26 красавiка 2024, Пятніца, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сцяпан Грыгаран: Сітуацыя ў Арменіі сёння вельмі нагадвае Беларусь

15
Сцяпан Грыгаран: Сітуацыя ў Арменіі сёння вельмі нагадвае Беларусь
Сцяпан Грыгаран

Пратэсты ў Арменіі носяць агульнанацыянальны характар.

Пра гэта сайту Charter97.org распавёў навуковец-фізік, адзін з лідараў дэмакратычнага руху ў Арменіі ў 1990-х гадах, былы дэпутат Вярхоўнага Савета рэспублікі і былы пасол Арменіі ў Расеі Сцяпан Грыгаран, каментуючы масавыя пратэсты ў Арменіі:

- Мітынгі ў Арменіі ідуць ужо некалькі дзён, а цяпер яны набылі велізарны маштаб. На шчасце, ахвяраў няма, але сутыкненні ўжо былі. Мне здаецца, што менавіта беларусы могуць вельмі добра адчуць атмасферу таго, што адбываецца ў нашай краіне.

У Арменіі заўсёды быў высокі ўзровень свабоды, нягледзячы нават на праблемы з правамі чалавека. На працягу літаральна апошніх двух гадоў з боку ўладаў і кіруючай партыі прасочваецца тэндэнцыя вельмі падобная на тую, якая адбываецца ў Беларусі. Гэта значыць, улада хоча ўсё татальна ўзяць у свае рукі. У апошнія гады вельмі ўзмацнілася тэндэнцыя аднапартыйнасці, калі ўсё дыктуе адна партыя.

Хачу адзначыць, што барацьба, якая цяпер ідзе, накіраваная не толькі супраць таго, каб Серж Саргсян стаў на чале дзяржавы трэцім разам. Бо ён ужо два разы быў прэзідэнтам, а цяпер нашы ўлады змянілі палітычную сістэму з прэзідэнцкай на парламенцкую і ён хоча стаць прэм'ер-міністрам. Хоць Саргсян некалькі гадоў таму афіцыйна заявіў, што праводзіць рэформы не для таго, каб у трэці раз стаць прэзідэнтам ці прэм'ерам.

Мы таксама змагаемся супраць рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. У Арменіі цяпер цяжкая сітуацыя: у нас велізарная колькасць палітвязняў, карупцыя, алігархія бясчынствуе. Уяўляеце, якую небяспеку ўяўляе тое, калі Саргсян трэцім разам стане на чале краіны?! Хачу падкрэсліць, што людзі катэгарычна супраць, каб Серж Саргсян і ягоная партыя працягвала кіраваць.

Наша сітуацыя цяпер вельмі падобная на беларускую. Арменія хутка ідзе да жорсткага аўтарытарызму. Я б сказаў так: у нас быў мяккі аўтарытарызм, а цяпер жорсткі. І пратэсты цяпер - гэта барацьба супраць гэтай з'явы.

- Што, на ваш погляд, трэба цяпер рабіць?

- Вельмі важна, што людзі паверылі апазіцыі і выйшлі на пратэст. Адна справа мітынг, у якім удзельнічае 2-3 тысячы чалавек, а іншая справа, калі дзесяткі тысяч выходзяць на вуліцы.

Цяпер увесь Ерэван паралізаваны, людзі ў розных кутках горада перакрываюць дарогі. Увогуле, пратэсты носяць агульнанацыянальны характар. Усё вельмі сур'ёзна. Падкрэсліваю, пратэстуюць не прыхільнікі апазіцыі, пратэст - агульнанацыянальны.

Я думаю, што ў гэтай сітуацыі ўлады безумоўна павінны адступіць, інакш пральецца кроў. Улады могуць на гэта пайсці. З боку ж мітынгоўцаў акцыя абсалютна мірная. Людзі блакуюць парламент і іншыя афіцыйныя ўстановы, але ўсё робіцца мірна. Тут вельмі важна, каб улады цяпер падумалі, ці варта ісці на абвастрэнне і ўжываць сілу, таму што такія рэчы проста так не праходзяць.

Хачу адзначыць, што я звярнуўся да новага прэзідэнта Арменіі. У парламенцкай сістэме ён мае мала функцый, але можа быць пасярэднікам у такой сітуацыі. Думаю, што ён павінен заступіцца за мітынгоўцаў.

Пры ўсім гэтым мяне дзівіць бяздзейнасць еўрапейскіх інстытутаў, ЗША. У нас велізарная колькасць пасольстваў, але ўсе маўчаць!

Такое ўражанне, што Еўропы і Амерыкі тут няма і гэта выклікае ў мяне вялікую занепакоенасць. Думаю, што цяпер аўтарытэтныя СМІ павінны распаўсюджваць інфармацыю і сказаць сваё слова. Вельмі дзіўна, што Дзярждэп і Еўрапейская камісія не зрабілі заяў. А бо ў Арменіі адбываецца вельмі сур'ёзны працэс. Ужо сёння было некалькі сутыкненняў, але лідары апазіцыі не пускаюць людзей адказваць на бязладдзе ўладаў.

Куды глядзяць еўрапейскія дыпламаты, міжнародныя арганізацыі? Яны ж падпісалі з армянскімі ўладамі дамовы аб супрацоўніцтве, уключаючы пагадненне ЕЗ з Арменіяй, дзе ўлады нашай краіны ўзялі на сябе абавязанні не прымяняць сілу да мітынгоўцаў. Тады хай не падпісваюць такія дамовы! Сапраўды гэтак жа і ЗША робяць розныя праекты. То бок, гэта іх прамое абавязанне: не ўмешвацца ў палітычны працэс, але сваё слова сказаць.

Хачу адзначыць, што ваш сайт вельмі дапаможа нам у распаўсюдзе інфармацыі, бо міжнародная супольнасць павінна ведаць, што цяпер адбываецца ў Арменіі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках