Міністр абароны Грэцыі: Мы блізкія да фатальнага сутыкнення з Турцыяй
- 10.03.2018, 21:24
- 15,106
Паміж дзвюма краінамі з'явілася напружанасць.
Міністр абароны Грэцыі Панос Каменас, заявіў, што Грэцыя вельмі блізкая да фатальнага сутыкнення з Турцыяй праз апошнія інцыдэнты, у тым ліку, парушэнні Турцыяй грэцкай паветранай прасторы і тэрытарыяльных вод. Пра гэта піша «Новое время» са спасылкай на сайт грэцкай газеты Катымерыні.
"Мы абавязаныя абараняць нашую тэрыторыю, якая з'яўляецца не толькі грэцкай, але і еўрапейскай", - адзначыў Каменас.
Міністр абароны Грэцыі разглядае стасункі паміж краінамі за нестабільныя і вельмі напружаныя.
Дачыненні паміж Турцыяй і Грэцыяй яшчэ больш абвастрыліся пасля таго, як у Турцыі ў якасці палонных былі затрыманыя двое грэцкіх жаўнераў. Цяпер судовая ўлада Турцыі спрабуе вызначыць, выпадкова ці наўмысна грэцкія жаўнеры перасеклі мяжу краіны.
Раней паведамлялася, што Вярхоўны суд Грэцыі адмовіў Турцыі ў экстрадыцыі васьмі турэцкіх вайскоўцаў, абвінавачаных Анкарой у дачыненні да спробы перавароту 15 ліпеня 2016 года, якія атрымалі ў Грэцыі палітычны прытулак.