6 траўня 2024, панядзелак, 21:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Жамчужны прадаўжае бараніць свае правы

2
Міхаіл Жамчужны прадаўжае бараніць свае правы
МІХАІЛ ЖАМЧУЖНЫ

Палітвязень будзе дамагацца пераводу ў іншую калонію.

8 лютага скончыўся месячны тэрмін утрымання палітвязня Міхаіла Жамчужнага ў ПКТ папраўчай калоніі №9 горада Горкі. Як стала вядома праваабарончаму цэнтру "Весна", у гэты ж дзень ён атрымаў чарговае пакаранне - 10 дзён зняволення ў штрафным ізалятары. Прычына ранейшая: адмова пераходзіць у атрад, сфармаваны з вязняў з "нізкім статусам". Гэта ўжо 19-е спагнанне, накладзенае на Міхаіла Жамчужнага са жніўня 2017 года, пасля пераводу ў Горацкую калонію.

Падчас знаходжання Міхаіла Жамчужнага ў ПКТ яго двойчы наведваў прадстаўнік Магілёўскай абласной пракуратуры, рэагуючы на скаргі аб непрадастаўленні адміністрацыяй калоніі бяспечных варункаў утрымання, а таксама на скаргі пра пагрозы з боку спецкантынгенту, якія, на думку палітвязня, арганізаваны адміністрацыяй. Праверка пакуль не закончаная.

У пракуратуру і адміністрацыюкалоніі накіраваныя скаргі з нагоды нападу на Міхаіла Жамчужнага 24 студзеня невядомым у чорных акулярах, чорнай шапцы і пальчатках у калідоры санчасткі папраўчай установы. Аператыўныя супрацоўнікі калоніі ўжо прынялі заяву палітвязня, але вынікі праверкі інцыдэнту пакуль невядомыя.

Няма пакуль і вынікаў праверкі фактаў, звязаных з некалькімі эпізодамі харчовага атручвання Міхаіла Жамчужнага, якія мелі месца ў канцы снежня 2017 года і 28 студзеня гэтага года. 12 лютага да гэтых эпізодаў з палітвязнем сустракаліся прадстаўнікі санэпідэмстанцыі пасля атрыманых скаргаў ад праваабаронцаў. Цяпер Жамчужны пастаўлены медыкамі на чаргу на правядзенне рэнтгена страўніка.

Міхаіл Жамчужны актыўна абскарджвае накладзеныя на яго спагнанні і ў судовым парадку. Атрымаўшы днямі з управы ДВП Магілёўскай вобласці адмову ў задавальненні скаргі на вынесеныя спагнання ў верасні-кастрычніку 2017 года (4 верасня - адзін месяц ПКТ, 5 кастрычніка - 10 дзён штрафнога ізалятару, 16 кастрычніка - 10 дзён штрафнога ізалятару, 26 кастрычніка - пяць дзён штрафнога ізалятару ), палітвязень накіраваў скаргу на гэтыя спагнанні ў Горацкі раённы суд.

У гэты ж суд накіраваная таксама скарга на вынесены 23 студзеня гэтага года спагнанне ў выглядзе 3 дзён штрафнога ізалятара (яно было вынесена падчас знаходжання Жамчужнага ў ПКТ, падставай адміністрацыя назвала невыкананне прыборкі памяшкання).

На 10 гадзін раніцы 5 сакавіка ў Магілёўскім абласным судзе прызначаны разгляд касацыйнай скаргі на пастанову Горацкага раённага суда ад 2 студзеня які адмовіў у задавальненні скаргі на папярэднія 3 спагнанні, вынесеныя ў жніўні 2017 года.

Баронячы сваю чалавечую годнасць і змагаючыся за бяспеку жыцця і здароўя, Міхаіл Жамчужны мае намер найбліжэйшым часам звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў аб пераводзе яго з ПК №9 горадзе Горкі ў іншае месца адбывання пакарання.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках