19 красавiка 2024, Пятніца, 14:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы выпусцілі фотаальбом «Вясна-2017»

Праваабаронцы выпусцілі фотаальбом «Вясна-2017»

Праваабаронцы «Вясны» 21 сакавіка прэзентавалі фотаальбом, прысвечаны леташнім падзеям.

Рэдактарка кнігі Алена Лапцёнак распавяла, што галоўным героем фотаальбома з'яўляецца народ - людзі, якія выйшлі на акцыі супраць дэкрэта №3. Акрамя таго, большая частка фотаальбома прысвечаная падзеям 25 сакавіка, а таксама абаронцам Курапатаў, таму што дзякуючы нязломнай барацьбе ўдалося прыпыніць дзеянне дэкрэта і адбіць пляцоўку ля Курапатаў, якая знаходзіцца ў ахоўнай зоне, паведамляе spring96.org.

Вокладка ўключае плакат са сцяной Шчоткінай, якая стала сімвалам мінулага года, дзе на працягу часу з'яўляліся новыя сацыяльна-палітычныя графіці.

«Сапраўды мы ўжо шмат гадоў жывём у краіне, дзе ўсе ўсё разумеюць, але разам з тым усё застаецца ў тым жа самым выглядзе: акцыі, пасадкі, вызваленні і так па коле», - сказала Алена Лапцёнак.

У выданне ўвайшло блізу 200 аўтарскіх здымкаў, а таксама фотаздымкі з адкрытых крыніц. Фотаальбом выдадзены на дзвюх мовах: большая частка зроблена на беларускай, а ў канцы ёсць пераклад подпісаў на на ангельскую мову.

Пра ідэю і неабходнасці выдання такога альбома распавёў старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі.

«Ва ўсім новым ёсць частка старога. Калі мы прыдумалі назву для гэтай кнігі і яна ўжо пайшла ў друк, паўстала ў памяці іншая кніга -«Менская вясна 1996». І калі мы рабілі назву для гэтага альбома, мы абсалютна не ўспаміналі кніжку, але так атрымалася, што нашы гарачыя вёсны адбываюцца фактычна кожны год, і мінулы год тут не быў выключэннем», - сказаў ён.

Тэксты для фотаальбома пісалі Алесь Бяляцкі і Алена Лапцёнак, якія прасачылі ўсе асноўныя падзеі, якія адбываліся на працягу 2017 года, і ў выніку атрымалася досыць драматычная гісторыя.

«Адчуванне іроніі беларускай гісторыі, асобных лёсаў людзей, падмацаванае выдатнымі фотаздымкамі, склала аснову кніжкі», - падкрэсліў праваабаронца.

2017 год быў напружаны і даў зусім іншыя лічбы ў параўнанні з папярэднім годам. Толькі паводле падлікаў праваабаронцаў было больш за 250 адміністрацыйных арыштаў, у той час, як ў 2016 годзе - толькі адзін. Штрафы таксама былі вельмі папулярнымі, і зафіксаваны 551 выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Агульная сума штрафаў складае больш за 135 000 еўраў без уліку аштрафаваных журналістаў.

«Вядома, гэта было выклікана масавымі акцыямі, бояззю ўлады страціць кантроль над грамадствам, гэта быў сур'ёзны выклік праваабарончым арганізацыям.

Практыка адміністрацыйнага пераследу працягваецца і ў гэтым годзе, і даслоўна сёння ў гэтыя хвіліны мы гэта адчуваем», - адзначыў Алесь Бяляцкі ў сваёй прамове.

У фотаальбоме акрамя мірных акцый пратэсту нададзенае ўвага і крымінальным справам, якія адбываліся ў 2017 годзе. Праваабаронцамі зафіксавана 40 асоб, якія падпалі крымінальнаму пераследу за сваю грамадскую і палітычную дзейнасць, 35 з іх праходзілі па справе «Белага легіёну».

«Самае абуральнае, што выпусціўшы ўсіх людзей з-пад арышту, і такім чынам пацвердзіўшы іх невінаватасць, улады нават прабачэння не папрасiлi, я ўжо не кажу пра выплаты нейкіх кампенсацый», - сказаў кіраўнік «Вясны».

Таксама ён нагадаў справу супраць кіраўнікоў РЭПа - Генадзя Фядыніча і Ігара Комлік, якія і цяпер знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе. Частка кнігі «Вясна-2017» прысвечаная ім.

«Справа гэта не скончана, яна перайшла ў гэты год, працягнутыя следчыя дзеянні да траўня, і за гэты час сотні шараговых актывістаў РЭПа па ўсёй Беларусі выклікаліся на допыты. Мы ў гэтым бачым прэсінг у дачыненні да незалежнага прафзвязу, пэўны сігнал страху, які ўлады распаўсюджваюць у дачыненні да беларускай грамадзянскай супольнасці, каб перашкодзіць актыўнасці і актуалізацыі тых праблем, якія ставяць грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі», - упэўнены Алесь Бяляцкі.

У канцы прэзентацыі ён дадаў:

«Асноўныя вехі адлюстраваны ў гэтым альбоме, і я спадзяюся, што дзякуючы выдатнай працы фатографаў, гэтая кніга не будзе сумнай, а яе можна будзе паглядзець і ўсвядоміць маштабы рэпрэсій, якія ўлады ўжываюць у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў.

А мы будзем працягваць сваю дзейнасць, свае інфармацыйныя праекты, маніторыць сітуацыю і распавядаць людзям праўду».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках