26 красавiка 2024, Пятніца, 7:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая лідарка партыі Мэркель: хто такая Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр?

15
Новая лідарка партыі Мэркель: хто такая Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр?
АНЕГРЭТ КРАМП-КАРЭНБАЎЭР

Новая лідарка ХДС мае рэальныя шанцы стаць наступнай канцлеркай Нямеччыны.

Аперацыя «пераемніца» ўдалася: новай лідаркай нямецкіх кансерватараў, старшынёй Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) на з'ездзе гэтай партыі ў Гамбургу 7 снежня пасля ўпартай барацьбы трох кандыдатаў за галасы дэлегатаў у другім туры зноў абраная жанчына. Прычым менавіта тая, якую хацела бачыць на гэтай пасадзе сама Ангела Мэркель, якая адмовілася ад партыйнай пасады, каб да заканчэння сваіх паўнамоцтваў у 2021 годзе заставацца канцлеркай ФРГ, піша DW.

Крамп-Карэнбаўэр: складанае імя, але простая абрэвіятура

Далёка не кожнаму немцу пад сілу з першага разу вымавіць імя новай старшыні ХДС і імаверна наступнай кандыдаткі на пасаду канцлеркі: Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр. Таму для прастаты яе нярэдка скарачаюць да абрэвіятуры АКК.

Доўгі час АКК, нягледзячы на поспехі ў роднай зямлі Саар, была мала вядомай фігурай у Бэрліне. У сталіцу Нямеччыны (і тым самым у вялікую палітыку) яна перабралася толькі вясной 2018 года. Тут яна заняла тую пасаду, з якой 18 гадоў таму пачала вялікую кар'еру і сама канцлерка ФРГ: генеральная сакратарка ХДС. Адразу стала відавочна, што Крамп-Карэнбаўэр - давераная асоба Ангелы Мэркель. Падабенства паміж імі моцнае, і многія ўважаюць яе ледзь не копіяй Мэркель: такая ж чужая пафасу і прагматычная, толькі крыху маладзейшая - канцлерцы сёлета споўнілася 64 гады, АКК - 56.

Іншае адрозненне ў тым, што Мэркель вырасла і жыла ў ГДР, а Крамп-Карэнбаўэр - на самым захадзе ФРГ, па суседстве з Францыяй. У Мэркель дзяцей няма, у АКК - тры дарослыя сыны. А вось у палітыцы абедзве - даўно. Крамп-Карэнбаўэр знаходзіцца ў ХДС з 18 гадоў, яшчэ столькі ж яна займала кіруючыя пасады на зямельным і федэральным узроўнях. Да пасады генеральнай сакратаркі яна ў якасці прэм'ер-міністаркі кіравала самай маленькай федэральнай зямлёй ФРГ - Саар. Дагэтуль Крамп-Карэнбаўэр дамагалася поспеху на самых розных этапах сваёй кар'еры і ў розных сферах, за што яе часта клічуць «універсальнай зброяй».

АКК: такая ж прагматычная, але больш кансерватыўная

Па сваіх палітычных поглядах АКК вельмі блізкая да Мэркель. І ўсё ж Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр - палітык больш кансерватыўны, чым цяперашняя канцлерка. Сама яна гэта, праўда, фармулюе інакш: асновай партыйнай ідэалогіі яна называе «хрысціянскае ўяўленне пра чалавека» і не жадае ператварэння ХДС «проста ў кансерватыўную партыю».

Слова «хрысціянскі» ў спалучэнні з «дэмакратам» для АКК - важны атрыбут. Вось прыклад: яна была супраць пастановы аднаго з мясцовых судоў, які пастанавіў прыбраць крыж з залы, дзе праходзяць судовыя пасяджэнні. Хрысціянскі сімвал - «напамін аб пакоры» і пра тое, «што чалавек - не вянок тварэння». Крамп-Карэнбаўэр - верніца каталічка і сябра Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў.

Рашэнне бундэстага аб прызнанні аднаполых шлюбаў, за якое прагаласавалі шматлікія яе аднапартыйцы, яна не падтрымала, уважаючы, што павінна быць выразная мяжа паміж класічным шлюбам і іншымі формамі сумеснага жыцця партнёраў з дзецьмі. АКК таксама за больш строгія правілы абортаў і супраць іх рэкламы. Часам яна мяняе погляды, але і не баіцца бараніць свой пункт гледжання, які не абавязкова падзяляе большасць у партыі.

Больш жорсткая ў пытаннях міграцыі і Расеі

Крамп-Карэнбаўэр падтрымлівала Мэркель у яе рашэнні прыняць рэкордную колькасць уцекачоў у 2015 годзе, але ў той жа час не стамлялася паўтараць, што для шчаснага суіснавання ўсе павінны выконваць устаноўленыя ў Нямеччыне правілы. АКК выступае за больш жорсткія пакаранні ў дачыненні да тых мігрантаў, якія ўводзяць улады ФРГ у зман наконт свайго паходжання. Яна выступае таксама за паслядоўнае выправаджэнне з краіны тых, чыё прашэнне аб выдаванні прытулку адхіленае.

У Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр пакуль мала досведу на міжнароднай арэне. Але ён на пасадзе старшыні ХДС і не мае першараднага значэння. Аднак ён вельмі важны для кандыдата ў канцлеры. У АКК цяпер будзе, відавочна, тры гады, каб такі досвед набыць. Зрабіць гэта на ўзроўні Еўразвязу ёй будзе не цяжка: яе праеўрапейская арыентацыя больш чым відавочная.

Што тычыцца стасункаў з Расеяй, то нейкай асаблівай пазіцыі, адрознай ад лініі Ангелы Мэркель і агулам ХДС, у Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр няма. Яна крытычна ацэньвае замежную палітыку Крамля, але ў той жа час прапануе і далей актыўна карыстацца існымі каналамі зносін з Масквой.

У той жа час у пытанні санкцый у дачыненні да Масквы пазіцыя Крамп-Карэнбаўэр апошнімі тыднямі прыкметна сталі больш жорсткімі. Калі яшчэ не так даўно яна даволі расплывіста задавалася пытаннем, «а якія ёсць альтэрнатывы» дзейным абмежавальным мерам, то пасля канфлікту ў Керчанскай пратоцы прапанавала забараніць расейскім суднам з рэгіёну Азоўскага мора заходзіць у еўрапейскія і амерыканскія парты.

«Я ўважаю, што неабходна зрабіць высновы з атрыманага досведу, які кажа пра тое, што наша лінія паводзінаў яшчэ не дасягнула патрэбнай калянасці. Інакш Пуцін не адважыўся б на гэты крок», - заявіла Крамп-Карэнбаўэр.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках