26 красавiка 2024, Пятніца, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вандроўныя сацыёлагі»: Беларусы паважаюць шляхетнасць

5
«Вандроўныя сацыёлагі»: Беларусы паважаюць шляхетнасць

Як Беларусь здзівіла расейскіх сацыёлагаў.

Сацыёлагі з Расеі Сяргей Барысаў і Юлія Юшкова-Барысава праз экспертныя інтэрв'ю правялі даследаванне пра ўплыў культуры і ментальнасці беларусаў на сучасныя працэсы будаўніцтва дзяржавы, аформленае ў кнігу «Зразумець Беларусь. Запіскі вандроўных сацыёлагаў», піша «Заўтра тваёй краіны».

Аўтары сустрэліся з 44 рэспандэнтамі – прадстаўнікамі навукі, адукацыі, літаратуры і мастацтваў, медыя, рэлігійных канфесій з Менска, Віцебска, Гародні, Полацка, Берасця і Нясвіжа.

Сацыёлагі хацелі разабрацца, наколькі праўдзівыя стэрэатыпы расейцаў пра тое, што Беларусь застаецца самай саветызаванай краінай рэгіёну, малодшай сястрой Расеі, а таксама зразумець, як жа бачаць і вызначаюць сябе самі беларусы. Аўтары даследавання прыйшлі да высновы, што стэрэатыпы збольшага праўдзівыя. Але ўсё не так проста.

– У Беларусі мы ўбачылі арыгінальную нацыю са сваім непаўторным абліччам, характарам, лініяй лёсу, наборам сістэмаўтваральных якасцяў і атрыбутаў, – адзначаюць аўтары ў сваім даследаванні.

Асноўнай якасцю, якая вылучае беларусаў, яны называюць «памяркоўнасць».

– Гэтая якасць выпрацавалася ў беларусаў гістарычна. Гэта растварэнне сябе ў жыцці, у навакольным асяроддзі і адначасова гэта растварэнне навакольнай рэчаіснасці ўнутры сябе. У той самы час гэта спосаб ціску на навакольнае асяроддзе, – мяркуе Юлія Юшкова-Барысава.

Акрамя прамога значэння, аўтары звязваюць гэтае вызначэнне з сацыяльнасцю, адаптыўнасцю, здольнасцю беларусаў берагчы намаганні, калі няма неабходнасці прымаць тэрміновую пастанову, чакаць, пакуль не надта камфортная сітуацыя зменіцца сама. Ці ж уплываць на яе «мякка», без кардынальных крокаў.

Сацыёлагаў здзівіла прынцыпова адрознае ад расейцаў стаўленне беларусаў да свету памерлых. Калі ў расейскай культуры мёртвых баяцца і імкнуцца ад іх дыстанцыявацца, то ў Беларусі даследчыкі ўбачылі сталы зварот да памерлых па параду, звязванне свайго меркавання з жыццём продкаў, сваякоў.

– Хутчэй за ўсё, гэта тлумачыцца многімі стратамі, якія несла кожнае пакаленне беларусаў – стасункі з памерлымі і аб'яднанне двух светаў дазваляла не адчуваць сябе самотнымі, – мяркуе Юлія Юшкова-Барысава.

Сацыёлагі таксама высветлілі, што беларусы паважаюць «шляхетнасць».

– Шляхецтва хоць і мутавала, не толькі існуе – яно з'яўляецца адным з сістэмаўтваральных сацыяльных чыннікаў, – адзначае Сяргей Барысаў.

Аўтары даследавання падкрэсліваюць, што ў беларусаў прыкметны ўплыў розных культураў: як усходніх, так і заходніх. І беларускасць – гэта адна з частак, якія вызначаюць асобу, а не паноўнае вызначэнне нацыянальнай прыналежнасці. Беларускасць нібы рашчыненая ў людзях, і ў залежнасці ад сітуацыі яна выяўляецца ў большай ці меншай ступені. Даследчыкі звязваюць гэта з звычкай лавіраваць паміж рознымі навязвальнымі культурамі і правіламі, якая дазваляла беларусам падладжвацца пад вонкавыя чыннікі, не страчваючы цалкам свайго «я».

Пры гэтым вылучаецца еўрапейскасць беларускай культуры. Культурны вектар будучыні беларусаў, хутчэй, еўрапейскі, адзначаюць даследчыкі. Беларусы, на іхнюю думку, чакаюць, калі палітычныя і інтэлектуальныя эліты прапануюць зручнае выйсце.

– Чакаць і трываць Беларусь умее лепш за многіх, – адзначае Сяргей Барысаў.

Але цяпер, мяркуе сацыёлаг, беларуская адметнасць адкладаць пастанову, якая шмат стагоддзяў дапамагала народу выжываць, больш выступае тормазам, чым драйверам.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках