19 красавiка 2024, Пятніца, 10:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лондан папрасіў ЕЗ не скарачаць пераходны перыяд Brexit

Лондан папрасіў ЕЗ не скарачаць пераходны перыяд Brexit

Лондан просіць ЕЗ захаваць фактычнае сяброўства краіны ў саюзе да 2021 года.

Лондан не згодны з пастановай Брусэля скараціць перыяд адаптацыі бакоў да ўмоў Brexit. Урад прэм'еркі Тэрэзы Мэй прапануе Еўразвязу абмеркаваць дакладныя тэрміны ўкаранення новых правілаў. Гэта вынікае з адказу ўрада Вялікабрытаніі на апублікаваныя 7 лютага прапановы Еўракамісіі. Брытанскі дакумент 21 лютага апублікавала агенцтва Bloomberg, яго сапраўднасць у радыёэфіры Бі-бі-сі ў сераду пацвердзіў намеснік міністра выхаду з ЕЗ Стыў Бэйкер, паведамляе РБК.

Фармальнае завяршэнне працэсу Brexit павінна адбыцца да 29 сакавіка 2019 года - праз два гады пасля таго, як Лондан накіраваў у Брусэль афіцыйны ліст з намерам выйсці з ЕЗ.

Аднак перад тым, як стасункі Брытаніі з Еўропай запрацуюць у новай якасці, бакі дамовіліся ўсталяваць «пераходны перыяд» з прамежкавымі ўмовамі, каб бізнэс і ўрады краін прывыклі да новых рэалій. Самі ўмовы яшчэ падлягаюць абмеркаванню паміж Лонданам і Брусэлем, працягласць жа пераходнага перыяду, па першапачаткова ўзгодненаму плану, павінна была скласці два гады - да сакавіка 2021 года.

У снежні 2017 года галоўны перамоўшчык з боку ЕЗ Мішэль Барні адзначаў, што «пераходны перыяд» варта скараціць на некалькі месяцаў - да 31 снежня 2020 года. Ужо 7 лютага гэткія, больш жорсткія, патрабаванні былі зацверджаныя ў прапановах Еўракамісіі «пераходнага перыяду».

«Працягласць працэсу павінна быць прывязаная да таго, колькі часу спатрэбіцца на выбудоўванне новых сістэм і працэсаў, якія складуць падмурак нашага будучага партнёрства», - гаворыцца ў адказе брытанскага ўрада. Лондан «згодны, што гаворка пойдзе пра перыяд каля двух гадоў», але прапануе ЕЗ абмеркаваць меркаваныя даты.

Крыніцы агенцтва Reuters у Брусэлі распавялі, што ў ЕЗ сапраўды сумняваюцца ў гатоўнасці Вялікабрытаніі да паўнавартаснага пераходу на новыя ўмовы.

Акрамя таго, у сваім дакуменце брытанскі ўрад выказвае жаданне, каб правы і абавязкі Вялікабрытаніі як сябра ЕЗ захоўваліся на ўсім працягу «пераходнага перыяду». У дакуменце Еўракамісіі ад 7 лютага прапаноўвалася ўжо на гэты перыяд выключыць Брытанію з законаў ЕЗ пра абмен «адчувальнай інфармацыяй» паміж сябрамі саюза і трэцімі краінамі. Лондан адхіляе гэтую прапанову як дыскрымінацыйную, прапанаваўшы ўдакладніць паняцце «адчувальнасці».

Брытанскі ўрад таксама прапануе Брусэлю ўдакладніць пазіцыю і дазволіць захаваць удзел Вялікабрытаніі ў працы еўрапейскіх органаў на «пераходны перыяд». У тым ліку захаваць Банк Англіі ў сістэме еўрапейскіх цэнтрабанкаў. Пры гэтым палажэнні, якія абмяжоўваюць самастойнасць брытанцаў (напрыклад, патрабаванне не прасоўваць на міжнародных пляцоўках погляды, якія супярэчаць пазіцыі ЕЗ) Лондан прапануе згладзіць або папросту выразаць з выніковага пагаднення.

На думку The Guardian, урадавы адказ па «пераходнай угодзе» здольны справакаваць далейшыя трэнні ўнутры кіруючай Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. У пятніцу, 16 лютага, 62 з 316 дэпутатаў-кансерватараў апублікавалі ліст на імя прэм'ер-міністра Тэрэзы Мэй, дзе заклікалі да «жорсткага Brexit»: поўнай юрыдычнай аўтаноміі ад Еўропы і гандлю паводле агульнасусветных правілаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) ужо ў «пераходны перыяд», не чакаючы ўступлення пагаднення ад Brexit у дзеянне. Умераныя кансерватары, напрыклад, экс-міністр адукацыі Нікі Морган, заявілі, што такім лістом правае крыло партыі спрабуе «захапіць урад у закладнікі».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках