаецца з 5 надземных паверхаў і 2 падземных. Гатоўнасць аб'екта 58%.

Варта заўважыць, што арандаваная зямля - з абмежаваннямі. Як нам тлумачыў раней галоўны інжынер КУП «Менская спадчына» Міхаіл Жых, недабудаваны будынак не з'яўляецца гістарычнай каштоўнасцю. Але будуецца будынак у гістарычным асяроддзі, якое трапляе пад ахоўную зону як гістарычная забудова.

ТАКІ ГАТЭЛЬ ТУТ ЗБІРАЎСЯ ПАБУДАВАЦЬ ЗАБУДОЎШЧЫКУ «ТЭКСТУР»
ІЛЮСТРАЦЫЯ З САЙТА VARABYEU-ENGINEERING.COM

Згодна з умовамі аўкцыёну, пакупнік павінен размясціць тут гандлёвы аб'ект, выставачна-музейны, культурна-забаўляльны або агульнахарчовы аб’ект. Таксама на працягу двух гадоў неабходна распрацаваць і зацвердзіць праектную дакументацыю ў поўным аб'ёме, а прыступіць да работ - на працягу шасці месяцаў пасля зацвярджэння праекта.

Акрамя ўсяго іншага пакупнік павінен аплаціць балансатрымальніку «Менскай спадчыне» выдаткі на кансервацыю і правядзенне рынкавай ацэнкі аб'екта. Гэта абыдзецца ў суму 146 067 рублёў 24 капейкі.

Нагадаем, што кампанія-забудоўшчык «Тэкстур» афіляваная з расейскай кампаніяй «Маноліум працэсінг», якая павінна была забудаваць тэрыторыю тралейбуснага дэпо на Машэрава, але на пастанову горада страціла гэты ўчастка. Пра канфлікт мэрыі і маскоўскай кампаніі мы пісалі ў 2017 годзе. Тады «Маноліум працэсінг» рыхтавала судовыя пазовы да Беларусі і Менгарвыканкама, у тым ліку пазоў на 36,7 млн даляраў за экспрапрыяцыю аб'екта на Рэвалюцыйнай, 24а.

Аўкцыён пройдзе 4 студзеня 2019 года а 15.00 па адрасе: г. Менск, вуліца К. Маркса, 39, зала аўкцыёнаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках