26 жнiўня 2026, Серада, 10:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барысаўчане абураныя: Сумы ў «жыроўках» выраслі ў два разы

7
Барысаўчане абураныя: Сумы ў «жыроўках» выраслі ў два разы
ФОТА: ONLINER.BY

На днях жыхары інтэрната атрымалі рахункі за камунальныя паслугі і прыйшлі ў жах.

Пра гісторыю жыхароў барысаўскага інтэрната напісаў сайт Млын.by.

– Сума ў маёй «жыроўцы» вырасла ў 2 разы! За студзень наша сям'я заплаціла 102,56 руб., а за люты, мяркуючы з новай квітанцыі, павінны будзем 201,25 руб., – абураны Валянцін Хацкевіч. – Заробак у мяне 400 рублёў. Атрымліваецца, за «камуналку» я павінен аддаць паўзаробку! Зняць кватэру цяпер, напэўна, танней, чым плаціць за інтэрнат. Жонка мая ў дэкрэце. У нас чацвёра дзяцей, старэйшай дачцэ 19 гадоў, а малодшаму дзіцяці паўтара года. На што мне ўтрымліваць сям'ю? А ў інтэрнаце багата шматдзетных сем'яў. І ўсе ў шоку. Я размаўляў з іншымі жыхарамі – ва ўсіх сумы выраслі амаль у два разы, незалежна ад таго, жывуць яны ў пакоі або ў блоку.

Сам Валянцін пяты год разам з сям'ёй жыве ў блоку з двух жылых пакояў, ванны і прыбіральні. Агульная плошча – 36 квадратных метраў, з іх жылая – парадку 29. Кухня агульная: адна на ўвесь паверх. Раней інтэрнат належаў барысаўскаму заводу «Аўтагідраўзмацняльнік», на якім працуе Валянцін. Але пару гадоў таму ён адышоў на баланс УП «Жыллё».

– З таго часу сумы за «камуналку» сталі паступова расці. У сярэднім мы плацілі 80, 90, 100 рублёў. Мы прывыклі да гэтых лічбаў і гатовыя іх аплачваць. Ну, дадалі б нам яшчэ 20 рублёў, але не 80 жа адразу! – уздыхае мужчына. – Мы звярнуліся да загадчыцы інтэрната, яна стэлефанавалася з УП «Жыллё». Да нас павінен прыйсці прадстаўнік прадпрыемства і растлумачыць, адкуль з'явіліся такія вялікія сумы ў «жыроўках».

Адна з прычынаў павышэння агульнай сумы, паводле словаў жыхароў, – перавод інтэрната ў разрад арэнднага жылля. У квітанцыі з'явіўся радок «Плата за карыстанне жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнатах». Паводле яго Валянцін павінен заплаціць 39,80 рублёў.

– Так, вісела аб'ява, што наш інтэрнат пераводзяць у разрад арэнднага, але нам ніхто не патлумачыў, на якой гэта падставе. І чаму з намі ў такім разе не перазаключылі дамову? – задаецца пытаннем шматдзетны бацька. – Мы не падпісвалі ніякіх дакументаў!

Павялічылася агульная сума і за электрычнасць. Але, паводле словаў Валянціна, у гэтым няма нічога дзіўнага. Люты быў халодны, і людзі грэліся з дапамогай абагравальнікаў. Калі за студзень за электразабеспячэнне была выстаўленая сума 39 рублёў, то за люты – 59.

– Лічыльнікі на ваду, электрычнасць агульныя на ўвесь дом, і стаяць яны ў склепе. Кожны месяц з іх здымаюць паказанні, і суму раскідваюць на ўсіх жыхароў. У мяне, дапусцім, ва ўсім блоку стаяць энергазберагальныя лямпачкі. Наша сям'я імкнецца эканоміць, але няма гарантыі, што і іншыя жыхары ашчадна карыстаюцца той жа вадой і святлом.

А яшчэ ў «жыроўцы» ёсць радок «Пераразлік».

– Сума ў ім – 27,42 руб. Адкуль – незразумела! – кажа суразмоўца. – Усе мы аплачваем «камуналку» своечасова, ніякіх запазычанасцяў у нас ніколі не было.

Умовы, у якіх жыве шматдзетная сям'я, цяжка назваць добрымі. Але Валянцін кажа пра іх спакойна:

– Гэта ж інтэрнат. Людзі ў ім часова жывуць. Так, мы кожны месяц адлічваем пэўную суму на капрамонт, але за ўвесь час, што мы жывем у інтэрнаце, былі замененыя толькі два ліфты. Іншых рамонтаў не было.

Па афіцыйны каментар з нагоды высокай «камуналкі» мы звярнуліся ва УП «Жыллё», але яго абяцалі нам даць толькі ў панядзелак. МЛЫН.BY будзе сачыць за развіццём сітуацыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках