23 красавiка 2024, aўторак, 23:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэрэза Мэй: Разам мы даможамся поспеху ў барацьбе з расейскай пагрозай

5
Тэрэза Мэй: Разам мы даможамся поспеху ў барацьбе з расейскай пагрозай
Тэрэза Мэй
ФОТА: AP

Брытанія ўстане плячом да пляча з ЕЗ і NATO, каб разам змагацца з пагрозай РФ.

Прэм'ер-міністарка Брытаніі Тэрэза Мэй на саміце Еўразвязу ў Брусэлі заклікала хаўруснікаў Брытаніі ў Еўропе аб'яднацца, каб процідзейнічаць расейскай пагрозе, паведамляе ВВС.

Тэрэза Мэй выступіла на саміце Еўразвязу ў чацвер. Асноўнай тэмай яе паслання еўрапейскім лідарам стала атручванне экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў брытанскім горадзе Солсберы.

Спроба забойства Скрыпаля азначае, што Масква грэбуе міжнародным правам, заявіла Мэй.

Адным з пасылаў прамовы прэм'еркі было тое, што Расея «паказала сябе як стратэгічны апанент, а не стратэгічны партнёр».

Мэй заклікае еўрапейскіх лідараў прыняць рэзалюцыю з катэгарычным асуджэннем атручвання Скрыпаля. Мэй сказала, што Расея, якую Брытанія лічыць вінаватай у атручванні, не паважае нацыянальныя межы, а парушэнне ёю міжнароднага права - гэта ўдар па асновах еўрапейскай дэмакратыі.

«Як еўрапейская дэмакратычная краіна, Брытанія ўстане плячом да пляча з ЕЗ і NATO, каб разам змагацца з гэтай пагрозай. Разам мы даможамся поспеху», - гаворыцца ў заяве Мэй.

Акрамя таго, Мэй падкрэсліла, што расейская пагроза не прызнае дзяржаўных межаў.

Новая высылка дыпламатаў?

Брытанскі ўрад спрабуе пераканаць ключавых хаўруснікаў у Еўропе браць з іх прыклад і пачаць высылаць расейскіх дыпламатаў.

Брытанія выслала 23 дыпламатаў, якія, як палічылі ўлады, маглі быць супрацоўнікамі спецслужбаў. Цяпер Мэй хоча, каб і іншыя краіны асудзілі Расею ў сувязі з атручваннем былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля, сказалі крыніцы Блумберг.

Спроба пераканаць еўрапейскіх партнёраў асудзіць Расею - ключавое выпрабаванне для Тэрэзы Мэй. Пакуль шэраг краін ЕЗ толькі зрабілі жорсткія заявы, у якіх асудзілі Маскву. Іншыя адмаўляюцца адназначна звязваць атручэнне Скрыпаля з Крамлём.

ЗША, Францыя і Нямеччына падтрымліваюць пазіцыю Вялікабрытаніі і заяўляюць, што згодны з пунктам гледжання Лондана, што адзіным магчымым вінаватым нападу ў Солсберы з'яўляецца Расея. Але некаторыя іншыя краіны ЕЗ, напрыклад, Італія і Грэцыя, хочуць захаваць свае сувязі з Крамлём і прытрымліваюцца менш жорсткай пазіцыі.

«Відавочна, што расейская пагроза не паважае межы, і, несумненна, што інцыдэнт у Солсберы з’явіўся часткай расейскай агрэсіі супраць Еўропы і яе блізкіх суседзяў», - сказала Тэрэза Мэй журналістам у Брусэлі.

Чакаецца, што падчас вячэры з лідарамі іншых краін Еўразвязу брытанская прэм'ер-міністарка скажа ім, што пагроза з усходу будзе захоўвацца гадамі.

Прадстаўнікі Брытаніі аказваюць ціск на еўрапейскіх хаўруснікаў, каб тыя таксама пачалі высылаць расейскіх дыпламатаў.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ўжо сказала, што сур'ёзна разглядае гэтае пытанне.

Такія краіны, як Грэцыя, Італія, Кіпр і Аўстрыя, хочуць захаваць добрыя стасункі з Масквой, і настойваюць на больш мяккім тэксце канчатковай рэзалюцыі саміту ЕЗ, у якім гаварылася б, што Еўрапейскі звяз «надзвычай сур'ёзна» ставіцца да пункту гледжання Лондана, што за нападам ў Солсберы стаіць Масква.

Абмен санкцыямі

Першая хваля санкцый супраць Расеі была абвешчаная Брытаніяй тыдзень таму, неўзабаве пасля таго, як у ангельскім горадзе Солсберы выявілі былога палкоўніка расейскага ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку, атручанымі вельмі небяспечным нервова-паралітычным рэчывам.

Падазрэнне ўпала на Расею.

12 сакавіка брытанская прэм'ер-міністарка Тэрэза Мэй заявіла, што Скрыпаль і яго дачка былі атручаныя нервова-паралітычным рэчывам «Навічок», распрацаваным у Расеі (Савецкім Саюзе). Яна дала Расеі дзень на тое, каб растлумачыць, як рэчыва патрапіла ў Брытанію.

Расея адмовілася адказваць на гэтае патрабаванне ва ўстаноўлены Брытаніяй тэрмін. Абвінавачванні ў датычнасці да атручвання расейскія чыноўнікі розных узроўняў катэгарычна адмаўлялі.

14 сакавіка Тэрэза Мэй абвясціла, што Брытанія вышле 23 расейскіх дыпламатаў. У аўторак высланыя дыпламаты выехалі з амбасады ў Лондане.

Расея адказала высылкай 23 брытанскіх дыпламатаў, закрыццём брытанскага консульства ў Санкт-Пецярбургу і Брытанскага савета, які займаўся развіццём культурных сувязяў паміж дзвюма краінамі.

«Лухта, трызненне, нонсэнс»

Са свайго боку, расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін назваў «лухтой», «трызненнем» і «нонсэнсам» усе абвінавачванні ў адрас Расеі, якія выказваюцца ў сувязі з нападам ў Солсберы. З ягоных слоў, Расеі не быў патрэбны буйны міжнародны скандал напярэдадні выбараў і Чэмпіянату свету ў футболе.

Такі пункт гледжання выказаў і яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў. «Нам зразумелая салідарнасць, еўраатлантычная і іншая, але рана ці позна за гэтыя галаслоўныя абвінавачванні давядзецца адказваць. Або падмацаваць [абвінавачванні доказамі], або прынесці прабачэнні», - сказаў прэс-сакратар прэзідэнта.

З ягоных слоў, гаворка ідзе «пра паклёпніцкія патокі з боку Вялікабрытаніі».

У сераду паслы і дыпламаты блізу 150 замежных дзяржаў у Расеі прыйшлі на сустрэчу ў расейскае міністэрства замежных спраў, куды іх запрасілі, каб растлумачыць сітуацыю з атручваннем Скрыпаля ў Брытаніі.

Амбасадар Брытаніі ў Маскве Лоры Брыстоў на сустрэчу ў МЗС прыязджаць адмовіўся.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках