26 красавiка 2024, Пятніца, 9:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лынтупах адраджаюць памяць пра герояў паўстання 1831 года

1
У Лынтупах адраджаюць памяць пра герояў паўстання 1831 года

Барацьбу краязнаўцаў і актывістаў падтрымліваюць мясцовыя жыхары.

«Падарожнічаючы па Беларусі, не раз даводзілася сустракаць у вёсках і пасёлішчах цікавыя, але амаль закінутыя, помнікі. Ніколі не ведаеш, дзе знойдзеш такую славутасць: на мясцовых могілках ці на дарозе, ці ля самага заезду. Часам іх лёс незайздросны, бо вёскі выміраюць, а цікавасць да помнікаў захоўваюць толькі нешматлікія аматары мясцовай гісторыі, якія, зрэшты, ніколі не супраць іх паказаць», - пішуць журналісты «Віцебскага кур'ера».

«Так і пачалася гэтая гісторыя: падчас паездкі ў Лынтупы, гарадское паселішча ў Пастаўскім раёне, мясцовы жыхар і аматар роднай гісторыі Ігар Пастухоў надумаў паказаць нам цікавы помнік, размешчаны недалёка ад мястэчка Жакі. Праўда, замест славутасці, на заснежаных палях мы выявілі толькі яго рэшткі. А памятны крыж быў зламаны і ляжаў асобна ад пастамента.

Крыж у вёсцы Жакі быў усталяваны ў памяць аб удзельніках паўстання 1831 года, якое таксама называюць «польскім» або «лістападаўскім». Хоць для Беларусі яно было хутчэй «красавіцкім», бо фактычна пачалося ў нас толькі вясной 1831 года.

Гэта быў нацыянальна-вызваленчы рух супраць улады Расейскай Імперыі, у рамках якога жыла ідэя аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Адной з яго знакамітых удзельніц была і Эмілія Плятэр, якую называюць «беларускай Жаннай Д'Арк». Паўстанне закранула тэрыторыі Царства Польскага, Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Пры гэтым, аднымі з першых у Беларусі яго падтрымалі на землях цяперашняга Пастаўскага раёна, і толькі на некалькі дзён раней яно пачалося на Расоншчыне.

Да пачатку жніўня 1831 года паўстанне было здушанае на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

У спробах разабрацца ў лёсе помніка пад вёскай Жакі мы даведаліся, што крыж усталявалі тут у 2007 годзе з ініцыятывы мясцовых краязнаўцаў Аляксандра Гарбуля і Міхася Гіля. Крыж знаходзіцца на пляцы, які належыць фермерскай гаспадарцы і не лічыцца на балансе Лынтупскага сельскага выканаўчага камітэта. Акрамя таго, у адказе Пастаўскага райсавету было пазначана, што «дакладных звестак аб пахаванні (паўстанцаў на месцы ўстаноўкі помніка — заўв аўтара) цяпер няма» і патлумачана, што «стварэнне і ўстаноўка помнікаў у Беларусі праводзіцца паводле пастановы мясцовага выканаўчага і распарадчага органа на падставе высновы Міністэрства культуры».

Мы звярнуліся да краязнаўцы Пастаўскага раёна Алесю Гарбуля, каб даведацца, як усё ж з'явіўся памятны крыж і ці сапраўды ён знаходзіцца на тым самым месцы, дзе знайшлі спачын парэшткі загінулых у паўстанні 1831 года. Высветлілася, што помнік у вёсцы Жакі існаваў тут і раней, яшчэ за польскай уладай. Вось што распавёў нам Алесь Гарбуль:

«З аповядаў старых, за Польшчай на гэтым месцы таксама стаяў помнік паўстанцам 1831 года з надпісам на польскай мове. Яшчэ мне распавядаў адзін дзед з вёскі Шудаўцы, побач з Лынтупамі, што, калі ён быў меншым, ягоны старэйшы брат казаў, што іх з лынтупскай школы за Польшчай вадзілі на экскурсію да таго помніка. І столькі яшчэ шмат розных мясцовых людзей казалі пра гэта, што там былі гэтыя пахаванні. Гэта значыць, практычна відавочна, што гэта праўда»

Краязнаўца выказаў здагадку, што хутчэй за ўсё ў зямлі пад вёскай Жакі ляжаць парэшткі загінулых пры штурме Свенчан, цяперашняга Швянчоніса ў Літве. Паўстанне ў гэтых месцах пачалося каля вёскі Палессе ў Лынтупскім раёне, і лынтупчукі маглі далучыцца да паўстанцаў толькі па дарозе ў раёне вёскі Жакі.

Дарэчы, каля памятнага крыжа на гэтым месцы гісторыя не менш багатая і трагічная: першапачатковы манумент быў знішчаны яшчэ ў 50-60-ых гадах, за савецкай уладай.

«У тыя часы тут быў такі старшыня калгасу на прозвішчы Яраслаўцаў, у пачатку 60-ых, можа, у канцы 50-ых, на ягоны загад гэтую пліту з польскімі надпісамі замуравалі ў падмурак падчас будаўніцтва стайні недалёка адтуль. Пасля быў яшчэ адзін аграном, ужо за іншым старшынём, які загадаў пераараць гэтае месца, каб і следу не было. Усе нашыя мясцовыя трактарысты адмовіліся. Тады ён знайшоў нейкага трактарыста, які прыезджы быў і не ведаў, што там, у гэтай зямлі. Кажуць, што калі ён пачаў араць, убачыў: а там жа чалавечыя косткі! І ўсё — адмовіўся і ён. Нават пад пагрозай арышту, усё адно адмовіўся араць. Таму гэтыя косткі цяпер трохі ўніз па схіле расцягнутыя»

На пытанне, што падштурхнула краязнаўцаў усталяваць помнік у 2007 годзе, Алесь Гарбуль адказаў нам так:

«Гэта была не ўстаноўка, а аднаўленне. Мы аднавілі справядлівасць. Тым больш, мой дзядзька расказваў, што мой прапрадзед удзельнічаў у гэтым паўстанні і там ляжаць косткі і маіх продкаў. Калі мы ставілі помнік, то ні да каго не звярталіся з уладаў, проста ўсталявалі там, дзе нам старыя паказалі месца прыкладна»

Пра тое, што помнік быў разбураны, Алесь Гарбуль даведаўся выпадкова, бо старых у вёсцы ўжо няма, і не было каму расказаць, у якім стане знаходзіцца славутасць.

«Гэта калгасная зямля, яе ўзяў у арэнду адзін чалавек з суседняй вёскі, каб пасвіць там кароў. Пра помнік ніхто ні ведаў: ні калгас, ні гэты чалавек. Тым больш, што надпіс на пліце пад крыжам ужо даўно рассыпаўся: ну, стаіць сабе нейкі крыж. Каровы яго і павалілі. Тады помнік проста абкапалі, каб жывёлы ногі не пераламалі»

Да таго, як літары на пліце сцерліся ад часу, тут можна было прачытаць радкі Джорджа Байрана, перакладзеныя на беларускую мову:

«Вы, жыхары Касцюшкавай зямлі,

Якую скрозь крывею залілі

Сатрапы кацярынінскіх часоў…

Вы не забыліся на тую кроў?

Джордж Байран. Тут спачываюць волаты-продкі, удзельнікі вызваленчага паўстання 1830-1831 года. Вечная слава героям»

Нягледзячы на тое, што крыж быў разбураны, памятнае месца пад вёскай Жакі не знікне. Бо краязнаўцы гатовыя заняцца яго аднаўленнем.

«Мы ўжо выразалі новую пліту з граніту. Як здароўе дазволіць, спадзяюся заняцца помнікам з вясны. Мы хочам аформіць помнік афіцыйна, паводле заканадаўства, тады і адказнасць будзе за яго псаванне. Так што хочам надаць яму статус гістарычна-культурнай спадчыны»

Гісторыя пра паўстанцаў, пахаваных у лынтупскай зямлі, усё ж не будзе забытая. Спадзяемся, што краязнаўцам зноў атрымаецца аднавіць справядлівасць і ўжо ў гэтым годзе спіс славутасцяў Пастаўскага раёна папоўніцца новым помнікам. Пра яшчэ адзін аб'ект гістарычна-культурнай спадчыны ў Пастаўскім раёне, сядзібу мастака Ромера з старажытнага саксонскага роду, чытайце на нашым сайце».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках