17 лiстапада 2023, Пятніца, 5:18
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Жандармерыя Аргентыны заявіла пра сапраўднасць фота Іл-96 са справы пра какаін

12
Жандармерыя Аргентыны заявіла пра сапраўднасць фота Іл-96 са справы пра какаін

Самалёт атрада «Расея» Іл-96 прызначаны для перавозкі расейскіх першых асоб.

Фотаздымкі, апублікаваныя раней жандармерыяй Аргентыны ў рамках расследавання «какаінавай справы», на якіх відаць, як у самалёт грузяць валізкі, сапраўдныя. Пра гэта РБК заявілі ў жандармерыі.

«Апублікаваны фотаматэрыял з'яўляецца афіцыйным, і ён прысутнічае ў матэрыялах следства», - паведамілі аргентынскія сілавікі.

РБК адправіў запыт афіцыйнай прадстаўніцы ўпраўлення справамі прэзідэнта Расеі Алене Крыловай. Звязацца праз тэлефон з ёй не ўдалося.

Раней у сваім афіцыйным Twitter жандармерыя Аргентыны апублікавала фатаграфіі з крымінальнай справы пра спыненне канала паставак наркотыкаў з Аргентыны ў Расею. Сярод іншых быў апублікаваны здымак з лайнерам, у які загружалі валізкі, дзе, як меркавалі арганізатары канала, павінны былі знаходзіцца 400 кг какаіну. На здымках бачны бартавы нумар самалёта – 96 023.

Лайнер з такім бартавым нумарам, паводле звестак рэсурсу russianplanes.net (пасля публікацыі матэрыялу РБК рэсурс быў недаступны, захаваную версію старонкі сайта можна знайсці ў кэшы Google), належыць ФДБУ «Спецыяльны лётны атрад (СЛА) «Расея» Упраўлення справамі прэзідэнта Расеі, якая спецыялізуецца на перавозцы першых асоб дзяржавы.

Аднак пасля публікацыі матэрыялу Алена Крылова заявіла «Інтэрфаксу» пра магчымую фальсіфікацыю фотаздымкаў лайнера спецатрада «Расея». З ейных слоў, звесткі пра тое, што борт 96023 удзельнічаў у перавозцы «какаіну», «не адпавядаюць рэчаіснасці». «Журналісты зрабілі высновы на падставе недакладнай інфармацыі - у гэтым выпадку фатаграфіі, якую дзякуючы сучасным тэхналогіям можна лёгка фальсіфікаваць», - сказала яна, дадаўшы, што на здымку «няма дакладнага нумару борта».

Як паведаміла 22 лютага на прэс-канферэнцыі ў Буэнас-Айрэсе міністарка нацыянальнай бяспекі Аргентыны Патрыцыя Булрыч, менавіта ў снежні 2017 года груз какаіну быў накіраваны «як дыпламатычны багаж на расейскім урадавым самалёце».

Груз, як паведаміла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава, належаў супрацоўніку тэхнічнага складу дыпмісіі, які да таго часу скончыў працу паводле працоўнай дамовы. МЗС Расеі падкрэсліла, што раскрыццё канала пастаўкі наркотыкаў было вынікам сумеснай аперацыі расейскіх і аргентынскіх спецслужбаў.

The Daily Telegraph паказала, што какаін быў накіраваны ў Расею самалётам сакратара Савета бяспекі краіны Мікалая Патрушава, які знаходзіўся ў Буэнас-Айрэсе з рабочым візітам. Пазней крыніца ў апараце Савета бяспекі Расеі зняпраўдзіла гэтую інфармацыю «Інтэрфаксу».

Паводле звестак Аргентыны, на тэрыторыі школы пры пасольстве Расеі 13 снежня 2016 года адзін з супрацоўнікаў дыпмісіі выявіў валізкі з какаінам. Каб адсачыць далейшы лёс грузу, какаін замянілі мукой, а валізкі з укладзенымі ў іх GPS-датчыкамі пакінулі на тым самым месцы.

На працягу года фігурантам справы, сярод якіх былі тэхнічны супрацоўнік расейскай амбасады Алі Аб’янаў і супрацоўнік паліцыі Іван Блізнюк, не ўдавалася пераправіць груз ў Расею. Акрамя таго, Аб’янаў да таго часу ўжо вярнуўся ў Маскву, дзе 22 лютага яго арыштавалі паліцыянты. За дзень да гэтага ў Аргентыне быў арыштаваны і Блізнюк. У снежні 2017 года паліцыя затрымала Уладзіміра Калмыкава і Іштыміра Худжамава, якія прыбылі па атрыманне валізак з Аргентыны.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках