4 траўня 2024, Субота, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папа Францішак блаславіў семінарыю ў Пінску

Папа Францішак блаславіў семінарыю ў Пінску

Сустрэча супольнасці Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску з Папам Рымскім прайшла 18 красавіка.

18 красавіка ў Рыме адбылася спецыяльная сустрэча супольнасці Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску з Папам Рымскім Францішкам. Сустрэча прайшла ў рамках пілігрымкі семінарыстаў з нагоды святкавання 80-й гадавіны кананізацыі святога Андрэя Баболі і 100-й гадавіны біскупскага пасвячэння Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, першага біскупа Пінскага, заснавальніка семінарыі ў Пінску, паведамляе Catholic.by.

Семінарысты і святары-фарматары на чале з біскупам Пінскім Антоніем Дзям'янкам спачатку ўзялі ўдзел у агульнай сустрэчы Папы з вернікамі на плошчы святога Пятра. Пасля заканчэння агульнай аўдыенцыі адбылася спецыяльная і непасрэдная сустрэча з Пантыфікам. Вітаючы супольнасць навучэнцаў і фарматараў, Папа даў Апостальскае бласлаўленне семінарыі ў Пінску.

Фото: Catholic.by

Біскуп Дзям'янка падзякаваў пантыфіку за магчымасць сустрэчы і прадставіў яму прысутных святароў і семінарыстаў. Папа заклікаў семінарыстаў памятаць пра яго ў малітвах. У сваю чаргу рэктар семінарыі святар Андрэй Рылка запэўніў яго, што супольнасць семінарыі ў Пінску штодня моліцца за яго і дзякуе Богу за ягонае ахвярнае апостальскае служэнне.

Пілігрымка семінарыстаў праходзіла з 16 да 19 красавіка. Шлях пілігрымкі семінарыстаў і фарматараў праходзіў праз месцы служэння і культу святога Андрэя Баболі.

Гэта санктуарый у Іванаве - месцы пакутніцкай смерці святога. Таксама пілігрымы маліліся ў свяцілішчы ў Варшаве, дзе захоўваецца цела Андрэя Баболі, і ў базыліцы Іль-Джэзу ў Рыме - у касцёле ордэна езуітаў, да якога належаў нябесны заступнік Палесся. У гэтай святыні ў адмысловым алтары захоўваецца часціца мошчаў галоўнага апекуна Каталіцкай Царквы Піншчыны.

Важным момантам на шляху пілігрымкі было наведванне канфесій-магільняў святых апосталаў Пятра і Паўла ў Рыме, а таксама чатырох галоўных базілік Вечнага Горада.

Апошнім этапам пілігрымкі была святая Імша з удзелам семінарыйнай супольнасці ў Драгічыне-над-Бугам (Польшча), які ў часы атэістычных ганенняў быў цэнтрам жыцця Пінскай епархіі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках