Тысячы немцаў выйшлі на мітынг супраць войнаў у свеце
8- 31.03.2018, 20:44
- 12,532
ФОТА: DPA
Традыцыйныя «велікодныя маршы» ў абарону міру прайшлі 31 сакавіка ў шмат якіх гарадах Нямеччыны.
Тысячы ўдзельнікаў акцый выступалі за спыненне ўсіх войнаў у свеце, раззбраенне, адмову ад экспарту нямецкае зброі, у тым ліку ў Турцыю, і забарона ўдзелу бундэсвера ў канфліктах за мяжой, перадае «Нямецкая хваля».
Удзельнікі маршу ў Бэрліне заявілі, што грошы падаткаплатнікаў маюць ісці на сацыяльныя мэты, ахову здароўя, пенсіі, працоўныя месцы і адукацыю, а не зброю. Мітынгоўцы ў Брэмэне выступілі супраць пачатку новай халоднай вайны і нарошчвання атамнага ўзбраення Расеяй і ЗША. Адной з галоўных тэм цяперашніх велікодных акцый быў пратэст супраць ваенных дзеянняў Турцыі ў сірыйскім рэгіёне Афрыне.
«Велікодныя маршы» нарадзіліся ў 60-х гадах у Вялікабрытаніі ў адказ на выпрабаванні ядзернай зброі. Іх росквіт прыпадае на 80-я гады, калі толькі ў Нямеччыне на акцыі змагароў за мір выходзілі да 300 тысяч чалавек.