Крызіс маршрутак у Слуцку: Купіць білет, каб паехаць выкупіць квіток
6- 6.03.2018, 21:35
- 16,890
Жыхарам Слуцка новаўвядзенні даставілі масу праблем.
Пра свой намер працаваць у ДП «Мінаблпасажыртранс» заявілі усяго блізу дзясятка чалавек. Астатнія прыватныя перавозчыкі шукаюць магчымасці пазбегнуць новаўвядзенняў.
На стаянцы аўтавакзала пустыя мікрааўтобусы. Прыватнікі, якім давялося спыніць паездкі праз новаўвядзенні ў перавозках, паставілі транспарт яшчэ 27 лютага.
- Хочам паказаць людзям, што мы нікуды не зніклі, мы ёсць, мы хочам і можам працаваць, але нам не даюць, - распавёў Млын.by прадстаўнік адной са слуцкіх службаў міжгародніх перавозак.

Мы не хочам нічога даводзіць, кажуць перавозчыкі. І просяць толькі, каб ім далі магчымасць працаваць, як раней.

- У нас ужо адладжаная схема: распрацаваныя зручныя маршруты, расклад, наладжаны сэрвіс. Усё для людзей. Ёсць пастаянная кліенцкая база, індывідуальны падыход да кожнага чалавека. Па тэлевізіі сказалі, што ў маршрутак колы адвальваюцца на хаду. Але гэта лухта! За сваімі машынамі, набытыя за крэўныя грошы, мы сочым лепш, чым любы кіроўца за аўтобусам у аўтапарку. Хуткасныя рэжымы парушаем? Таксама няпраўда! Таму што мы ведаем, колькі ўвагі нам надае транспартная інспекцыя і ДАІ, а таму «патрапіць» на радар і заплаціць штраф з уласнай кішэні нікому не хочацца. Ды і, гледзячы на парушэнні Правілаў дарожнага руху, нашы пасажыры не маўчалі б. Нават мясцовыя ўлады падкрэсліваюць, што нараканняў да нашай працы не было. Навошта тады былі патрэбныя ўсе гэтыя перамены? - выказваюць сваё меркаванне кіроўцы слуцкіх маршрутак.

Між тым, аўтобусны парк №2 Слуцка таксама стараецца адпавядаць запытам пасажыраў. З райцэнтра ў пасёлак Бараўляны, дзе знаходзіцца Менская абласная клінічная бальніца, рана пусцілі прамы аўтобус. Акрамя таго, цяпер транспарт, які ідзе ў кірунку Слуцк - Менск, забірае пасажыраў не толькі з аўтавакзала, але і з некалькіх гарадскіх прыпынкаў. Праўда, для гэтага трэба загадзя забраніраваць і выкупіць квіток у касе, што выклікае масу нязручнасцяў.
Сяргей Смірноў - студэнт-трэцякурснік аднаго з менскіх ВНУ. Са сталіцы ў Слуцк ездзіць амаль кожныя выхадныя, так што для яго адсутнасць маршрутак - асабліва вострая праблема.
- Не магу сказаць, што мы зусім адрэзаныя ад сталіцы. Аўтобусы з вакзала ходзяць досыць часта, яны зручныя, цёплыя, кошт квітка нават ніжэйшы, чым у маршрутчыка. Але праблем стае. Напрыклад, большасць рэйсаў на Менск – спадарожныя, купіць білет можна толькі па прыбыцці, а значыць не факт, што месцы свабодныя будуць, магчыма, прыйдзецца чакаць наступнага аўтобуса. Ды і сама схема - прыехаць на вакзал, выкупіць білет, а потым толькі ехаць па сваіх справах - вельмі складаная! Маршруткі ў гэтым плане значна зручнейшыя. Так што я з нецярпеннем чакаю аднаўлення іх працы, - дзеліцца Сяргей Смірноў.
Яшчэ больш адсутнасць маршрутак адбілася на жыхарах вёсак. На гарачую лінію звярнулася Святлана з вёскі Грэск Слуцкага раёна. Дзяўчына часцяком па справах ездзіць у Менск, цяпер жа дарога выклікае масу нязручнасцяў.
- Раней патэлефануеш у маршрутку, замовіш машыну хоць за паўгадзіны да ад'езду - і ніякіх праблем. Кіроўца мяне заўсёды забіраў з прыпынку ў вёсцы Ленькі, што за 5 кіламетраў ад Грэска, мне не трэба было ехаць у Слуцк і адтуль садзіцца на аўтобус. Так, на аўтавакзале таксама робяць бронь квіткоў праз тэлефон, але іх жа трэба абавязкова ехаць і выкупляць! Для гэтага мне трэба а 7 гадзіны раніцы сесці на рэйсавы аўтобус у сваёй вёсцы, прыехаць у Слуцк, выкупіць білет і 7 гадзін правесці на вакзале ў чаканні зваротнага аўтобуса да маёй вёскі. Фактычна забіць на куплю білета цэлы дзень. І кошт праезду замест 6 рублёў, што я плаціла маршрутчыку, разам з выдаткамі на дарогу да вакзала вылятае амаль у 10 рублёў! Так, мяне аўтобус назаўтра забярэ ад Ленькі, але колькі сіл, часу і грошай для гэтага трэба выдаткаваць! - абураецца Святлана.