27 красавiка 2024, Субота, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што хаваюць беларускія тралейбусы, якія выкарыстоўваюцца ва Украіне

10
Што хаваюць беларускія тралейбусы, якія выкарыстоўваюцца ва Украіне

Украіне варта было б адмовіцца ад гэтай угоды.

Два месяцы таму на вуліцы Адэсы выйшлі першыя беларускія тралейбусы з партыі ў 47 адзінак, закупленыя на сродкі ЕБРР у рамках шырокамаштабнай праграмы абнаўлення рухомага складу тралейбусных і трамвайных паркаў Украіны, піша autonews.ua.

Паводле інфармацыі Адэсгарэлектратранса, кожны тралейбус абсталяваны пандусам для пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі, месцамі доступу да Wi-Fi, аўтаномным ходам і камерамі відэаназірання. Аднак замоўчваецца інфармацыя, што такія мадэлі ўкамплектоўвацца рухавікамі, якія вырабляе РФ – краіна-акупантка. Такім чынам, украінскія гарады за еўрапейскія грошы закупляюць тэхніку, сабраную з расейскіх дэталяў, і фінансуюць эканоміку дзяржавы, якая вядзе вайну супраць Украіны.

Беларускае – звонку, расейскае – унутры

Паводле звестак электронных тэндэраў, у 2016-2018 гадах мясцовыя органы самакіравання ва Украіне замовілі 120 тралейбусаў, вырабленых ААТ «ККХ Белкамунмаш», якое знаходзіцца ў Менску. Прадпрыемства не афішуе інфармацыю аб пастаўшчыках запчастак і камплектацыі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці транспарту. Але ў красавіку 2017 года з расейскіх СМІ стала вядома, што «Белкамунмаш» падпісаў кантракт з Баранчынскім электрамеханічным заводам (БЭМЗ), які дыслакуецца ў Свярдлоўскай вобласці Расейскай Федэрацыі. Завод займаецца вырабам асінхронных цягавых электрарухавікоў для тралейбусаў. Акрамя гэтага, паводле звестак афіцыйнага сайта, БЭМЗ працуе на міністэрства абароны РФ і выконвае дзяржаўны абаронны заказ. Гэта значыць, забяспечвае расейскае войска дэталямі для вайсковай тэхнікі, якая, магчыма, ужываецца на ўсходзе Украіны супраць украінскіх вайскоўцаў.

У сувязі з падпісаннем кантракту з «Белкамунмашам», БЭМЗ паведаміў аб падрыхтоўцы да адпраўкі 10 электрарухавікоў серыі АТЧД-250-4У2. Менавіта гэтая мадэль выкарыстоўваецца ў камплектацыі тралейбусаў маркі 321, якія завозяць ва Украіну, у прыватнасці, у Адэсу. З паведамлення БЭМЗ можна зрабіць выснову, што супрацоўніцтва з «Белкамунмашам» вядзецца даўно і распаўсюджваецца не толькі на рухавікі.

Хто выйграе ад закупкі беларускіх тралейбусаў?

На сайце ААТ ККХ «Белкамунмаш» паказана, што афіцыйным дылерам завода ва Украіне з'яўляецца ТАА «БКМ-Украіна», якое размяшчаецца ў Луцку. Акрамя яго, тралейбусы «Белкамунмаша» на тэрыторыю нашай краіны перыядычна завозяць ТАА «Новыя будаўнічыя тэхналогіі-2008», ТАА «Агратэхніка» і ТАА «СП «Янікс».

Так, афіцыйны беларускі дылер «БКМ-Украіна» ўсяго толькі за год уклаў 9 кантрактаў на суму ў некалькі дзясяткаў мільёнаў грыўняў. Толькі адна дамова з камунальным прадпрыемствам Дняпроўскай гарадской рады «Дняпроўскі электратранспарт» у лістападзе 2017 года на закупку 13 тралейбусаў ацэньваецца на 72,4 млн грн. Зрэшты, гэта не самы буйны заказ кампаніі. У красавіку 2018 года яна стала пераможцай тэндэру на пастаўку 35 тралейбусаў у Івана-Франкоўск. Закупка беларускага транспарту будзе ажыццяўляцца за сродкі ЕБРР. Фактычна, мясцовыя ўлады паспрыяюць узбагачэнню расейскіх прадпрыемстваў замест таго, каб падтрымаць айчыннага вытворцу.

Іншы пастаўшчык беларускай тэхнікі ва Украіне – ТАА «СП «Янікс» – у 2016-2017 гадах таксама ўклаў шэраг кантрактаў з украінскімі транспартнікамі. Напрыклад, 13 тралейбусаў коштам 58,49 млн грн, адправіліся ў Днепр, 3 штукі коштам 12,4 млн грн і 4 штукі коштам 17,5 млн грн – у Краматорск, 4 тралейбусы коштам 17,46 млн грн – паехалі ў Сумы.

У 2017 годзе ТАА «Агратэхніка» закупіла ў ААТ «ККХ «Белкамунмаш» і завезла на тэрыторыю Украіны 8 кузаваў тралейбусаў, а таксама запасныя часткі і камплектуючыя да іх. Сярод названых дэталяў былі 8 электрарухавікоў АТЧД-250-4У2. Тралейбусы, вырабленыя з гэтых камплектуючых, якія паступілі ў роўнай колькасці ў Дэпартамент развіцця базавых галін прамысловасці Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і камунальнае прадпрыемства Сумскай гарадской рады «Электратранс».

У чэрвені 2017 года ААТ «ККХ Белкамунмаш» без пасярэднікаў выйграла электронны аўкцыён на забеспячэнне Адэсы новымі тралейбусамі. Пастаўкі пачаліся ў снежні 2017 года, закуп 47 транспартных сродкаў ажыццяўляецца за грошы ЕБРР, першыя з іх ужо курсіруюць у горадзе. Такім чынам, колькасць беларускіх тралейбусаў на вуліцах украінскіх гарадоў няўхільна расце. У выніку расце і прыбытак, які гарантавана атрымлівае краіна-акупантка за дэталі да іх.

А што з украінскімі заводамі?

Аналіз закупак сведчыць аб тым, што з 2016 года да 1 квартала 2018 года на тэрыторыю Украіны было завезена не менш за 72 беларускіх тралейбусаў, укамплектаваных агрэгатамі расейскай вытворчасці. Напрыклад, на іх устаноўленыя асінхронныя цягавыя электрарухавікі серыі АТЧД-250-4У2, выпушчаныя Баранчынскім электрамеханічным заводам. У той час як украінскія аўтапрадпрыемствы адмаўляюцца ад расейскіх дэталяў і пераходзяць выключна на ўкраінскія і еўрапейскія дэталі. Так, Крэменчугскі аўтамабільны завод «АўтаКрАЗ» у 2014 годзе знізіў закупы расейскіх дэталяў на 30%, а затым цалкам пераарыентаваўся на заходніх, кітайскіх і ўкраінскіх пастаўшчыкоў запчастак. «Багдан Мотарс» таксама цалкам адмовіўся ад расейскіх камплектуючых і дасягнуў у вытворчасці грамадскага транспарту 90% лакалізацыі, астатнія 10% патрэбаў у дэталях перакрываюць заходнія кампаніі.

Цяпер украінскія прадпрыемствы падкрэсліваюць, што ў сферы аўтамабілебудавання складваецца няпростая сітуацыя: заводы атрымліваюць вельмі мала заказаў і нярэдка проста прастойваюць. Таму ў гэтых варунках жыццёва важным з'яўляецца ўкараненне дзяржаўнай праграмы падтрымкі ўкраінскага аўтабудавання. Гэта дасць магчымасць перакрыць шлях расейскай тэхніцы на тэрыторыю краіны, а таксама паспрыяе эканамічнаму росту Украіны. Паколькі вытворчыя магутнасці дазваляюць не толькі забяспечыць патрэбы рэгіёнаў у новым транспарце, але і нарасціць экспартны патэнцыял нашай дзяржавы.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках