У Кіеве прайшоў марш за вызваленне ўкраінскіх зняволеных у РФ
- 19.05.2018, 21:01
- 8,648
Сярод удзельнікаў акцыі былі бацькі ўкраінскіх вайскоўцаў.
У Кіеве некалькі сотняў чалавек у суботу ўдзельнічалі ў шэсці з патрабаваннем вызваліць украінскіх грамадзян, у тым ліку вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Расеі і ў палоне ў падтрымоўваных Расеяй сепаратыстаў у Данбасе, паведамляе «Радио Свобода».

Удзельнікі акцыі, сярод якіх былі бацькі ўкраінскіх вайскоўцаў, адправіліся да амбасадаў Нямеччыны і Францыі і офіса Чырвонага Крыжа з заклікамі зрабіць на Расею ціск, каб яна вызваліла ўкраінскіх зняволеных і палонных. Гучалі лозунгі ў падтрымку рэжысёра Алега Сянцова, які абвесціў у расейскай калоніі галадоўку з заклікам вызваліць усіх украінскіх палітвязняў.


Акцыі ў падтрымку Алега Сянцова і іншых украінскіх зняволеных, асуджаных у Расеі, у апошнія дні праходзяць як у Кіеве, так і ў Маскве. У сталіцы Расеі актывісты праводзяць адзінкавыя пікеты з патрабаваннем іх вызваліць. Дырэктар конкурсных праграмаў кінафестывалю "Пасланне да чалавека" Аляксей Мядзведзеў выйшаў на пікет да Адміністрацыі прэзідэнта, патрабуючы абмяняць Сянцова.

Упаўнаважаны прэзідэнта Украіны ў справах крымска-татарскага народа Мустафа Джамілеў заклікаў Алега Сянцова і крымскага ўкраінскага актывіста Уладзіміра Балуха, які таксама трымае галадоўку ў зняволенні, "не забіваць сябе" у расейскіх турмах. Джамілеў апавёў, што нядаўна гутарыў з Балухам. Палітык заявіў актывісту, які абвесціў галадоўку, што ганарыцца ягоным учынкам, але падкрэсліў, што асуджаны павінен выйсці на свабоду жывым,

"Расея не тая краіна, у якой можна спадзявацца на гуманнасць. Тое самае я хачу сказаць і Сянцову", – падкрэсліў Мустафа Джамілеў.