26 красавiка 2024, Пятніца, 11:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўто без тэхагляду ўсё ж будуць шукаць з дапамогай фотапастак

82
Аўто без тэхагляду ўсё ж будуць шукаць з дапамогай фотапастак

Камеры фотафіксацыі ў Беларусі плануюць перавесці ў бесперапынны рэжым працы.

Камеры фотафіксацыі ў Беларусі плануюць перавесці ў бесперапынны рэжым працы. Гэта дазволіць кантраляваць выплату страхавых унёскаў і своечасовае праходжанне дзяржтэхагляду, паведамляе БелТА са спасылкай на праграму «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1».

Беларускія «парламентарыі» распрацавалі праект указа, адна з задач якога - выяўляць з дапамогай спідкамаў аўтамабілі без тэхагляду. Цяпер фотафіксатары працуюць у так званым падзейным рэжыме: спрацоўваюць на перавышэнне хуткаснага рэжыму. Але, са слоў спецыялістаў, пасля неабходных наладаў камеры стануць працаваць у бесперапынным рэжыме і змогуць здымаць усё, у тым ліку аўтамабілі, якія не прайшлі тэхагляд.

Цяпер УП «Белтэхагляд» стварае неабходную базу звестак для прадпрыемства СЗАТ «Бяспечныя дарогі Беларусі».

Плануецца, што менавіта гэтая арганізацыя будзе кантраляваць працэс. Таму апавяшчэнні пра штраф за адсутнасць тэхагляду парушальнікі будуць атрымліваць, як і за перавышэнне хуткасці, праз пошту. Так званы ліст шчасця будзе прыходзіць выключна гаспадару аўтамабіля, штраф будзе фіксаваным - дзве базавыя адзінкі (адна БВ цяпер складае Br24,5).

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні складацца не будзе. Праект указа прадугледжвае таксама падзел выплаты дзяржпадатку на некалькі частак. Хутчэй за ўсё, транспартны падатак будзе адвязаны ад тэхагляду.

Паводле слоў старшыні сталай камісіі ў прамысловасці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце і сувязі «палаты прадстаўнікоў» Андрэя Рыбака, які браў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы дакумента, пасля мадэрнізацыі сістэма фотафіксацыі спатрэбіцца і ў іншых сферах.

«Нязначна мадэрнізаваўшы гэтую сістэму, перавёўшы яе з падзейнага рэжыму, напрыклад, калі яна працуе на факт парушэння хуткаснага рэжыму, у бесперапынны, мы далей зможам яе выкарыстоўваць для многіх мэтаў. У тым ліку - кантроль за выплатай унёскаў добраахвотнага страхавання, дарожным становішчам. Гэта нязначнае ўдасканаленне не патрабуе вялікіх грашовых сродкаў, а тыя дывідэнды, якія мы можам атрымаць для бяспекі і пытання кантролю, могуць быць вельмі значнымі», - мяркуе «дэпутат».

У праграме звярнулі ўвагу, што пакуль гэта праект указа. «Ніхто з заўтрашняга дня на камеру не стане лавіць парушальнікаў за няпройдзены тэхагляд. Калі будзе прыняты ўказ і ці застанецца ён у тым выглядзе, у якім мы яго разглядаем, - пакуль пытанне адкрытае. Але так ці інакш, новаўвядзенні накіраваныя на ўдасканаленне сістэмы. Каб і падробленымі сертыфікатамі людзі не прыкрываліся, і тэхагляд своечасова праходзілі. Бо ў першую чаргу гэтая працэдура - гарант нашай бяспекі», - рэзюмавалі ў «Галоўным эфіры».

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках