27 красавiка 2024, Субота, 6:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Аляксандра Коржыча: Няхай галоўнакамандуючы адкажа за майго сына

22
Маці Аляксандра Коржыча: Няхай галоўнакамандуючы адкажа за майго сына
АЛЯКСАНДР КОРЖЫЧ

Маці загінулага ў Печах жаўнера не згодная з высновамі следства.

19 красавіка падчас прэс-канферэнцыі Следчы камітэт паведаміў журналістам, што паводле справы аб гібелі жаўнера Аляксандра Коржыча абвінавачанне выстаўленае тром сяржантам. Паводле версіі следства, фігуранты давялі вайскоўца да самагубства. Мама загінулага жаўнера з такімі высновамі не згодная, піша tut.by.

- Мне патэлефанавалі, сказалі, каб я з'явілася (у Менск - заўв.) і азнаёмілася з ходам папярэдняга расследавання, - распавядае жанчына.

Навіны аб заканчэнні расследавання гібелі яе сына 19 красавіка заспелі Святлану Коржыч на працоўным месцы. Як паведамілі ў СК, у якасці абвінавачаных у справе Аляксандра Коржыча прыцягнутыя тры сяржанты, якія, паводле версіі следства, давялі жаўнера да самагубства. Абвінавачаныя неаднаразова ўжывалі гвалт і збівалі Коржыча, і менавіта дзеянні вайскоўцаў пацягнулі самагубства жаўнера.

Мама загінулага з вынікамі следства не згодная. На думку жанчыны, Аляксандра Коржыча не давялі да самагубства, а забілі.

- Я пайду да Лукашэнкі. Няхай галоўнакамандуючы трымае адказ, як ён захаваў жыццё майго дзіцяці.

Нагадаем, са слоў начальніка галоўнай следчай управы СК Алега Шандаровіча, следчымі адпрацоўвалася версія забойства - але яна не знайшла пацверджання.

Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах.

Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Са слоў сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны.

10 кастрычніка следства паведаміла аб распачынанні крымінальнай справы па ч.3 арт.443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемадачыненняў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус вайскоўца, пры адсутнасці дачыненняў падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы).

Крыху пазней міністр абароны Андрэй Раўкоў скажа: «самым непрыемным» для яго стала тое, што войска «страціла» жаўнера на 7 дзён.

- Ён 7 дзён правісеў у пятлі... Я разумею, што жаўнер можа згубіцца на ноч, на некалькі гадзін, але не на 7 дзён! Таму без шкадаванняў мы адхілілі ад пасады тых, хто павінен быў весці ўлік, давялося разглядаць кадравыя пытанні, - казаў Раўкоў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках