Самыя дарагія канфіскаваныя аўто, якія прадае кіраўніцтва справамі Лукашэнкі
7- 16.04.2018, 10:58
- 27,548
На сайце канфіскату можна знайсці нават Bentley.
Грошай, якія за яго просяць, хапіла б, каб набыць цэлы паверх у панэльнай новабудоўлі ў Баранавічах, піша intex-press.by.
Рэалізацыяй аўтамабіляў, канфіскаваных і накіраваных у прыбытак дзяржавы (у тым ліку ў Баранавічах), у Беларусі займаецца сэрвісна-гандлёвае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Гандлёвы дом “Усходні”», якое належыць кіраўніцтву справамі Лукашэнкі. На сайце прадпрыемства прадаецца блізу 400 транспартных сродкаў – ад матацыклаў да грузавікоў.
Самы танны легкавы аўтамабіль, які можна знайсці на сайце, – Opel Ascona. З іржавым кузавам і выцертым салонам, але на хаду. І каштуе ён танней, чым камплект новай гумы да яго – блізу 90 даляраў у эквіваленце.
А вось самы дарагі легкавік каштуе прыкладна ў 1700 разоў даражэй.
ТОП-5 дарагіх канфіскаваных легкавых аўтамабіляў
Bentley Brooklands 2008 года выпуску. Бензінавы рухавік, аўтаматычная скрынка перадачаў, аўтамабіль на хаду. Кошт – блізу 158 тысячаў даляраў у эквіваленце.
Bmw Х5 (M 50d, Xdrive 40d, Xdrive 30d) 2016 года выпуску. Дызельны рухавік, скрынка-аўтамат, усе машыны не на хаду. Кошт – 48–53 тысячы даляраў у эквіваленце.
Lexus Lx 570 2012 года выпуску. Бензінавы рухавік, скрынка-аўтамат. Аўтамабіль на хаду. Кошт – 46,5 тысячы даляраў у эквіваленце.
Mercedes-Benz Glc 2017 года выпуску. Дызель, скрынка-аўтамат, не на хаду. Кошт – блізу 35,5 тысячы даляраў у эквіваленце.
Cadillac Escalade 2012 года выпуску. Бензінавы рухавік, аўтаматычная скрынка перадачаў, на хаду. Кошт – каля 32,6 тысячы даляраў у эквіваленце.