26 красавiка 2024, Пятніца, 16:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макрон і Мэркель паабяцалі «рашучыя» захады супраць Крамля

4
Макрон і Мэркель паабяцалі «рашучыя» захады супраць Крамля
Эмануэль Макрон і Ангела Мэркель

Нямеччына і Францыя падтрымаюць жорсткія і скаардынаваныя меры супраць Расеі праз атручванні Скрыпаля.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон на сустрэчы з канцлеркай Нямеччыны заявіў пра гатоўнасць падтрымаць жорсткія і скаардынаваныя захады супраць Расеі ў сувязі з атручваннем Сяргея Скрыпаля. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на Reuters.

Свае заявы Эмануэль Макрон зрабіў у Брусэлі, куды прыбыў на сустрэчу Еўрарады. Прэзідэнт Францыі падкрэсліў, што напад у Солсберы стаў пагрозай для ўсёй еўрапейскай бяспекі. «Гэта патрабуе каардынаванага і рашучага адказу з боку ЕЗ і ягоных сябраў. Некалькі краін, уключаючы Нямеччыну і Францыю, прымуць неўзабаве скаардынаваныя рашэнні», - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Мэркель таксама далучылася да абвінавачванняў у адрас Расеі. Яна падкрэсліла сваю ўпэўненасць у тым, што гэтыя абвінавачванні «маюць пад сабой трывалую падставу». Таксама канцлерка Нямеччыны заявіла, што мае намер абмеркаваць з Францыяй магчымыя меры процідзеяння Расеі, пасля чаго прыступіць да іх рэалізацыі.

Раней словы пра гатоўнасць ЕЗ да рашучых захадаў у «справе Скрыпаля», накіраваных супраць Расеі, прагучалі паводле вынікаў трохбаковай сустрэчы Макрона, прэм'ер-міністаркі Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй і Мэркель, якая прайшла напярэдадні, 22 сакавіка. Тады Мэй перадала лідарам Францыі і Нямеччыны звесткі пра ход расследавання інцыдэнту ў Солсберы. Мэй таксама паведаміла пра станоўчыя ідэнтыфікацыі вядучымі сусветнымі навукоўцамі з лабараторыі ў Партон-даун хімічнага рэчыва, «якое выкарыстоўвалася як частка групы нервова-паралітычных рэчываў «Навічок».

Пазней стала вядома, што паводле вынікаў перамоў на саміце ў Брусэлі еўрапейскімі лідарамі была прынятая пастанова аб адклiканне на кансультацыі амбасадара ЕЗ у Расеі. У той жа час прэм'ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ падкрэсліў, што гэта пастанова не ўваходзіць у комплекс санкцый і амбасадар адклікаецца не на пастаянны тэрміны.

Лондан абвінавачвае Расею ў атручванні экс-палкоўніка ГРУ Генштаба Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі. Паводле версіі Вялікабрытаніі, яны былі атручаны баявым нервова-паралітычным рэчывам «Навічок». На аснове гэтых абвінавачванняў Тэрэза Мэй абвясціла пра пастанову выслаць з Вялікабрытаніі 23 расейскіх дыпламатаў і прыпыніць кантакты на вышэйшым узроўні.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках