МЗС Украіны: Беларусь дагэтуль не патлумачыла выкраданне Паўла Грыба
- 26.02.2018, 20:09
- 8,921
Украінец Павел Грыб быў выкрадзены расейскімі спецслужбамі ў Гомелі.
Міністэрства замежных спраў Украіны не атрымала ніякага адказу ад беларускага боку пра знікненне ў Гомелі ўкраінца Паўла Грыба і перавозку яго ў расейскае СІЗА ў жніўні 2017 года.
Пра гэта «Украинской правде» паведамілі ў дыпламатычным ведамстве.
«На сёння мы не атрымлівалі ад Беларусі тлумачэнняў, чаму ён быў затрыманы, якія былі абставіны яго знікнення», - сказалі ў МЗС Украіны.
На гэты момант афіцыйных папярэджанняў пра наведванне Беларусі ўкраінцамі няма, але МЗС Украіны ўсё ж рэкамендуе ўкраінскім грамадзянам быць асцярожнымі пры наведванні нашай краіны.
«З улікам сітуацыі з Грыбам і іншых выпадкаў, калі людзей выкрадалі на тэрыторыі Беларусі, трэба быць больш асцярожнымі пры наведванні гэтай краіны, тым больш, улічваючы, што яна мае агульную ўязную зону з Расеяй і ўваходзіць у адзіную вайскова-палітычную прастору з ёй», - сказала прэс-сакратарка МЗС Украіны.
Раней бацька Паўла Ігар Грыб паведаміў, што 22 лютага ўпершыню за 3 месяцы ўкраінскаму консулу ўдалося наведаць яго сына.
Ён адзначыў, што са слоў консула, хлопец вельмі бледны, працягвае скардзіцца на дрэнны стан здароўя, моцны боль у страўніку, агульную слабасць і страту вагі. Таксама бацька паведаміў, што з лістапада мінулага года кіраўніцтва СІЗА не перадало Паўлу ніводнага ліста ад родных.
Як вядома, Павел Грыб знік 24 жніўня ў Беларусі. На аўтастанцыі Гомеля яго выкралі невядомыя людзі ў цывільным і перадалі іншым невядомым людзям у нейкім лесе. Больш за дзень яго трымалі ў памяшканні без вокнаў, пасля чаго адвезлі ў Смаленскую вобласць, дзе аформілі арышт.
Беларусь сваёй віны ў выкраданні ўкраінца расейскімі спецслужбамі не прызнае. Міністэрства замежных спраў Беларусі не адказала на ноты Украіны пра абставіны затрымання расейскімі сілавікамі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба ў Гомелі.
15 снежня 2017 году суд Краснадара працягнуў тэрмін утрымання пад вартай Грыба да 4 сакавіка 2018 года.