26 красавiка 2024, Пятніца, 15:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады забароняць падаваць у суд на заводы, якія забруджваюць прыроду

15
Улады забароняць падаваць у суд на заводы, якія забруджваюць прыроду
Фота: «Радыё Свабода»

Ініцыятыва звязаная з пратэстамі вакол небяспечных для прыроды прадпрыемстваў.

У Беларусі падрыхтавалі змены ў Закон «Аб навакольным асяроддзі», і неўзабаве іх адправяць на разгляд у парламент. Экаактывісты мяркуюць, што ўлады новым законам абмяжуюць правы беларусаў і парушаць Орхускую канвенцыю аб доступе грамадзян да інфармацыі ў пытаннях аб навакольным асяроддзі, піша «Зялёны партал». Разбіраемся, што і навошта робяць чыноўнікі.

Якія плануюцца змены ў закон

Самае непрыемнае для экалагічных актывістаў - гэта намер уладаў прыбраць частку другую артыкула 100. Яе сутнасць у тым, што грамадскія аб'яднанні і грамадзяне могуць падаць пазоў у суд і запатрабаваць прыпынення працы прадпрыемства, якое парушае патрабаванні экалагічнай бяспекі і забруджвае навакольнае асяроддзе. Замест яе хочуць дадаць тры іншыя часткі, якія рэгулююць паўнамоцтвы дзяржорганаў.

Гэта значыць, экаактывістаў, недзяржаўныя арганізацыі (НДА) і простых грамадзян пазбавяць магчымасці ўплываць на працу прадпрыемстваў, якія шкодзяць прыродзе. На думку экспэртаў, гэта парушае Орхускую канвенцыю, якая гарантуе людзям права ўдзельнічаць у развязанні пытанняў, якія тычацца навакольнага асяроддзя. Канвенцыя ўвайшла ў дзеянне ў Беларусі яшчэ ў 2001 годзе.

Юрыст «Экадому» Сяргей Магонаў кажа, што ў шматлікіх краінах нармальна падаваць у суд што да кожнай спрэчкі, гэта значыць, там не патрэбныя спецнормы ў законе аб абароне прыроды ад выкідаў з заводаў: «Але толькі не ў Беларусі. Айчынная судовая сістэма дэградавала да ўзроўню адміністрацыйнага органа, і кожны пазоў, проста не памянёны ў заканадаўстве, рызыкуе быць не прынятым да разгляду судом, які спашлецца на непадведамаснасць спрэчкі суду».

Актывісты кажуць, што для выратавання сітуацыі яшчэ можна змяніць артыкул 15 Закона, паводле якога людзі могуць падаваць пазовы на прадпрыемствы, але для гэтага шкода ўжо павінна быць прычыненая. А частка другая артыкула 100 дазваляе падаць у суд яшчэ да прычынення шкоды.

Навошта гэта патрэбна ўладам

Афіцыйных каментароў што да гэтых змяненняў яшчэ не было. Аднак можна меркаваць, што ініцыятыва ўладаў звязаная з некалькімі канфліктамі вакол небяспечных для прыроды прадпрыемстваў:

• Беларуска-кітайскі завод уа вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску. Жыхары горада ўвесь час скардзяцца на дрэннае паветра, спрабуюць мітынгаваць і спыніць працу прадпрыемства, але беспаспяхова;

• Завод «Амкадор» уа вытворчасці спецмашын у Калодзішчах. Жыхары ўпэўненыя, што ён моцна сапсуе навакольнае асяроддзе вакол, а ўлады вельмі не хочуць паказваць вынікі экалагічнай экспэртызы праекта;

• Акумулятарны завод у Берасці. Сітуацыя аналагічная мінулым дзвюм. Мясцовыя жыхары пратэстуюць увесь 2018-ы год, улады шмат разоў забаранялі акцыі, а актывістаў каралі арыштамі і штрафамі. За гэты час берасцейцы сабралі амаль 40 тысяч подпісаў супраць завода, разаслалі некалькі сотняў зваротаў у розныя інстанцыі. Улады і кіраўніцтва завода ўпарта сцвярджаюць, што праблем з прадпрыемствам няма. Але ў выніку чагосьці актывісты дамагліся - да сярэдзіны снежня пройдзе другая экспэртыза праекта, а ў пачатку месяца асабіста міністр прыроды і аховы навакольнага асяроддзя сустрэўся з прадстаўнікамі пратэстуючых і блізу пяці гадзін абмяркоўваў праблему.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках