26 красавiка 2024, Пятніца, 0:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абліччы Майдана

2
Абліччы Майдана

Як змянілася жыццё ўкраінцаў пасля Рэвалюцыі годнасці.

20 лютага 2014 года. Гэты дзень потым назавуць пераломным у гісторыі ўкраінскай Рэвалюцыі годнасці. Тры месяцы жорсткіх супрацьстаянняў. Больш за сотню загінулых з абодвух бакоў і сотні траўмаваных. Такую плату заплацілі ўкраінцы за светлую еўрапейскую будучыню, піша сайт "Настоящее время".

"У Еўропе. Украіна будзе сярод усіх свабодных народаў свету. Мы не будзем рабамі, мы будзем свабоднымі людзьмі", - крычалі тады людзі.

Праз чатыры гады пасля тых цяжкіх дзён на Майдане нагадваюць толькі партрэты загінулых, кветкі і свечкі. Кардынальна змянілася і жыццё саміх пратэстоўцаў.

Цяпер у Юліі Тычкоўскай шчыльны графік - сустрэчы, перамовы, нарады. Да рэвалюцыі яна выкладала ў Кіеўскай школе эканомікі. У разгар пратэстаў дзяўчына арганізавала так званы Адкрыты ўніверсітэт Майдана: склала вучэбную праграму і ў 20-градусны мароз пачала чытаць лекцыі пратэстоўцам. Пазней да праекта далучыліся і іншыя.

"[Далучыліся] выпускнікі Кіева-Магілянскай бізнэс-школы, мае калегі з Кіеўскай школы эканомікі, вельмі шмат валанцёраў. Гэта быў такі працэс для мяне абсалютна казачны, гэта было для мяне цудам, калі ты пачынаеш нешта рабіць і людзі проста прыходзяць, становяцца побач і робяць", - распавядае Тычкоўская.

Праект існуе і сёння. Акрамя таго, нядаўна Юлія стала выканаўчым дырэктаркай міжнароднай арганізацыі, якая навучае маладых лідараў з усяго свету. А ў пачатку года амерыканскі Forbes уключыў яе ў трыццатку самых перспектыўных людзей свету маладзейшых за 30 гадоў. На цырымонію ўзнагароджання ў Лондан Юлія не ездзіла, кажа, што скептычна ставіцца да ўзнагарод у прынцыпе, хоць усё адно была радая.

"Такое пазіцыянаванне, што мы з гэтай тэмай, з нашымі праектамі, як Украіна, прадстаўленыя ў глабальнай супольнасці, гэта для мяне моцны аргумент", - кажа дзяўчына.

Азіраючыся на падзеі чатырохгадовай даўніны, Юлія ўважае Майдан за перамогу. Нягледзячы на тое, што новая ўлада, на думку Тычкоўскай, пераняла вельмі многае ад старой.

"Ёсць шмат пазітыўных рэчаў, якія адбыліся. Мы ўсе змяніліся. Вельмі шмат людзей, якіх я ведаю, у маім асяроддзі, натуральна, я не кажу аб крытычнай масе ў кантэксце краіны, але я кажу пра вялікую колькасць людзей, якія пачалі нешта рабіць для сваёй краіны, якія пачалі браць на сябе больш адказнасці, якія перасталі скардзіцца, што ўсё дрэнна, усё вінаватыя, а пачалі браць і рабіць", - кажа Тычкоўская.

Яшчэ адзін актывіст Майдана - 33-гадовы львовец Назар Гардзіняк. Да Майдана ён працаваў паспяховым стаматолагам, цяпер жыве ў аскетычным пакоі інтэрната. На стале кампутар і стосы спісанай паперы - Назар піша кнігу - гісторыю сучаснай Украіны ад Майдана да анэксіі Крыма і ўзброенага сутыкнення на Данбасе.

"Мне Майдан даў падрыхтоўку да вайны таму, што я ўжо прыехаў у АТА, і я ўжо ведаў, што рабіць. Гэта значыць падрыхтоўка як медыка, з чым давядзецца сутыкацца, таму што я ўжо бачыў смерці на Майдане", - кажа Гардзіняк.

Падчас рэвалюцыі Назар быў медыкам, а ў самыя вострыя моманты дапамагаў будаваць барыкады, займаўся іншай працай. Цяпер перабіваецца часовымі заробкамі, дапамагае параненым вайскоўцам і ўжо ўявіць сябе на старой працы не можа. 20 лютага 2014 года дагэтуль узгадвае з жахам.

"Было два стрэлы. Я перад сабой убачыў чалавека, які сядзеў на лавачцы, і ён упаў. Я не зразумеў, я думаў, што яму проста дрэнна стала. Паварочваюся, а ззаду дзяўчыну падстрэлілі ў шыю. І тады мяне ахапіў вельмі моцны панічны страх таму, што я ў гэты момант не ведаў, што рабіць", - успамінае Гардзіняк.

Майдан для Назараў скончыўся, калі пахавалі ўсіх загінулых. Усё, што адбывалася далей, таксама не пакінула яго ў баку. З пачаткам расейскай агрэсіі Назар уступіў ва ўзброеныя сілы. Вайсковым медыкам ён прайшоў мноства гарачых мясцін ад Марыўпаля да Саур Магілы. Аднак, кажа Назар, Майдан для яго быў значана больш страшны за вайну.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках