26 красавiка 2024, Пятніца, 9:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg паведаміў пра інфармацыйную атаку крамлёўскіх ботаў на Францыю

1
Bloomberg паведаміў пра інфармацыйную атаку крамлёўскіх ботаў на Францыю

У апошні тыдзень у фокусе парадку 600 старонак у Twitter, якія прапагандуюць пракрамлёўскія погляды.

Паводле інфармацыі Bloomberg, на фоне пратэстаў «жоўтых камізэлек» у Францыі і сутыкненняў груп дэманстрантаў з паліцыяй у сацыяльных сетках актывізаваліся крамлёўскія боты, паведамляе DW.

Сярод парадку 600 старонак у Twitter, вядомых прапагандай пракрамлёўскіх поглядаў, галоўным хэштэгам цяпер з'яўляецца #giletsjaunes - французскае найменне пратэстнага руху, піша інфармагенцтва ў суботу, 8 снежня. Пры гэтым яно спасылаецца на звесткі Альянсу за забеспячэнне дэмакратыі, які з'яўляецца падраздзяленнем Нямецкага фонду Маршала Злучаных Штатаў (GMF) і які займаецца маніторынгам пракрамлёўскіх старонак і іншай прапагандысцкай актыўнасці РФ.

У апошні тыдзень фокус зрушыўся на Францыю

Як адзначае далей агенцтва, як правіла, на гэтых старонках размяшчаюцца допісы пра ЗША і Вялікабрытанію. Аднак на працягу па меншай меры тыдня іх увага была сфакусаваная на французскіх пратэстах, адзначае экспэрт альянсу ў галіне сацыяльных сетак Брэт Шэйфер. «Гэта даволі відавочная прыкмета наяўнасці зацікаўленасці ў раздзіманні канфлікту» ў вачах аўдыторыі за межамі Францыі, упэўнены ён.

Пры гэтым, паводле звестак Bloomberg, асноўнай тэмай нядаўніх твітаў, якія публікаваліся на пракрамлёўскіх старонках, было сцвярджэнне, што французскія праваахоўныя органы знаходзяцца на мяжы бунту. Гэтая гіпотэза, не падмацаваная фактамі, нагадвае іншыя кампаніі Крамля па дэзінфармацыі, якія былі накіраваныя на рост недаверу да заходніх урадаў, указаў далей экспэрт.

Старонкі прасоўваюць кантэнт «Спутника» і RT

Большая частка кантэнту, што прасоўваецца гэтымі старонкамі - матэрыялы расейскіх дзяржаўных СМІ, уключаючы навінавы сайт «Спутник», тэлекампанію Russia Today, а таксама агенцтва Ruptly, што ёй належыць. Звесткі СМІ надаюць пільную ўвагу французскаму крызісу, адзначае Bloomberg. У апошнія дні «Спутник» і RT паведамілі пра тое, што большасць французскіх паліцыянтаў ужо не падтрымліваюць прэзідэнта краіны Эмануэля Макрона і перайшлі на бок пратэстоўцаў. Пры гэтым яны спаслаліся на прадстаўнікоў дзвюх невялікіх паліцэйскіх аб'яднанняў.

Акрамя таго, звесткі СМІ паказалі відэа, знятае ў горадзе По на паўднёвым захадзе Францыі і якое паказвае, як паліцыянты знялі свае шлемы. Гэты жэст быў расцэнены «Спутникам» і RT як знак салідарнасці паліцыі з прысутнымі. Між тым мясцовая паліцыя і прысутныя на месцы журналісты заявілі, што такая інтэрпрэтацыя некарэктная. У рэчаіснасці некаторыя паліцэйскія знялі шлемы на кароткі час, каб пагаварыць з удзельнікамі пратэстнай акцыі, і затым зноў іх надзелі, гаворыцца далей у матэрыяле Bloomberg.

125 тысяч удзельнікаў

Падчас маштабных антыўрадавых пратэстаў у Францыі 8 снежня былі затрыманыя 1723 чалавекі, 1220 з іх адпраўленыя пад варту. Усяго ў дэманстрацыях па ўсёй краіне ўзялі ўдзел 125 тысяч чалавек, 10 тысяч з якіх пратэставалі ў Парыжы.

Дэманстрацыі сталі працягам пратэстаў, якія пачаліся ў сярэдзіне лістапада. Тады прадстаўнікі руху «жоўтых камізэлек» і іх прыхільнікі выйшлі на вуліцы супраць планаў павышэння коштаў на аўтамабільнае паліва. Пасля таго як урад увёў мараторый на павышэнне падаткаў на паліва, мітынгоўцы сталі пратэставаць у цэлым супраць рэформаў урада і прэзідэнта Макрона.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках