Ларыса Геніюш: Што мы ведаем пра знакамітую паэтку і патрыётку
5- 7.04.2018, 20:38
- 15,901
Сёння - Дзень памяці вялікай беларускай паэткі, вязня сталінскіх лагераў.
Ларыса Геніюш нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў Ваўкавыскім раёне Гарадзенскай вобласці. Пасля заканчэння Ваўкавыскай гімназіі жыла з мужам-эмігрантам у Празе, дзе з'яўлялася сакратаркай прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі Васіля Захаркі.
Геніюш займалася захаваннем і ўпарадкаваннем прэзідэнцкага архіва, падтрымлівала беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў і ваеннапалонных. У Празе ў 1942 годзе яна выдала сваю першую кнігу «Ад родных ніў». 5 сакавіка 1948 года, з'яўляючыся грамадзянкай Чэхаславакіі, Геніюш была арыштаваная, а ў 1949 годзе ў Менску асуджаная на 25 гадоў пазбаўлення волі як асоба без грамадзянства.
Пакаранне адбывала ў лагерах Комі і Мардовіі. У 1956 годзе была датэрмінова вызвалена, але дагэтуль не рэабілітаваная. Пасялілася на радзіме мужа - у Зэльве, дзе фактычна знаходзілася пад хатнім арыштам, нават не маючы магчымасці пабачыць адзінага сына, які жыў у Беластоку (Польшча).
Да самай смерці - 7 красавіка 1983 года - паэтка так і не прыняла савецкага грамадзянства.