26 красавiка 2024, Пятніца, 9:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На якія курорты беларусы могуць танна злятаць з Польшчы і Літвы

3
На якія курорты беларусы могуць танна злятаць з Польшчы і Літвы
ФОТА: WIKIPEDIA

Падарожнічаць лепш нядорага.

Якімі ні былі б нашы прыбыткі, падарожнічаць хочуць усё, і пажадана нядорага: хто з нас не чакаў гарачых тураў, не даведваўся пра ранняе браніраванне і не бавіў час у аўтобусе, каб вылецець з краінаў-суседак? Калі вы прывыклі планаваць свой адпачынак самастойна і дзеля эканоміі гатовыя ахвяраваць камфортным вылетам з Менска ці іншага беларускага горада (дарэчы, нашы рэгіянальныя аэрапорты прапануюць усё больш рэйсаў на курорты), вам варта звярнуць увагу на маршрутную карту лоўкост-перавознікаў, якія даўно асталяваліся ў аэрапортах суседніх з намі краінаў.

TIO.BY надумаў паглядзець, на якія курорты беларусы могуць паляцець у гэтым сезоне з бюджэтнымі перавознікамі з Вільні і Варшавы.

Як вядома, моцны бок лоўкостараў – гэта іх нізкія кошты. Але гэта не заўсёды так. Бывалыя вандроўцы ведаюць, што кошт квіткоў нават на суседнія даты можа адрознівацца ў дзясяткі разоў, а паляцець, напрыклад, у Барселону за 10 еўраў – вялікі поспех. Тым не менш, нізкія кошты ёсць, а лоўкостары часта праводзяць распродажы ўсіх гатункаў: ад даволі рэгулярнай акцыі «толькі сёння – 20% на ўсе рэйсы перавозніка» да доўгачаканай восеньскай «чорнай пятніцы». Вынік: шмат квіткоў да 100 еўраў (у тым ліку на папулярныя і няблізкія кірункі), якія перыядычна разбаўляюцца прыемнымі лічбамі 10, 15, 25 еўраў.

Мы не адмаўляем прыгажосць летніх Парыжа або Мілана, але для спісу былі абраныя толькі курортныя гарады (у тым ліку цікавыя курорты, якія яшчэ не на слыху ў нашых суайчыннікаў). Таксама ў табліцах пазначаны толькі варыянты з прамымі пералётамі са сталіц краінаў-суседак: да Вільні і Варшавы ж таксама яшчэ трэба дабрацца, і гэта адымае пэўную колькасць часу і сілаў.

Таксама адразу адзначым, што некаторыя пералёты будуць даступныя толькі з пачатку сезону (напрыклад, з чэрвеня – гэта паказана ў табліцы), але квіткі можна набыць ужо цяпер. Калі ж у спісе пазначаны толькі дні тыдня, значыць, курорт ужо можна наведаць, усе рэйсы даступныя: выбіраеце прыдатны дзень (хоць сёння!), набываеце квіткі – і апынаецеся ў цёплых краях ужо ў выходныя. Але майце на ўвазе надвор'е і сезоннасць: некаторыя напрамкі адкрытыя круглы год, але цяпер, у сакавіку-красавіку, там можа быць яшчэ халаднавата. Што тычыцца рэйсаў у верасні-лістападзе, іх лепш удакладняць на сайце авіяперавознікаў: некаторыя палётныя праграмы да гэтага часу ўжо сканчаюцца альбо, наадварот, квіткі на рэйсы могуць быць яшчэ не даступныя з якіх-небудзь прычынаў.

З Вільні

У аэрапорт Вільні – так званы «Менск-3» – ходзіць вялікая колькасць як дзяржаўных, так і прыватных аўтобусаў. Правёўшы у дарозе пару-тройку гадзінаў і выдаткаваўшы 20–25 рублёў (у перыяд акцый і таго менш), можна хутка дабрацца да ўсімі любімай Вільні.

Літоўскі Каўнас размясціўся крыху далей ад Беларусі, чым Вільня, але дзякуючы Ryanair можа даць фору сталічнаму аэрапорту, прапаноўваючы пералёты ў Бургас, Пафас, Эйлат, Тэль-Авіў, Неапаль, Рыміні, Алікантэ, Барселону, а таксама на Мальёрку і Радос. Дарэчы, з Менска ў аэрапорт Каўнаса два разы на дзень ходзяць прамыя аўтобусы «Менсктранса», кошт – 30 рублёў. Некаторыя прыватныя кампаніі таксама прапануюць трансфер з Менска да каўнаскага аэрапорта.

З Варшавы

Вядома, для беларуса заўсёды хутчэй і танней прыехаць у аэрапорт Вільні, але так ужо атрымалася, што курортных маршрутаў з Варшавы ў разы больш. Асабліва тут вызначыліся Італія і Гішпанія. Высветлілася, беларусы могуць нядорага паляцець не толькі ва ўжо ўпадабаныя Рыміні, Неапаль і Алікантэ, але і на такія цікавыя і нязвыклыя нам курорты, як Ламецыя-Тэрме і Сантандэр.

Як бачыце, варыянтаў паляцець з Варшавы мноства. Больш за тое, часта бывае так, што на адзін і той кірунак дні вылетаў з Вільні і Варшавы не перасякаюцца, і гэта дазволіць выбраць амаль любы тэрмін для падарожжа, паколькі беларусам даволі зручна вяртацца ў любы з двух гарадоў. Напрыклад, у далёкае Марока з Вільні можна трапіць у сераду або нядзелю, а з Варшавы – у аўторак ці суботу. Ведаючы той факт, што самалёты лоўкостараў выконваюць рэйсы туды і назад у адзін і той жа дзень (дні вылету – гэта адначасова тыя дні, калі вы можаце вярнуцца), можна скласці паездку самай рознай даўжыні. Да таго ж, Wizz Air і Ryanair выдатна «страхуюць» адзін аднаго: дні, калі не лётае адзін перавознік, часта выбірае для сваіх палётаў іншы. Што тычыцца суседняй Рыгі, адтуль лётаюць абодва лоўкостары, але курортных варыянтаў не вельмі шмат: Эйлат, Бургас, Пафас, Тэль-Авіў, Бары, Мальта і Барселона. Таксама варта адзначыць, што акрамя тыпова «пляжных» лакацый лоўкостараў прапаноўваюць і іншыя цікавыя цёплыя напрамкі: напрыклад, Іарданію з Вільні (выконвае Ryanair).

З якіх яшчэ польскіх гарадоў можна паляцець на курорты?

Польскія гарады – сапраўдны скарб для тых, хто хоча выправіцца на адпачынак бюджэтнага варыянту. Праўда, дабірацца да іх яшчэ далей, чым да Варшавы, але, як той казаў, мы проста пакінем гэта тут: на кожны рэйс знойдзецца свой падарожнік. Тым больш, некаторыя напрамкі, недаступныя з Варшавы, можна знайсці сярод прапановаў рэгіянальных аэрапортаў: напрыклад, Палерма (з Уроцлава), Пафас і Марсэль (з Кракава).

Такім чынам, лідарам у колькасці напрамкаў – пасля Варшавы, зразумела, – з'яўляецца Кракаў. Тут перавознік Ryanair зрабіў даступнымі для палякаў (і беларусаў!) больш за 20 кірункаў, як Бургас, Пафас, Ханьян, Эйлат, Тэль-Авіў, Кальяры, Ламецыя, Марсэль, Неапаль, Пескара, Трапані, Мальта, Лісабон, Порту, Алікантэ, Барселона, Гран-Канары, Малага, Мальёрка, Севілья, Тэнэрыфе, Валенсія, а таксама экзатычны афрыканскі Маракеш.

З Уроцлава можна трапіць: з Wizz Air – у Порту, Бары і Агадыр, а з Ryanair даступныя Ханьян, Тэль-Авіў, Неапаль, Палерма, Мальта, Падгорыца, Фару, Лісабон, Алікантэ, Барселона, Малага, Мальёрка і Тэнэрыфе. Вялікую разнастайнасць курортных варыянтаў прапануе Катавіцэ: Бургас, Спліт, Ларнака, Эйлат, Тэль-Авіў, Альгера, Бары, Катан, Неапаль – гэта ўсё з Wizz Air, а таксама Корфу і Ханьян з Ryanair.

З Любліна можна паляцець у Тэль-Авіў з Wizz Air, а з Познані з Ryanair даступныя Корфу, Эйлат, Тэль-Авіў, Мальта, Алікантэ і Валенсія, а таксама Барселона (і з Wizz air, і з Ryanair). З Гданьска можна нядорага трапіць у Барселону і Лісабон з Wizz Air альбо ў Эйлат, Тэль-Авіў, Неапаль, Мальту і Алікантэ з Ryanair.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках