Аркадзь Мошэс: У паводзінах Лукашэнкі на ШАС ёсць нешта гогалеўскае
- 3.09.2026, 8:56
- 3,018
Дыктатару толькі і застаецца, што ліслівіць перад моцнымі.
Дырэктар даследчых праграм па Расіі, Усходняй Еўрапе і Еўразіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс у каментары для «Філіна» распавёў пра тое, як амбіцыі беларускага кіраўніка не супалі з магчымасцямі ШАС.
— Як мы ўсе ведаем, чым больш клуб і чым лягчэй у яго ўступіць, тым менш прэстыжным ён становіцца. ШАС разраслася і стала занадта інэртнай, яна дасягнула межаў эфектыўнасці, — лічыць Аркадзь Мошэс, абмяркоўваючы апошні саміт арганізацыі ў Бішкеку.
Аднак відавочна, што Лукашэнка лічыць інакш. Ён верыць, што Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва адкрые перад ім і краінай нейкія зайздросныя перспектывы.
Але спадзяванням кіраўніка, перакананы эксперт, не суджана спраўдзіцца.
— Увогуле ў паводзінах Лукашэнкі на ШАС ёсць нешта гогалеўскае, — іранізуе Аркадзь Мошэс. — У Гогаля дакладна ёсць падобныя персанажы.
Такі: калі паварочваецца да моцнага — стараецца выглядаць пакорлівым і незаўважным, а калі паварочваецца да сваіх падначаленых — вырастае да памераў усеўладцы.
Дарэчы, у Пуціна гэтага няма, у яго іншая тактыка, бо ўсё ж такі вагавыя катэгорыі Пуціна і Лукашэнкі розныя. Вонкава ён, можа, і выглядае не так фактурна, але сам, безумоўна, зыходзіць з таго, што з’яўляецца лідарам вялікай дзяржавы, якая не прайграе ў канфліктах і шукае сабе партнёраў на роўных.
Ёсць такі баксёрскі тэрмін «punching above one's weight» — біць мацней, чым прадугледжвае твая вагавая катэгорыя. Дык вось Пуцін кіруе краінай, у якой сканцэнтраваныя вялікія рэсурсы, і яна здольная біць мацней, чым прадугледжвае яе вага.
Але Лукашэнка кіруе краінай, у якой няма такога патэнцыялу, таму яму толькі і застаецца — ліслівіць перад моцнымі і адрывацца напоўніцу на сваіх падначаленых.
Гэтыя яго «тыканні», гэты стыль вельмі характэрныя. Ён самаўцвярджаецца коштам прыніжэння іншых.
Але тады ён не можа не разумець, што ёсць і тыя, хто будзе самаўцвярджацца на ягоным фоне тым самым чынам. Што і прадэманстравала ШАС адносна Лукашэнкі. Яму гэта гэтаксама можа не падабацца, але ён нічога не зробіць.
— Тым не менш ён пафасна і эмацыйна ў сваіх выступленнях ставіць сябе ў адзін шэраг з лідарамі іншых краін.
— Тут узгадваецца гісторыя пра каня, які ідзе з пахоты, і на ім сядзіць муха. Другая муха ў яе пытаецца: «Ты адкуль?», а тая адказвае: «Мы аралі».
Як бы Лукашэнка ні ставіў сябе ў адзін шэраг з лідарамі іншых дзяржаў — сябраў ШАС, у гэтым шэрагу ён роўным не стане. Пэўны, што яму гэта не падабаецца.
Адно — выглядаць на фота сціпла седзячым на фоне Эрдогана, але ж бываюць і эксцэсы: узгадайце, як Пуцін вясной прымусіў яго купацца ў халодным Чорным моры. Наврад ці яму хацелася і спадабалася, але ён вымушаны прымаць гэтыя правілы гульні.

З аднаго боку, ён можа казаць «мы», падкрэсліваючы сваю прыналежнасць да вялікай арганізацыі, а з другога — давядзецца падтакваць і падлізвацца.
І паколькі ён яшчэ чалавек такі фактурны, высокі, карпулентны, яму цяжка стаць маленькім і незаўважным, асабліва на фоне Пуціна.
І гэта таксама выклікае, прынамсі, эстэтычны дыскамфорт. Думаю, калі б ён мог пры сустрэчы з Пуціным паменшыцца, ён бы паменшыўся.
— Ці спраўдзяцца ў цэлым чаканні Лукашэнкі ад удзелу ў ШАС і чаго ён насамрэч хоча, апроч піару?
— Для яго сам факт, што Беларусь пасля столькіх гадоў, калі яе трымалі ў прадбанніку, прынялі ў ШАС, безумоўна, падзея, якую ён прадае і будзе прадаваць унутры краіны.
Адсюль і яго пафасная прамова, якая была нібыта пра нешта глабальнае і ні пра што: вось гэта мы, у нас праблемы бяспекі, мы мусім разам.
Як мне падалося, рэальны пасыл быў такі: вялікія дзядзькі, вы ж урэшце мусіце мяне абараняць, мы ж усе разам, чаго ж вы мяне не абараняеце?
— Шэраг экспертаў лічыць, што ў ШАС Лукашэнка таксама шукае магчымасць хаця б часткова выйсці з залежнасці ад Крамля.
— Думаю, што ў яго сапраўды ёсць такі разлік. ШАС — гэта любімае дзіця Кітая, гэта не расійскі праект. Расія заўсёды адчувала сябе больш камфортна ў АДКБ.
Вядома, для Лукашэнкі гэта рост — ад АДКБ, маленькай арганізацыі, дзе дамінуюць расіяне, да ШАС, вялікай арганізацыі, дзе дамінуе Кітай.
І Пакістан, дарэчы, у дадзеным выпадку ідзе ў тым самым кантэксце, бо ён блізкі да Кітая. Таму кантакты з ім — гэта і яшчэ адзін спосаб падкрэсліць прыхільнасць да Кітая, і імкненне крыху пашырыць свой «акопчык».
Вядома, Лукашэнка хоча большай увагі з боку Кітая, каб пашырыць сваё поле для манеўру.
Але праблема ў тым, што ён сапраўды можа назбіраць дастаткова піару, атрымаць прыгажэйшую карцінку, прамовіць прамову, толькі вось ШАС цяпер вельмі вялікая і, адпаведна, вельмі інэртная арганізацыя.
У ёй сабраліся краіны з велізарнай колькасцю супярэчнасцяў адна да адной — перадусім маю на ўвазе гэты трохкутнік — Кітай, Індыю і Пакістан, у якіх разыходжанняў больш, чым таго, што іх аб’ядноўвае.
У прынцыпе ШАС і раней у большай ступені была арганізацыяй рэгіянальнага эканамічнага супрацоўніцтва; гэта не надта актыўны сусветны гулец.
Выпрацоўваць у ёй адзіную пазіцыю, якая была б дзейснай, у тым ліку на падтрымку любога з яе членаў, хай то Расія ці Беларусь, аб’ектыўна вельмі цяжка.
Дарэчы, там 10 членаў, а далей пачынаюцца партнёры па дыялогу, прычым зусім розныя — ад Камбоджы да Катара; яшчэ каля 15 краін з’яўляюцца назіральнікамі, ёсць краіны, што толькі падалі заяўку на статус назіральніка. Іх нават пералічыць усіх немагчыма. Пра што тут наогул можна гаварыць?
Таму і вынікаў ніякіх чакаць не варта ад такога ўдзелу. Лукашэнка туды ўхожы, і яму прыемна. Але гэта ўсё.
— Прыемна паседзець на краёчку канапы з Эрдоганам?
— Дарэчы, калі казаць не толькі пра фота, а ўвогуле, то сапраўды прыкметна, наколькі мацнейшым стаў Эрдоган і слабейшымі — усе астатнія.
Усё, што там было, для яго нават не хвіліна славы — ён успрымае гэта як належнае. Ён не ўспрымае гэта як дасягненне. Ён кіраўнік вялікай краіны, моцнай рэгіянальнай дзяржавы, і яго гэта цалкам задавальняе.
Яму не трэба ўступаць у ШАС, каб быць моцным і паважаным. І Турцыя не член ШАС, а толькі партнёр па дыялогу.
Гэта падкрэслівае, што тваё месца ў свеце вызначае тваё месца ў арганізацыі, а не наадварот, калі твая вага ў арганізацыі вызначае тваю вагу ў свеце.
Гэта не парадокс, гэта правіла: калі ты вялікі і моцны, як Эрдоган, з табой і так усе будуць лічыцца. А калі ты маленькі і слабы, дык у якую б арганізацыю цябе ні прынялі, успрымаць цябе як сур’ёзнага гульца ўсё роўна ніхто не будзе.
— Вы ўжо ўзгадалі Пакістан у кантэксце саюзніка Кітая. Тым часам Лукашэнка не ўпершыню настойліва наладжвае кантакты з гэтай краінай.
— Думаю, што тут галоўны аспект эканамічны. Ён не выпадкова сказаў, што ў іх тавараабарот прасеў на 20%. Гэта тое, пра што ён хоча гаварыць.
Потым пытанне з недахопам працоўных рэсурсаў на рынку ў Беларусі па-ранейшаму не закрыта. І Лукашэнка, відаць, не губляе надзеі прыцягнуць 150 тысяч пакістанцаў.
Аднак калі б у гэтым плане намячалася нешта сур’ёзнае, яно б спраўдзілася і без ШАС.
Але Беларусі, аб’ектыўна, складана выбудоўваць стратэгію прасоўвання экспарту на так званай «далёкай дуге», бо, скажам, увесь глабальны Поўдзень паводзіць сябе, як у старым анекдоце пра публічны дом: калі адзін кліент заяўіў «Будзе толькі так, як я хачу», усе разбегліся, адна дзяўчына рызыкнула, а праз хвіліну выскачыла ашалелая і патлумачыла, чаго ж ён хацеў: «Ён хацеў бясплатна».
Так і тут. Усе падобныя краіны хочуць, каб ім далі трактары ў крэдыт, а потым яшчэ і абслугоўвалі ў крэдыт, як пры Савецкім Саюзе. А яны, можа, гадоў праз 20 нешта і заплоцяць.
І калі Кітай можа такім чынам прасоўваць сваю стратэгію наращвання залежнасці, дык Беларусь — не, бо ў Беларусі няма грошай.