19 сакавiка 2024, aўторак, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз 30-40 гадоў з'явяцца пенсіянеры новага тыпу

16
Праз 30-40 гадоў з'явяцца пенсіянеры новага тыпу

Навукоўцы распавялі, якімі будуць людзі будучыні.

Пастарэлае пакаленне X і міленіялы выявяць сябе ў гарадах, якія самі і пабудавалі. Жыццёвыя каштоўнасці гэтых двух пакаленняў вельмі адрозніваюцца ад каштоўнасцяў іх бацькоў: яны пазней ствараюць сям'ю, пазней заводзяць дзяцей, сочаць за сваім здароўем. Акрамя таго, у іх хутка знікае да ўсяго інтарэс: яны прывыклі прагортваць стужку сацыяльных сетак і хутка схопліваць інфармацыю. Сацыёлагі і футуролагі ўжо цяпер робяць прагнозы, як будуць жыць пенсіянеры ў гарадах будучага, піша etcetera.media.

ГАРАДСКІЯ ЖЫХАРЫ. Дзякуючы дасягненням сучаснай медыцыны пенсійны ўзрост, хутчэй за ўсё, будзе адсунуты і людзі будуць даўжэй працаваць. Мала таго, пенсіянеры будучага самі гэтага захочуць, таму што будуць актыўнымі гарадскімі жыхарамі. Тэндэнцыя да павелічэння насельніцтва гарадоў прасочваецца ўжо цяпер. Колькасць пажылога насельніцтва расце і да 2050 года вырасце настолькі, што пажылымі будуць блізу 30% насельніцтва планеты.

НЯМА КАЛІ АДПАЧЫВАЦЬ. Людзі, якія будуць пажылымі праз 30 гадоў, будуць вельмі шмат працаваць, позна прыходзіць дадому, тры-чатыры разы на год з'язджаць адпачываць. Магчыма, яны будуць заўсёднікамі фітнес-клубаў, карыстацца сацыяльнымі сеткамі, катацца на роварах у парку.

Існуе стэрэатып, што пажылыя людзі - кансерватыўныя. На самай справе вельмі многія даследаванні кажуць, што ўжо цяпер гэта не так. Наадварот, калі чалавек пражыў яркае, насычанае жыццё, калі ён шмат выязджаў у розныя краіны, то ён назапасіў столькі досведу, што становіцца талерантным да веравызнання і ладу жыцця навакольных.

Футуролагі сцвярджаюць, што ў актыўных пажылых людзей будучыні проста не будзе іншага выбару. Магчыма, яны і захочуць ляжаць на канапе і піць таблеткі ад ціску, але гэтага не здарыцца, таму што яны будуць працаваць, кіраваць аўтамабілямі і карыстацца гаджэтамі.

ДАМЫ АКТЫЎНЫХ САСТАРЭЛЫХ. Для новых, актыўных пенсіянераў павінны стварацца новы асяродак. Эксперты сцвярджаюць, што ў будучыні пажылыя людзі будуць аб'ядноўвацца сем'ямі і купляць кватэры ў адным жылым комплексе. Такія дамы ўжо цяпер вельмі папулярныя ў Паўночнай Еўропе: у Швецыі і Фінляндыі. У жыхароў такіх комплексаў ёсць сад на даху, вялікая кухня на першым паверсе з залай (тут можна ладзіць сумесныя вячэры), парк з некалькіх аўтамабіляў, якім карыстаюцца ўсе жыхары.

ПЕРАДАЧА ДОСВЕДУ. Будучыя пенсіянеры змогуць перадаваць досвед маладому пакаленню, проста пражываючы побач з ім, а моладзь будзе дапамагаць старым. Падобны спосаб узаемадзеяння ўжо выпрабавалі ў Гішпаніі. Там у студэнцкім інтэрнаце стварылі жылы блок для пажылых людзей, якія часам нават наймаюць студэнтаў, каб яны дапамагалі ім насіць прадукты.

Акрамя таго, пажылыя людзі могуць пасядзець з дзіцем і паглядзець за ім. Падобнае ўзаемадзеянне праверылі ў ЗША: там аб'ядналі дзіцячыя сады і дамы састарэлых. У выніку засталіся задаволеныя ўсе - і самотныя старыя, і дзеці, якім ёсць з кім бавіць час.

ПРАЖЫВАННЕ НА ПРАЦЫ. У Сінгапуры вырашылі працаўладкаваць пажылых там жа, дзе яны жывуць. Для іх зрабілі «вертыкальную ферму»: дом уяўляе сабой сістэму вырошчвання розных культур. Хтосьці працуе, хтосьці - сядзіць на сваім балконе ў цяні: такая ферма з'яўляецца і жывой загараддзю, і тэрасай. Гэта досыць вялікі комплекс, куды ўключаны грамадскія функцыі і для жыхароў, і для горада.

УЗАЕМНАЯ ДАПАМОГА. Ужо сёння існуюць сацыяльныя мабільныя дадаткі, якія вельмі распаўсюджаны ў Еўропе. Іх ідэя ў тым, што звычайна ў кожнага ёсць некалькі хвілін вольнага часу. І калі пажылому чалавеку неабходная дапамога (напрыклад, спусціцца ў двор або купіць хлеба), то ён піша адпаведнае паведамленне ў сацыяльнай сетцы. Чалавек, які апынуўся побач, можа дапамагчы пенсіянеру. Падобнае плануюць зрабіць з таксі: калі дакладней, гэта будзе не таксі, а простыя аўтамабілісты, гатовыя падвезці пажылога чалавека ў патрэбнае яму месца. Такім чынам будзе будавацца ўзаемадзеянне людзей у горадзе.

Прагнозы сацыёлагаў могуць спраўдзіцца, а могуць так ніколі і не стаць рэальнасцю. Усе яны даволі аптымістычныя і больш падобныя на казку. Дажывём - пабачым.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках