26 красавiка 2024, Пятніца, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скончыўся тэрмін ультыматуму Мэй: Якім будзе адказ Брытаніі Крамлю

14
Скончыўся тэрмін ультыматуму Мэй: Якім будзе адказ Брытаніі Крамлю

Расея афіцыйна разглядаецца, як краіна, якая «незаконна выкарыстала сілу» супраць Брытаніі.

Пасля таго, як Расея вуснамі кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова адпрэчыла абвінавачванні Вялікабрытаніі аб датычнасці Масквы да атручвання былога падвойнага агента Сяргея Скрыпаля, а выстаўлены Маскве ўльтыматум з патрабаваннем даць тлумачэнні таго, што здарылася скончыўся, Лондан рыхтуецца да анансаваных захадаў. Першая інфармацыя аб канкрэтных кроках чакаецца не раней серады, 14 сакавіка, паведамляе "Нямецкая хваля".

Як заявіла ў панядзелак прэм'ер-міністарка Тэрэза Мэй, брытанскія ўлады практычна ўпэўненыя, што супраць 66-гадовага экс-супрацоўніка ГРУ Скрыпаля і ягонай 33-гадовай дачкі Юліі ў ангельскім Солсбэры ў пачатку сакавіка было выкарыстана атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння "Навічок", распрацаванае яшчэ ў часы СССР. Выступаючы ў парламенце, Мэй паказала, што, фактычна, гэта альбо наўпроставае дзеянне Расеі, альбо Масква страціла кантроль над сваёй зброяй.

Ужо відавочна, што адказ Лондана будзе больш жорсткім, чым пасля атручвання ў 2006 годзе радыеактыўным палоніем былога агента ФСБ Аляксандра Літвіненкі, які атрымаў прытулак у Брытаніі. Масква заўсёды катэгарычна адмаўляла сваю датычнасць да яго загубы. Брытанія тады выслала чатырох расейскіх дыпламатаў, ўвяла візавыя абмежаванні для чыноўнікаў і спыніла супрацоўніцтва са спецслужбамі.

Чаму Брытаніі будзе няпроста

У брытанскай прэсе і ў экспэртных колах абмяркоўваюцца варыянты магчымага адказу Брытаніі на меркаваныя дзеянні Расеі. Пры гэтым адзначаецца, што ўрад у Лондане ўзгадняе свае дзеянні з хаўруснікамі. Пакуль не вядома, як паўплывае на гэтае ўзгадненне распачаты і балючы працэс "Брэксіту", выхад Брытаніі з Еўразвязу. Акрамя таго, у ЗША, якія Лондан уважае за галоўных хаўруснікаў у свеце, прэзідэнт Дональд Трамп пакуль не спяшаецца з увядзеннем новых санкцый супраць Расеі, звязаных з магчымым умяшаннем Масквы ў прэзідэнцкія выбары 2016 года.

Запаволіць узгадненне дзеянняў Лондана і Вашынгтона можа і абвешчаная ў аўторак, 13 сакавіка, адстаўка кіраўніка Дзярждэпу Рэкса Тылерсана. Газета The Guardian мяркуе, што кабінет Мэй, хутчэй за ўсё, пойдзе на аднабаковыя крокі, і аналізуе у гэтай сувязі дзевяць магчымых варыянтаў. Многія з іх згадваюць і экспэрты аналітычнага цэнтра Chatham House.

Высылка расейскіх дыпламатаў

Брытанія можа пачаць з класічнага у такіх выпадках кроку - высылкі дыпламатаў. Пры гэтым Тэрэзе Мэй прапануюць засяродзіцца на супрацоўніках спецслужбах, якія працуюць пад дыпламатычным прыкрыццём, а высылку амбасадара Расеі называюць контрпрадуктыўнай.

Абмежаванне для RT

Наступным крокам можа стаць абмежаванне працы ў Вялікабрытаніі расейскіх міжнародных медыя-кампаній, такіх, як RT і Sputnik, якія абвінавачваюць у распаўсюджванні дэзінфармацыі. Але адкліканне ліцэнзій на вяшчанне, адзначае The Guardian, можа паставіць Брытанію ў шэраг "такіх рэпрэсіўных рэжымаў, як Турцыя".

Акрамя абмежаванняў на вяшчанне, некаторых вядомых дзеячаў, у тым ліку чальцоў ценявога ўрада або футбольнага трэнера Жазэ Маўрынью, могуць папрасіць адмовіцца ад выгадных кантрактаў з RT.

Байкот ЧС у футболе

Абмяркоўваецца і будучы летам у Расеі чэмпіянат свету ў футболе. Кіраўнік брытанскага МЗС Барыс Джонсан не выключыў байкоту гэтага турніру. Аднак экспэрты адзіныя ў ацэнцы, што такі байкот - калі пастанова аб ім будзе прынята - павінен закрануць прадстаўнікоў дзяржавы, якія не паедуць у Расею, але не каманды Англіі.

Аналаг "закона Магніцкага" і CAATSA

Сярод "больш сур'ёзных захадаў" называюць магчымае ўзмацненне жорсткасці санкцый і законаў аб барацьбе з адмываннем грошай і свайго кшталту "закон Магніцкага", паводле аналогіі з прынятым у ЗША ў 2012 годзе комплексам захадаў. Экспэрты Chatham House мяркуюць, што Брытанія можа прыняць свой аналаг і больш жорсткага амерыканскага закона "Аб супрацьдзеянні апанентам Амерыкі шляхам санкцый" (CAATSA), прынятага летам 2017 года ў адказ на дзеянні Расеі ва Украіне і, у першую чаргу, на меркаванае ўмяшанне ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША 2016 года. Гэты крок будзе азначаць увядзенне санкцый супраць блізкіх Крамлю асоб.

Замарожванне актываў расейскіх алігархаў

Канкрэтным сігналам такіх санкцый можа быць замарожванне актываў расейскіх алігархаў, многія з якіх падтрымліваюць шчыльныя сувязі з Вялікабрытаніяй і маюць там нерухомасць. Агулам прапануецца больш жорстка выкарыстоўваць ужо існыя нормы аб празрыстасці інвестыцый.

Вайсковая прысутнасць ва Усходняй Еўропе

Адным з магчымых адказаў у справе Скрыпаля The Guardian называе павелічэнне вайсковай прысутнасці NАТО ва Усходняй Еўропе. У рамках узмацнення ўсходняга флангу альянсу, пачатага пасля расейскай анэксіі Крыма, у Эстоніі ўжо раскватараваны батальён брытанскіх вайскоўцаў. Як адзначае выданне, "Расеі б не спадабалася павелічэнне кантынгенту NАТО побач з Беларуссю".

Паскарэнне збліжэння Украіны з NАТО

Яшчэ адным крокам у гэтым кірунку The Guardian называе магчымае паскарэнне збліжэння Украіны і NАТО, выдача Кіеву Плана аб атрыманні сяброўства (ПДС), які фармальна запускае падрыхтоўку, хоць і не гарантуе ўступленне ў альянс.

Гэты пункт выглядае маларэалістычным, бо патрабуе згоды ўсіх чальцоў NAТО, а падчас папярэдняй такой ініцыятывы ў 2008 годзе супраць яе выступіла Нямеччына і Францыя.

Прызнанне РФ дзяржавай-спонсарам тэрарызму

Сярод найбольш жорсткіх варыянтаў адказу экспэрты называюць прызнанне Лонданам Расеі дзяржавай-спонсарам тэрарызму. Гэта адкрые шлях да новых санкцый, у тым ліку на пастаўкі зброі і звязаных з ім тавараў, а таксама забароны на эканамічную дапамогу і візавых абмежаванняў.

Адключэнне ад сістэмы SWIFT

Мабыць, адным з самых радыкальных крокаў было б адключэнне расейскіх банкаў ад міжнароднай сістэмы электронных плацяжоў SWIFT. З такой прапановай можа выступіць Брытанія, адзначае The Guardian, але незразумела, наколькі моцны яе ўплыў пры прыняцці такой пастановы. Без падтрымкі ЗША ён наўрад ці будзе выкананы. Акрамя таго, Расея ўжо падрыхтавалася да такога сцэнару, стварыўшы сваю сістэму аплат.

Абудзіць справа Скрыпаля Захад?

Экспэрты Chatham House мяркуюць, што Брытанія "занадта доўга" шукала адказ на "ўзніклую пагрозу расейскай дзяржавы, адначасова абслугоўваючы інтарэсы" яе эліты. На іх думку, гэта больш не можа прадаўжацца "ні са стратэгічных, ні з этычных меркаванняў".

Экс-міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Уільям Хэйг у артыкуле для газеты The Telegraph піша, што "соннаму Захаду пара прачнуцца". Былы дыпламат і прадстаўнік кіроўнай Кансерватыўнай партыі адзначае, што "прызнанне Расеі сур'ёзнай, доўгатэрміновай пагрозай" - "вельмі балючае" для многіх на Захадзе і не будзе хуткім.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках