26 красавiка 2024, Пятніца, 6:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прараб» Лукашэнка павінен прызнаць віну і сысці на пенсію

105
«Прараб» Лукашэнка павінен прызнаць віну і сысці на пенсію

Адбываецца спектакль пад назвай «паніхіда аб беларускай эканоміцы».

Эканамічная нарада ў Аляксандра Лукашэнкі 2 сакавіка — з'ява калі не ўнікальная, то вельмі знакавая. Знакавасці ёй надаў дзіўны адкрыты і самавыкрывальны выступ на ёй А. Лукашэнкі. Ён развеяў многія міфы і паказаў ва ўсім непрывабным выглядзе, дзе мы знаходзімся і куды прыйшлі, піша ў «Свабодных навінах» палітолаг Валер Карбалевіч:

«Перш за ўсё, важна канстатаваць, што выступ правадыра не пакінуў каменя на камені ад афіцыйнага ідэалагічнага канструкту. Рэч у тым, што шмат гадоў сам Лукашэнка і дзяржаўныя СМІ актыўна піярылі беларускую сацыяльную мадэль, паказвалі яе перавагі перад эканомікамі іншых краін, выдавалі за ўзор постсавецкай трансфармацыі. Яны сцвярджалі, што Беларусь — гэта эканамічны тыгр Усходняй Еўропы, ідэал сацыяльнай дзяржавы, якой усе зайздросцяць, апявалі сумнавядамую стабільнасць.

Апошнія гады А. Лукашэнка ўвесь час тлумачыў праблемы ў беларускай эканоміцы вонкавымі прычынамі. Маўляў, крызіс ва ўсім свеце, ад нас мала што залежыць. Нават вывеў формулу: 80% нашых сацыяльна-эканамічных праблем — ад сусветных катаклізмаў і толькі 20% — ад недапрацовак урада.

І вось нарэшце надышоў момант праўды, на прэзідэнта прыйшло прасвятленне, ён фактычна прызнаў, што шмат гадоў хітраваў. І толькі цяпер адкрыў страшную таямніцу, якую, зрэшты, даўно добра ведалі ўсе незалежныя экспэрты, эканамісты.

Са слоў правадыра, за сем гадоў сусветны ВУП вырас на 25%, у той жа час рост ВУП Беларусі не дацягнуў нават да 6%. Прычыны, якімі ўрад тлумачыць такую сітуацыю — сусветны фінансавы крызіс, замежная кан'юнктура, — з'яўляюцца проста адгаворкамі. «Калі мы расцём павольней, чым іншыя, значыць, мы адста1м. Адсталі ад свету ў развіцці, тэхналогіях і, вядома, узроўні жыцця людзей... Развітыя краіны ў 2017 годзе раслі на 2,3%, краіны, якія развіваюцца — на 4,5%. Мы ж пакуль проста млява паўзём следам».

Такім чынам, Беларусь апошнія сем гадоў развівалася амаль у пяць разоў павольней, чым увесь свет. Такі сумны вынік развіцця беларускай сацыяльнай мадэлі. А сумнавядомая стабільнасць — гэта прыгожы сінонім застою.

З выступу А. Лукашэнкі вынікае, што ўсе нібыта дасягненні ў сацыяльна-эканамічнай сферы, аб якіх кожны дзень распавядаюць дзяржаўныя СМІ, — гэта фікцыя, міраж, хімера.

Увесь 2017 год афіцыйныя асобы, уключаючы самога А. Лукашэнку, казалі аб «пазітыўнай дынаміцы» ў эканоміцы, росце валавых паказчыкаў. Але вось паводле сацыялагічных апытанняў, праведзеных дзяржаўнымі службамі, палова жыхароў краіны мяркуе, што ў мінулым годзе сацыяльна-эканамічная сітуацыя працягвала пагаршацца, блізу 40% змен не заўважылі. Гэта значыць 90% насельніцтва ва ўпор не бачыць гэтай «пазітыўнай дынамікі».

Кіраўнік заўважыў у сваім выступе, што аб прарыўных тэхналогіях, інавацыйным шляху развіцця кажуць трэцюю пяцігодку. «Але пры гэтым ціснемся ў Еўропу з таварамі, якія былі вынайдзены яшчэ ў Савецкім Саюзе. Ну, можа, крыху-крыху палепшылі іх якасць, пафарбавалі іншай фарбай. Высокіх тэхналогій няма. Нават у сярэднетэхналагічным сектары працуюць толькі 15% занятых».

Яшчэ адная фікцыя. Урад і аблвыканкамы зрабілі справаздачу аб выкананні плана для стварэння высокапрадукцыйных рабочых месцаў. Напраўду, са слоў А. Лукашэнкі, такіх месцаў — прыкладна 5% ад створаных. Наогул, паводле статыстыкі, за 2017 год колькасць работнікаў у эканоміцы скарацілася на 64 тысяч чалавек. Больш таго, правадыр са справядлівым абурэннем інфармуе: «На 40% павялічыўся адток насельніцтва для працы за мяжой. Нават паводле афіцыйных звестак, колькасць замежных працоўных мігрантаў дасягнула самага высокага значэння за апошнія пяць гадоў». Але на гэтым фоне адсутнасці ў Беларусі нармальнай працы дэкрэт аб дармаедах з'яўляецца нонсэнсам.

Эканамічныя ўлады адрапартавалі аб скарачэнні замежнай запазычанасці. А. Лукашэнка канстатуе: дзяржаўная запазычанасць хутка расце хутчэй, чым эканоміка. «Выплацілі $2,3 млрд, а ўзялі амаль $3,5 млрд». Нагадаю, што ў перадвыбарнай праграме А. Лукашэнкі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года ёсць пункт аб скарачэнні дзяржаўнай запазычанасці. І вось цяпер ён зноў запатрабаваў ад урада таго ж. Але як гэта зрабіць, калі АЭС будуецца ў пазыку, за кошт расейскіх крэдытаў?

Такая ж сітуацыя з інфляцыяй. Афіцыйна ў 2017 годзе яна склала 4,6%. А. Лукашэнка зняпраўджвае: «Людзям усё адно, якая ў нас у краіне сярэдняя інфляцыя. Яны робяць высновы з коштаў тавараў, якія купляюць кожны дзень. А там рост як мінімум на 8-10% за год. А калі паслугі сюды дадаць, то і больш».

Не так важна, чаму А. Лукашэнка надумаў стаць праўдаказальнікам, зняць флёр, змыць рэтуш з афіцыёзных пастаральных карцін, якія паказвае БТ. Сутнасць у тым, што спектакль пад назвай «Цар добры, баяры дрэнныя» ўжо не дае піяр-эфекту, нават калі галоўную ролю адыгрывае таленавіты актор.

Наогул правільней было б назваць гэты спектакль «Паніхіда аб беларускай эканоміцы». А. Лукашэнка прызнаў, што Беларусь у нявыкрутцы: «Зразумейце, на кану краіна і яе незалежнасць!.. Нам трэба выжыць». Гэта значыць, у выніку 24-гадовага кіравання Беларусь вярнулася на мяжу выжывання. Будоўля пад назвай «Беларуская сацыяльная мадэль» замарожаная, скончылася фінансаванне. Гэта ўжо не даўгабуд, а недабуд. З нармальнай логікі яе прараб павінен быў бы прызнаць уласную віну і сысці на пенсію...

Але не. Тыя ж самыя людзі будуць рабіць тое ж самае, што яны рабілі раней. З тымі ж вынікамі. Такое фатальнае беларускае зачараванае кола».

Напісаць каментар 105

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках