27 красавiка 2024, Субота, 7:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фізік-оптык: Новае асвятленне праспекта Незалежнасці можа выклікаць бессань

5
Фізік-оптык: Новае асвятленне праспекта Незалежнасці можа выклікаць бессань
ДЗМІТРЫЙ СКУМС

Забіваць цвікі мікраскопам можна, але гэта зусім не эфектыўна.

Вядучы інжынер Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі, фізік-оптык Дзмітрый Скумс распавёў сайту onliner.by, чаму «мадэрнізацыя» асвятлення на праспекце Незалежнасці ў Менску шкодзіць здароўю жыхароў сталіцы:

- Мала хто заўважыў, але за апошнія некалькі гадоў здарылася рэвалюцыя, параўнаць якую можна хіба што з падзеямі, якія адбыліся 150 гадоў таму, калі свечкі, лучыны і газавыя гарэлкі памянялі на лямпы напальвання. Я кажу пра святлодыёды — зусім новыя па сутнасці сваёй квантавыя крыніцы асвятлення. Гэта сапраўды рэвалюцыя, і назад дарогі няма, але, як і ўсякая новая тэхналогія, святлодыёды патрабуюць пісьменнага і разумнага стаўлення да сабе. Бо ўсе вы памятаеце, што забіваць цвікі мікраскопам можна, але гэта зусім не эфектыўна.

Пачнём з таго, што пераход з традыцыйных крыніц асвятлення на святлодыёдныя ва ўсім свеце адбываецца ў большасці сваёй паводле двух сцэнароў. Першы быў ужыты ў Еўразвязе блізу дзевяці гадоў таму. Ён палягае ў тым, што дырэктывай былі забароненыя вытворчасць і продаж лямпаў напальвання. Адбылося гэта праз экалагічныя меркаванні: на сёння блізу 30% спажыванай электраэнэргіі практычна ў кожнай развітай краіне траціцца на асвятленне вуліц і памяшканняў. Пры гэтым лямпа напальвання жудасна неэфектыўная, да 85% энэргіі, якую яна «з'ядае», сыходзіць не ў святло, а ў цяпло. Даходзіць да таго, што скандынаўскія архітэктары падчас праектавання будынкаў улічвалі лямпы напальвання як крыніцы ацяплення, падлічваючы энэргетычны баланс будынкаў. Зразумела, што лямпы напальвання, якія асвятляюць вуліцу, працуюць практычна ў пустэчу.

Другі сцэнар — шлях, як гаворыцца, «ад жыцця», і я яго апошнія некалькі гадоў назіраю ва Украіне, дзе эканамічная сітуацыя змушае кіраўнікоў прадпрыемстваў, гарадскія ўлады і шараговых грамадзян шукаць магчымасці зэканоміць. Замена лямпаў напальвання на святлодыёдныя лямпы — цалкам сабе сур'ёзная эканомія. Людзі там самастойна, абыходзячы нават стадыю кампактных люмінесцэнтных лямпаў (у нас яны ўсюды пазначаныя як «энэргазберагальныя»), пераходзяць на святлодыёдныя.

Які сцэнар цяпер спрацоўвае ў Беларусі? Як мне здаецца, мы знаходзімся дзесьці пасярэдзіне паміж дырэктыўнай мадэрнізацыяй і шляхам «ад жыцця».

Адзін з праектаў, намечаных на гэты год, — асвятленне святлодыёднымі лямпамі праспекта Незалежнасці. Гэта, безумоўна, вялікая справа. Але як і з усякай новай тэхналогіяй, перад тым, як укручваць лямпачкі, варта трохі разабрацца, што вы робіце. У мяне, напрыклад, ёсць цалкам абгрунтаваныя асцярогі, што могуць адбыцца памылкі.

Для таго, каб растлумачыць вам свой неспакой, дазвольце трохі нагадаць школьны курс біялогіі. Як нас вучылі, у чалавечым воку ёсць два віды рэцэптараў — «колбачкі» і «палачкі», якія адказваюць за чорна-белы і каляровы зрок. Блізу 20 гадоў таму быў адкрыты трэці від рэцэптараў, які адказвае за цыркадныя рытмы (сну і няспання). Уздзеянне адбываецца пры дапамозе гармону мелатаніну, выпрацоўка якога душыцца, калі светла і трэба не спаць, і, наадварот, актывізуецца ў цемры, калі патрабуецца заснуць.

Дык вось, рэцэптары, якія кіруюць выпрацоўкай — прыгнётам мелатаніну, найбольш адчувальныя да сіняга складніку спектру, лішак якога мы ўсе ўспрымаем як «халоднае святло». Больш таго, ёсць мноства навуковых даследаванняў, якія адзначаюць, што халоднае святло душыць сакрэцыю мелатаніну і негатыўна ўплывае на сон чалавека.

Святлодыёдныя лямпачкі з халодным і цёплым святлом каштуюць прыкладна аднолькава. А вось энэргаспажыванне ў лямпачак з халодным святлом ніжэйшае, чым у тых, што свецяць цёплым. Прычым чым святло халаднейшае, тым менш энэргіі патрабуецца. У мяне ёсць падставы чакаць, што, каб яшчэ больш зэканоміць на электраэнэргіі для асвятлення праспекта, закупяць лямпы з халодным святлом. З пункту гледжання элементарных падлікаў, на першы погляд, гэта цалкам разумна і выгадна. Але калі ўлічыць тое, што я распавёў вам вышэй, варта памятаць, што такое асвятленне негатыўна паўплывае на здароўе многіх людзей, іх прадуктыўнасць упадзе, спатрэбяцца фінансы на аднаўленне здароўя. У выніку — страты ў сярэднетэрміновай і далёкай перспектыве.

Вось два прыклады, калі халоднае святло ўжываць пры асвятленні горада можна і нельга. Выдатнае развязанне выкарыстоўваць яго пры дэкаратыўнай падсветцы Акадэміі навук. Выглядае выдатна, а галоўнае — практычна ніводнага жылога будынка! Дрэнны прыклад — жылыя дамы ля станцыі метро «Пушкінская». Яны таксама выглядаюць у цёмны час дня прыгожа, але пражэктары, якія асвятляюць фасады гэтых будынкаў халодным святлом, не даюць спакою жыхарам. Аб гэтым можна судзіць хоць бы па водгуках некалькіх маіх знаёмых, якія жывуць у гэтых дамах. Адзінае для іх выратаванне было наглуха зачыняць вокны шчыльнымі шторамі...

Праблема са святлодыёдным асвятленнем не ўнікальная для Беларусі. Яе сёння падымаюць ва ўсім свеце. І ў нас цяпер ёсць выдатная магчымасць не станавіцца на доўгую і цяжкую дарогу, «замінаваную» шматлікімі граблямі, а вывучыўшы досвед у набіванні гузоў, які ўжо з лішкам назапасілі ў іншых краінах, пачаць карыстацца новымі тэхналогіямі без «вушакоў». Пакуль жа я бачыў толькі адзін нарматыўны дакумент, які рэгулюе выкарыстанне канкрэтна святлодыёдных крыніц асвятлення: іх забаранілі выкарыстоўваць у школах і дзіцячых садках. Нельга, вядома, сказаць, што «перастрахаваліся» дарма, але ўжо даўно варта карэктаваць правілы з улікам назапашанага досведу і шматлікіх даследаванняў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках